У Познані да Дня беларускай годнасці адкрылася выстава «Зніклыя» маладога беларускага мастака Аляксандра Данілкіна. Яна прысвечана падзеям у Беларусі і вайне ва Украіне.
З акадэміі адлічылі за ўдзел у пратэстах
Аляксандр родам з Гомеля, скончыў факультэт жывапісу ў Гомельскім lзяржаўным каледжы выяўленчага мастацтва, а таксама навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі выяўленчага мастацтва ў Мінску па спецыяльнасці жывапіс. Аднак у 2020 годзе за ўдзел у пратэстах яго адлічылі з акадэміі. Ён вымушаны быў з’ехаць з краіны і зараз працягвае навучанне ў Акадэміі выяўленчага мастацтва імя Яўгенія Геперта ва Уроцлаве.
Аляксандр Данілкін
Пра тое, што перажыла і перажывае Беларусь
Нягледзячы на свой малады ўзрост, Аляксандр ужо неаднойчы ладзіў персанальныя выставы і ўдзельнічаў у шматлікіх калектыўных выставах у Польшчы, Балгарыі, Славакіі. Тым не менш, яго хваляванне яўна заўважнае. Яго жывапіс выразна прысвечаны Беларусі і падзеям, якія перажывае краіна ў апошнія гады. Адна з частак выставы, «Забыццё», прысвечаная бел-чырвона-беламу сцягу. Серыя «Зніклыя без вестак» паказвае жыццё звычайнага чалавека, зруйнаванае дыктатурай. «Сцісканне» распавядае пра гербы беларускіх гарадоў, якія сімвалізуюць нацыянальную і культурную самабытнасць краіны, але зараз ахоплены імперыялістычнымі сімваламі.
Балюча глядзець, што нават вайна не кранае многіх людзей
Зусім яшчэ малады юнак у сваіх працах імкнецца паказаць, як постсавецкі імперыялізм уплывае на звычайнага беларуса: адных робіць «лукашыстамі», іншых – змагарамі за незалежнасць сваёй краіны. Я пытаюся ў Аляксандра, як у яго творчасці з’явілася гэтая ідэя.
— Я імкнуся распавядаць праз свае карціны самым розным людзям пра тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе і працягваецца зараз. Проста балюча глядзець, як шмат людзей жывуць і не задумваюцца ні аб чым. І нават вайна на іх не ўплывае. А яшчэ, калі бачу, як іншыя творцы малююць кветкі або нешта падобнае і нічога не ўзгадваюць пра тое, што адбываецца навокал, сэрца маё сціскаецца.
Пра эвалюцыю беларусаў
Гляджу на трыпціх: на цэнтральнай карціне – немаўля, светлае, чыстае. Па баках два твары дарослага чалавека: адзін размаляваны ў бел-чырвона-белы колер, другі – у чырвона-зялёны. Аўтар тлумачыць, што чалавек нараджаецца нейтральным, а потым становіцца такім, якім становіцца.
Яшчэ дзве карціны сведчаць пра эвалюцыю чалавека. На адной ён здаровы, поўны сіл, упэўнены, у шыкоўных ботах, нічога навокал, акрамя сябе, не заўважае, мае вусы і некага нагадвае. А побач – ён у труне, мала падобны на сябе, няма адной нагі, хаця два чаравікі ў труне...
Альбо серыя, звязаная з гербамі, на якіх часткі беларускіх сімвалаў замененыя фрагментамі расійскіх імперскіх гербаў...
З серыі «Забыццё»
Удзельнічаў у студэнцкіх пратэстах
Я звяртаю ўвагу маладога аўтара на тое, што, каб усё гэта паказваць, трэба перажыць. Аляксандр пачынае распавядаць, што рос у Гомелі, дзе пераважна рускамоўнае асяроддзе, і толькі навучаючыся ў Мінску, у яго «адкрыліся вочы» на тое, што адбываецца з Беларуссю, беларускай мовай і культурай, з тымі людзьмі, хто не пагаджаецца з уладай. Ён удзельнічаў у пратэстах на вуліцы і студэнцкіх пратэстах у акадэміі.
— Ну і потым мяне адлічылі. Я яшчэ атрымаў шмат пагрозаў ад рэктара, нават мог трапіць за краты, але пашанцавала. Калі мяне ўжо неслі ў міліцэйскі бусік, адзін з іх раптам літаральна крыкнуў: «Идиоты, забыли приказ, сейчас никаких задержаний». Гэта адбывалася падчас пратэстаў студэнтаў. І на наступны дзень мяне адлічылі. Спачатку выехаў ва Украіну, затым атрымаў стыпендыю і пераехаў вучыцца ў Польшчу.
Было цяжка ў самоце
Згадваючы той час і тыя падзеі, Аляксандр кажа, што адчуваў сябе зусім страчаным, не мог зразумець, што ў ХХІ стагоддзі яшчэ магчыма існаванне такой дыктатуры ў Еўропе. Тым не менш, давялося наладжваць жыццё ў новай краіне.
— Пераезд для мяне аказаўся цяжкім – шчыра кажу пра гэта. Але з часам палягчэла, прызвычаіўся да таго, што не магу паехаць дадому. Было цяжка ў самоце, але потым пачалі прыязджаць сябры з Беларусі. А вось пабачыць бацькоў не мог, свайго дому таксама. І ўвесь час не пакідае думка, што магу больш не пабачыць свайго дзядулю і бабулю.
З серыі «Сцісканне»
Першыя карціны былі напісаны ў Мінску
Аляксандр распавядае, што першыя карціны, звязаныя з тэматыкай беларускіх пратэстаў, пачаў маляваць яшчэ ў Мінску. Паводле яго слоў, некаторыя працы рэктар не дазволіў выстаўляць у акадэміі і нават зачыніў майстэрню, дзе ён працаваў з сябрамі.
— Ужо ў Польшчы, яшчэ нават не стаўшы цвёрда на ногі, пачаў рабіць эскізы і рыхтавацца да таго, каб пісаць пэўную серыю карцін. Але першыя працы ўсё ж былі зробленыя ў Мінску.
Беларусы заўсёды разумеюць мае працы
Цікаўлюся ў аўтара, як гледачы ставяцца да яго працаў, ці часта задаюць пытанні, пра што яны?
— Беларусы заўсёды разумеюць мае працы, часам магу нешта патлумачыць, калі цікавяцца. Часцей задаюць пытанні палякі, і калі я ім адказваю, то часта не вераць, што такое магло адбывацца. І наогул не могуць сабе нечага падобнага ўявіць.
Развітваючыся, Аляксандр кажа, што гэтыя падзеі шмат чаго змянілі ў яго жыцці, але тэст на сумленне ён прайшоў, быў на баку свайго народу і змагаўся разам з ім.
Выстава працягнецца да 23 жніўня
Aleje Marcinkowskiego 21
Павел Залескі, Познань
здымкі аўтара
слухайце аўдыёфайл