Беларуская Служба

17 верасня 1939 года – дата не менш важная ў гісторыі Польшчы і свету, чым 1 верасня, пераконвае гісторык

13.09.2024 16:01
На мерапрыемствы з нагоды 85-й гадавіны савецкай агрэсіі супраць Польшчы і Сусветнага дня  сібірака ў Беласток запрашае Музей памяці Сібіры.
Аўдыё
  • 85-я гадавіна савецкай агрэсіі супраць Польшчы і Сусветны дзень сібірака
       17  1939
Калоны савецкай пяхоты ўваходзяць на тэрыторыю Польшчу 17 верасня 1939 годаAutorstwa Anonimowy - http://karski.muzhp.pl/wojna_17_wrzesnia.html, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1398870

17 верасня ў Польшчы будзе адзначацца 85-я гадавіна савецкай агрэсіі супраць Польшчы і Сусветны дзень сібірака. У гэты дзень палякі ўспамінаюць памяць і трагічны лёс асобаў дэпартаваных у глыб Расіі.  З гэтай нагоды Музей памяці Сібіры ў Беластоку традыцыйна арганізуе шэраг мерапрыемстваў.

17 верасня займае выключнае месца ў календары найважнейшых для Музея памяці Сібіры датаў, кажа доктар гістарычных навук, загадчык Навуковага аддзела ў музеі сібірскай ссылкі Марцін Звольскі (Marcin Zwolski):

- Гэта сімвалічная дата, калі тагачасныя польскія ўсходнія тэрыторыі, уключна з Беластокам, былі захопленыя савецкай уладай, якая неадкладна пачала ажыццяўляць на іх рознага роду рэпрэсіі, з прымусовымі дэпартацыямі ўключна. Менавіта таму, памяць аб падзеях 17 верасня мы адзначаем у Беластоку ўрачыста. Як правіла, гэтая дата адзначаецца некалькі дзённымі ўрачыстасцямі. Падобным чынам адбываецца і сёлета.

Дарэчы гадавіна нападу Чырвонай Арміі на Польшчу ў Беластоку сёлета адзначаецца ўжо з канца жніўня, калі на вуліцах горада была адкрытая адмысловая выстава. Гістарычную выставу пад адкрытым небам пад загалоўкам: «Мінулае вачыма сучаснасці. Беласток ’39» можна паглядзець, між іншым, на плошчы перад Драматычным тэатрам, на панадворку Палаца Браніцкіх, рынку Касцюшкі, вуліцы Ліповай і перад касцёлам св. Роха:

- Згаданая экспазіцыя, сказам так, спалучае гісторыю і сучаснасць. У некалькіх месцах у Беластоку мы паставілі буйныя дошкі з гістарычнымі здымкамі горада. Гэта зроблена такім чынам, што здымак часткова засланяе рэальны будынак. Здымак адносіцца да часоў савецкай акупацыі і савецкіх рэпрэсіяў у горадзе.

Чарговыя мерапрыемствы ў рамках 85-й гадавіны савецкай агрэсіі супраць Польшчы  запланаваны на бліжэйшыя выходныя, то бок 14-15 верасня. У гэтыя дні на плошчы за Музеем памяці Сібіры адбудуцца паказы спектакля: «Сібірскія мемуары - exodus», кажа Марцін Звольскі:

- Гэта спектакль, які быў створаны пры супрацы з Тэатральнай акадэміяй у Варшаве, у прыватнасці ейных беластоцкім аддзелам. Яго першую частку мы маглі паглядзець у мінулым годзе і яна зрабіла вялікае ўражанне. У спектаклі выкарыстаныя сучасныя мастацкія сродкі. Калі нехта жадае паглядзець пастаноўку, я раю кантактаваць з касай музея, каб браніраваць месца. Сам уваход бясплатны, але браніраванне месца патрабуецца. Паказы адбудуцца 14 і 15 верасня, а 19.00 гадзіне.

