Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Галіна Млынкова з кампазіцыяй пра каханне «Czy to już?»

21.06.2024 06:05
10 чэрвеня быў апублікаваны афіцыйны відэакліп кампазіцыі.
Аўдыё
  • Музычны ўрок польскай мовы.
Halina Mlynkova
Halina MlynkovaAgencja Forum

Сёння я з прыемнасцю прадстаўлю вашай увазе кампазіцыю музыканткі з прозвішчам, якое пішацца не па-польску – Галіны Млынковай (Halina Mlynkova). Пяснярка нарадзілася на польска-чэшскім памежжы ў чэрвені 1977 года, яна спявае як на польскай мове, так і па-чэшску, хаця сама лічыць сябе полькай, але добра валодае некалькімі мовамі, як большасць жыхароў памежных земляў. Млынкова выступае на музычнай сцэне ўжо 25 гадоў, яна зусім нядаўна выпусціла доўгачаканы сінгл, які анансуе юбілейны альбом. «Мне пашанцавала, што пасля 25 гадоў працы на сцэне я ўсё яшчэ раблю тое, што ў мяне ў сэрцы, і што, перш за ўсё, я магу здзяйсняць свае музычныя мары», – казала музыкантка ў эфіры Польскага радыё.

Песня называецца «Ці ўжо?». 10 чэрвеня быў апублікаваны афіцыйны відэакліп кампазіцыі, рэжысёрам якога стаў Адрыян Кава. Чвэрць стагоддзя сцэнічнай дзейнасці – вельмі добрая нагода, якую можна адзначыць рознымі спосабамі, адна з якіх – выхад альбома. Альбом складаецца з дзвюх частак, першая – гэта эстрадныя песні, дзе няшмат этнічных інструментаў. «Я марыла заняцца песнямі, звязанымі не толькі з фальклорам, таму што мой дэбют з гуртом «Братанкі» шмат гадоў уплываў на профіль маёй творчасці», – адзначыла Галіна Млынкова. І дадала, што не так проста мяняць стыль пасля вялізнага поспеху, які прынеслі пяснярцы такія кампазіцыі, як «Czerwone korale» ці «W kinie w Lublinie».

«Мне пашанцавала, што на самым пачатку я спявала песні, якія ўжо ўвайшлі ў канон польскай музыкі. З іншага боку, калі я пачынала сваю сольную кар'еру, гэта было вельмі цяжка, бо доўгі час ад мяне чакалі, што я паўтару поспеху, а я ўжо не выступала з гуртом», – дадала спадарыня Галіна.

Новы альбом складаецца з польскіх песень. «Мне падабаецца гэтая вельмі складаная польская мова, на якой у параўнанні з ангельскай вельмі цяжка спяваць. Мае назіранні за польскімі дзяўчатамі, якія зʼяўляюцца карэннымі амерыканкамі з польскімі каранямі: калі яны спяваюць па-ангельску, яны фенаменальныя. А калі яны пачынаюць спяваць па-польску, адразу можна пачуць, як голас у іх ламаецца, ім значна цяжэй спяваць. Я думаю, што гэта паказвае, наколькі цяжкая польская мова і колькі трэба працаваць над голасам, каб гэтыя песні добра гучалі па-польску», – адзначыла Галіна Млынкова.


Wszystko czego chciałam widzę jest,

Wszystko czego miłość daje wdzięczna będę wiesz.

Droga którą szedłeś obok mnie,

Zawiłe ścieżki miała potem w dzień.

Czy to już, czy to już.

Czy to już miłość może jest.

Brak mi słów, brak mi słów,

Bo ile serce może znieść. Znieść...

Czasem w tej miłości gubię się,

Takich dwóch jak my na świecie więcej pewnie jest.

Gdy niebo o północy daje więcej mocy,

Budzi w nas niedotykalny stan.

Wszystko czego chciałam w Tobie jest...


Усё, што я хацела, бачу, ёсць. Усё, што каханне дае, я буду ўдзячнай, ты ведаеш. Шлях, па якім ты ішоў побач са мной, днём стаў складанай сцяжынкай.

Ці гэта ўжо, ці ўжо? Гэта ўжо каханне? Мне не хапае слоў. Бо колькі можа вынесці сэрца. Вынесці...

Часам я губляюся ў гэтым каханні. Такіх дваіх, як мы, у свеце напэўна шмат. Калі неба апоўначы дае больш моцы, яно абуджае ў нас недатыкальны стан.

Усё, што я хацела, у табе ёсць...

Тэкст гэтай песні просты, тут няма нейкіх вельмі складаных словазлучэнняў ці лексічных формаў. Дарэчы, трэба сказаць, што ў гэтым вершы ёсць формы, якія можна нават назваць няправільнымі. У гутарковай, а тым больш, літаратурнай мове імі хутчэй за ўсё ніхто б не скарыстаўся. Прыклад – сказ «Wszystko czego miłość daje wdzięczna będę wiesz». Правільней было б «Za wszystko. Co miłośc daje, wdzięczna jestem, wiesz» – за ўсё, што дае каханне, я ўдзячная, ведаеш. Але, зразумела, што тэкст песні кіруецца сваімі правіламі.

Загаловак кампазіцыі таксама трэба патлумачыць. Czy to już – гэты кароценькі сказ вельмі часта можна пачуць з вуснаў палякаў. Беларус хутчэй за ўсё спытаў бы яшчэ карацей – адным словам «Ужо?» або «Усё?», у залежнасці ад кантэксту сказа.

Droga, którą szedłeś – шлях, па якім ты ішоў. Звярніце ўвагу, што тут назіраецца розніца паміж польскім арыгіналам і беларускім перакладам. Палякі ідуць дарогай (drogą), а беларусы – па дарозе або па шляху.

Brak mi słów – чарговы сказ, якім вельмі часта карыстаюцца палякі. Яны так кажуць, калі іх нешта здзівіць, часцей за ўсё непрыемна, і нават невядома, як сітуацыю ацаніць. Гэта падобнае на ангельскае «no comments” (без каментароў). Або проста «Няма слоў»...

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы