Беларуская Служба

Ураджэнец Мінска Ежы Гедройць пераконваў палякаў у тым, каб наладзіць добрасуседскія адносіны з Беларуссю, Літвой і Украінай

11.07.2024 15:24
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага папулярызуе спадчыну Ежы Гедройця.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Е.Гедройць пра Беларусь, Літву, Украіну.
   Maisons-Laffitte. 1965 .
Ежы Гедройць у Maisons-Laffitte. 1965 г.Foto: Sygn. FIL00059 © INSTYTUT LITERACKI / https://kulturaparyska.com/pl/people/show/jerzy-giedroyc/biography?language=pl

Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага з дапамогай польскага парыжскага Літаратурнага інстытута «Культура» і варшаўскага фонда «Цэнтр «Карта» прывёз у Варшаву амаль усе нумары часопісаў Kultura і Zeszyty Historyczne, якія выдаваў у Парыжы славуты інтэлектуал родам з Мінска Ежы Гедройць. Цяпер выданні даступныя ва Усходнім доме у Варшаве.

Ежы Гедройць нарадзіўся ў 1906 г. у Мінску ў доме Поляка, які стаяў да 1941 г., калі быў разбураны нямецкімі захопнікамі, на сучаснай праезнай частцы пр-та Незалежнасці, на рагу з вул. Энгельса.

Бацька Ежы — Ігнацы Гедройць паходзіў са збяднелай галіны старажытнага роду літоўскіх князёў. Вядома, што бацька Ігнацы — Браніслаў Люцыян Гедройць кіраваў нейкім фальваркам пад Смілавічамі.

У 1946 г. Гедройць узначаліў Літаратурны інстытут у Рыме, які быў перанесены пад Парыж, у Мэзон-Ляфэт (Maisons-Laffitte), дзе ў 1947 г. пачаў выдаваць часопіс Kultura. З выданнем супрацоўнічалі вядомыя польскія публіцысты і пісьменнікі Юзаф Чапскі, Юліюш Мерашэўскі, Чэслаў Мілаш, Вітальд Гамбровіч і інш. З 1962 г. пад рэдакцыяй Гедройця пачаў выходзіць часопіс Zeszyty Historyczne.

Памёр наш выдатны зямляк у 2000 г. у Парыжы. Паміж гэтымі пунктамі ў яго лёсе былі таксама Масква, Варшава і іншыя мясцовасці і краіны — Бухарэст, Стамбул, Палесціна, Італія, Лондан.

Ежы Гедройць паслядоўна імкнуўся пераконваць польскае грамадства ў тым, што трэба наладжваць добрасуседскія адносіны паміж Польшчай і яе ўсходнімі суседзямі — Літвой, Беларуссю і Украінай. Гедройць верыў у перспектыву здабыцця гэтымі рэспублікамі СССР незалежнасці. А разам з Юліюшам Мерашэўскім Гедройць тэарэтычна абгрунтоўваў неабходнасць прызнання Польшчай сучасных дзяржаўных граніц з гэтымі краінамі (г.зв. Дактрына Гедройця).

Што датычыць Беларусі, то Ежы Гедройць не раз дзяліўся сваімі думкамі пра блізкую яму ад нараджэння зямлю. Прапануем вам некалькі яго разваг пра Беларусь і суседнія краіны, запісаныя ў 1999 г. у Мэзон-Ляфэт пад Парыжам.

Ежы Гедройць: — Што датычыць адносін з Беларуссю, то мы не ведаем, якая там цяпер сітуацыя. І ў святле гэтага мы ўсталявалі культурныя адносіны. Мы арганізавалі там выстаўку часопіса Kultura, а беларусы таксама выдалі спецыяльны нумар Kultura. І гэта не было нелегальнае выданне, а часопіс, прысвечаны пытанням культуры, так што гэта не было асабліва небяспечна (для ўлад. — Рэд.), таму гэта было дазволена.

У гэтым нумары Kultura быў артыкул Мерашэўскага, былі артыкулы, у якіх гаварылася пра незалежнасць Украіны, Беларусі і гэтак далей, якія, праўда, цалкам супярэчылі палітыцы беларускага дыктатара. І такі метад (дзейнасці. — Рэд.) я лічу самым эфектыўным.

Ежы Гедройць выступаў за нармалізацыю адносін з усходнімі суседзямі Польшчы, які жылі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай і якія імкнуліся да дзяржаўнай незалежнасці. У прыватнасці, мысліцель заклікаў закрыць тэму тэрытарыяльных прэтэнзій Польшчы, у т.л. да Беларусі.