Таксама ў нядзелю, 15 верасня музей сібірскай ссылкі  ў Беластоку падрыхтаваў для наведвальнікаў выключную прапанову. Гаворка ідзе пра спецыяльны экскурсійны маршрут пад загалоўкам: «Распавяду табе сваю гісторыю». Гэта ўнікальная магчымасць наведвання асноўнай экспазіцыі, узбагачана сустрэчамі з сібіракамі:

- Квіткі каштуюць сімвалічны адзін злоты. Гэта спецыяльны экскурсійны маршрут, узбагачаны сустрэчамі з сібіракамі. На месцы, то бок на выставе сібіракі будуць расказваць пра сваю гісторыю, а таксама пра экспанаты, з якімі яны звязаныя. Гэта цудоўная магчымасць спалучэння музейнага аповеду са сведчаннямі відавочцы – жывога, рэальнага сведкі.

16 верасня ў парку на бульварах Касцялкоўскага запланаваная цырымонія адкрыцця помніка сібіраку Севярыну Навакоўскаму, даваеннаму прэзідэнту Беластока, а таксама адкрыццё выставы пад адкрытым небам: «Севярын Навакоўскі».



У сваю 17 верасня ў 85-ю гадавіны савецкай агрэсіі супраць Польшчы і Сусветны дзень сібірака на тэрырорыі музея сібірскай ссылкі адбудуцца афіцыйныя дзяржаўныя мерапрыемствы:

- Мерапрыемствы пачнуцца а 12.00 на плошчы ля помніка Маці-гераіням Сібіры на тэрыторыі Музея памяці Сібіры. Некалькі дзённыя мерапрыемствы завершацца каля 21.00 17 верасня. Тады на фасадзе будынкa ўстановы, з боку вуліцы Палескай, пакажам Mapping «17.09 Мы памятаем». Гэта мультымедыйная праекцыя, спектакль падрыхтаваны адмыслова да гэтай гадавіны. Рух аўтамабіляў па вуліцы Палескай будзе часова прыпынены, каб пешаходы маглі ўвайсці на праезную частку і без перашкодаў паглядзець спектакль на сценах будынкa музея.

Доктар Марцін Звольскі падкрэслівае, што памяць пра 17 верасня, а таксама ссылкі ў Сібір жывая ў Беластоку. Будаванню гістарычнай свядомасці служаць штогадовыя мерапрыемствы і штодзённая праца музейнай установы:

- Часта, калі нас наведваюць замежных госці, то яны здзіўляюцца, калі мы кажам пра суадказнасць немцаў і саветаў за пачатак Другой сусветнай вайны. Яны кажуць: «Чакайце, гэта ж Гітлер пачаў Другую сусветную вайны! ». Не. Мы пастаянна падкрэсліваем, што 17 верасня – важны, бо з гэтага дня канфлікт атрымаў міжнародны характар. У гэты дзень Сталін выканаў свае хаўрусніцкія абавязанні ў дачыненні да Гітлера. Гэта мы павінны пастаянна падкрэсліваць. Пра гэта памятаюць у Беластоку і рэгіёне, але ў іншых частках свету ўжо не. Нават у той жа Польшчы мерапрыемствы, звязаныя з 17 верасня – гадавінай савецкай агрэсіі на Польшчу не маюць такога рангу, як святкаванні 1 верасня (гадавіна нямецкай агрэсіі супраць Польшчы). Хацелася б, каб было інакш.

Між тым, паводле гісторыка, памяць пра гадавіну нападу Чырвонай Арміі на Польшчу і пазнейшыя рэпрэсiі ў дачыненні, у тым ліку ссылкі ў Сібір, важная па некалькіх прычынах:

- Па-першае таму, што сярод нас надалей жывуць людзі, у якіх трагічны досвед Сібіры. Ён застаўся ў сэрцах і душах іхных нашчадкаў. Калі ўзяць пад увагу не толькі савецкія дэпартацыі, але таксама царскія ссылкі, то аказваецца, што ў такі досвед амаль у кожнай польскай сям’і. Памяць пра Сібір мае таксама сваё больш сучаснае вымярэнне. Мы бачым, што зараз адбываецца ва Украіне. Гісторыя Сібіры паўтараецца за нашай усходняй мяжой.

- канстатаваў доктар гістарычных навук, кіраўнік Навуковага аддзела ў Музеі памяці Сібіры ў Беластоку Марцін Звольскі (Marcin Zwolski).

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу