У адной з вежаў беластоцкай катэдры знойдзены дакумент 120-гадовай даўніны. Гэта гісторыя стварэння храма ў Беластоку, напісаная ў лісце і закрытая ў бутэльцы.
Падчас дэмантажу дэкарацыйных элементаў на адной з вежаў выявілі гістарычны ліст. Ён быў падрыхтаваны 6 жніўня 1904 года будаўнікамі храма – распавёў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку кс. Яраслаў Гжэгорчык:
-На самай вярхушцы быў знойдзены ліст, вельмі прыгожы і эмацыйны. Ён расказвае, у вялікім скарачэнні, як узнікаў храм. Пра некаторыя рэчы мы ведалі з архіваў, з навуковых прац. Але гэта цудоўны дакумент.
У лісце сярод іншага згадваецца пра фундатараў і людзей, якія працавалі на будаўніцтве храма, але і пра цяжкасці, якія гэтаму спадарожнічалі:
-Вельмі важна, што адразу напісана, што гэты храм быў вельмі патрэбны, што было шмат захадаў, каб пабудаваць новы храм, але царскія ўлады не дазвалялі гэтага зрабіць. У выніку было вырашана павялічыць гэты маленькі касцёл, якому цяпер больш за 400 гадоў. Пашырылі так, што ўзнік такі прыгожы храм.
Як дадае ксёндз Яраслаў Гжэгорчык, у лісце ёсць таксама сведчанні шчодрасці жыхароў Беластоку:
-У канцы ёсць фрагмент, як старая жанчына, якая гадамі перасоўвалася на мыліцах, дала пробашчу Ірхаму Шварцу перадала ў завязанай хусце ўсе свае грошы. Напісана, што гэта было 10 рублёў. Гэта паказана як доказ ахвярнасці жыхароў Беластоку.
Гэта яшчэ адзін ліст у бутэльцы, знойдзены падчас рамонту храма. Папярэдні – таксама напісаны будаўнікамі ў 1903 годзе – быў знойдзены два гады таму.
ав