Ежы Гедройць: — Я лічу нашым поспехам вылучэнне канцэпцыі аб тым, што трэба аддаць Вільню і Львоў Літве і Украіне адпаведна, каб нармалізаваць польска-літоўскія і польска-ўкраінскія адносіны. Але гэта ў свой час было сустрэта каласальным абурэннем (пэўных польскіх колаў. — Рэд.). Да мяне адносіліся ледзь не як да здрадніка, які “прадае” Польшчу і гэтак далей. Цяпер гэты прынцып, здаецца, прыняты ўсімі, усім грамадствам, з зусім нязначнымі выключэннямі.

Доказам нашага сяброўства з суседзямі з’яўляецца тое, што тут, у мяне, бывалі ўсе прэзідэнты Літвы — ад Бразаўскаса да Адамкуса (маецца на ўвазе перыяд да 1999 г. — Рэд.). Мы сябруем са старшынёй парламента Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам.

Я атрымаў літоўскае грамадзянства, таму, магчыма, гэта найлепшая ілюстрацыя вышэй сказанага...

І наш падыход прынялі ўсе партыі Літвы, у т.л. прэзідэнт, які выйшаў з камуністычнага асяроддзя, — Бразаўскас, і Ландсбургіс і іншыя. І гэта для мяне вялікі гонар.

Таксама Ежы Гедройць расказваў пра сваё знаёмства з двума паэтамі —  палякам з Літвы, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэславам Мілашам і літоўцам з ЗША (эмігрантам з Літоўскай ССР) Томасам Вянцлавам.

Ежы Гедройць: — Дзякуючы Мілашу ў мяне быў кантакт з Вянцлавам. Яны разам напісалі эсэ пра Вільню, якое было надзвычай папулярнае як у Польшчы, так і ў Літве. Гэты твор быў перакладзены на літоўскую мову, і дзякуючы гэтаму выклікаў у Літве ажыятаж. Вянцлава — вельмі папулярны літоўскі паэт, і дзякуючы гэтаму яго творчасць, у тым ліку сумесная з Мілашам, дзякуючы іх сяброўству, на гэтым адрэзку польска-літоўскіх адносін адыгрывае вельмі важную ролю.

У кантэксце цяперашняй вайны Расіі супраць Украіны вельмі важныя колішнія словы Гедройця аб патрэбе нармалізацыі адносін Польшчы і Украіны.

Ежы Гедройць: — Мы ў свой час выказвалі вельмі непапулярныя лозунгі, якія супярэчылі агульнаму меркаванню (сярод палякаў. — Рэд.), напрыклад, па праблеме, якая была для нас вельмі прынцыповая, — па ўкраінскай праблеме. Мы лічылі, што для нармалізацыі адносін ва Усходняй Еўропе трэба пакінуць Вільню Літве, а Львоў — Украіне.

Усе нас адгаворвалі ад таго, каб пра гэта гаварыць, лічачы, што гэта абсалютна самазабойчая канцэпцыя, бо польская эміграцыя, якая складаецца ў асноўным з выхадцаў з паўночных або паўднёвых ускраін (даваеннай РП. — Рэд.), гэтага не прыме. Аказалася, што гэта не так. Можа, мы страцілі дзясятак ці больш падпісчыкаў (часопіса Kultura. — Рэд.), але ў той жа час мы атрымалі падпісчыкаў ва ўкраінскім асяроддзі. Гэта доказ таго, што палякі — дзіўная нацыя, якая вытрымлівае, калі ёй гавораць праўду ў вочы.

Імя ўжо ўпамянутага Юліюша Мерашэўскага носіць варшаўскі Цэнтр дыялогу, які паспрыяў перадачы камплекту часопісаў Kultura і Zeszyty Historyczne у варшаўскі Усходні дом. Тут яны цяпер даступныя даследчыкам і ўсім, хто цікавіцца польскай гісторыяй і літаратурай. Але паколькі ў гэтых часопісах закраналася і беларуская тэматыка, то яны будуць цікавыя і беларусістам, і беларусам, якія жывуць у Варшаве.

Часопіс Kultura адыграў ключавую ролю ў інтэлектуальным і культурным жыцці польскай эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны. Рэдакцыя выдання была месцам сустрэч і абмену думкамі многіх выдатных польскіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў і палітычных дзеячаў.

Цяпер Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага рыхтуе і публікуе серыю фільмаў, прысвечаных гісторыі і спадчыне часопіса Kultura. З іх вы даведаецеся, паміж іншым, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца рэдакцыі Kultura ў сваёй працы. Будзе расказана, як Мерашэўскі і Гедройць паўплывалі на змест часопіса.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве выйшлі кнігі пра невядомыя старонкі біяграфій Юзафа Пілсудскага і яго першай жонкі Марыі

04.07.2024 15:56
Кніга Марыюша Кальмасяка Piękna Pani. Biografia Marii z Koplewskich Piłsudskiej расказвае пра першую жонку Юзафа Пілсудскага.