Сумую па сваёй прафесіі
Мікіта — акцёр драматычнага тэатра і кіно. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Прызнаецца, што доўга папрацаваць не ўдалося, і шмат роляў не сыграў.
— Я толькі прыйшоў у тэатр, і наш рэжысёр прапанаваў пастаноўку "Сфагнум" паводле рамана Віктара Марціновіча, але гэты спектакль не прайшоў. Адбыўся прагляд, і міністэрства адразу забараніла пастаноўку. Потым я іграў у спектаклях "Пачупкі", "Калека з вострава Інішман" ірландскага драматурга Марціна МакДонаха. Былі яшчэ дзіцячыя спектаклі.
Тым не менш, Мікіта кажа, што нават за кароткі час працы ў тэатры здолеў адчуць сцэну і наогул прафесію акцёра, якая яго захапіла.
— Вельмі сумую па сваёй прафесіі, я закаханы ў тэатр беларускай драматургіі, там былі выдатныя калегі. Сумую па іх і па сваёй прафесіі.
Патрэбныя былі грошы — пайшоў на будоўлю
Сітуацыя склалася так, што пасля 2022 года, калі пачалася вайна ва Украіне, Мікіта разам з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю.
— Пасля 2020 года я ўсё яшчэ нечага чакаў, спадзяваўся на змены, але пачалася вайна, і жонка сказала, што мы з’язджаем.
На новым месцы, прызнаецца суразмоўца, было няпроста. Трэба было думаць пра тое, як утрымліваць сям’ю. Працаваць у тэатры азначала ведаць польскую мову, чаго ён не ўмеў. Акрамя таго, патрэбныя былі добрыя заробкі, таму пайшоў на будоўлю.
— Ніколі не працаваў у будаўніцтве. Цяжкая праца, але ўсе кажуць, што ў мяне добра атрымліваецца, бо я хутка вучуся. Але вельмі цяжка. Летась сарваў спіну і два месяцы ляжаў у ложку. І грошы, якія зарабляеш, потым трэба аддаваць на лекі. Гэта адзіны такі недахоп.
Так склалася жыццё...
Але Мікіта не забывае і пра інтэлектуальную працу — складае пытанні для інтэлектуальных гульняў. Прызнаецца, што вялікіх грошай на гэтым не зарабляе. І пра акцёрскую працу не забываецца — удзельнічае ў чытках аматарскіх беларускіх тэатраў, якія ствараюцца сярод эмігрантаў.
— Я жыву побач з Новым тэатрам, кожны дзень каля яго праходжу і думаю: чаму не зайсці, не паглядзець, як там усё адбываецца? Але нешта ўнутры не дае — хвалююся. Прыехаў у чужую краіну, працую на будоўлі і зноў пачынаць нешта новае з нуля... Я не мог сабе адразу дазволіць зарабляць мала. Толькі дзеля сям’і працую на будоўлі — так склалася жыццё.
Трэба шмат плаціць за паслугі, але я разумею, за што плачу
Што датычыцца інтэграцыі ў польскае грамадства, Мікіта распавядае, што разам з жонкай маюць тут ужо шмат сяброў — і сярод палякаў, і беларусаў, і ўкраінцаў, але, паводле яго, працэс інтэграцыі яшчэ працягваецца.
— Я не скажу, што ў Польшчы цяжка інтэгравацца, бо беларусы шмат у чым падобныя да палякаў. Мяркую, што ў Францыі было б складаней. Нас з палякамі аб'ядноўвае агульная гісторыя. А вось на бытавым узроўні непрывычна, што даводзіцца шмат грошай плаціць за розныя камунальныя паслугі. Але, з іншага боку, ты разумееш, за што плаціш. У іх шмат робіцца: абнаўляецца інфраструктура, шмат будуецца ў параўнанні з Беларуссю.
Іграць Гамлета ў такіх абставінах — не
Пра асабістае жыццё Мікіта не асабліва імкнецца распавядаць, але адчуваецца, што ён сумуе па сваёй прафесіі. Нядаўна быў на сустрэчы з творчымі беларусамі і ўвесь вечар размаўляў толькі на адну тэму — пра тэатр. Імкнецца прысутнічаць у сацыяльных сетках, абмяркоўваць культурніцкія пытанні, каб не знікнуць з гэтай сферы. Пытаюся ў яго: якую ролю хацелася б сыграць у тэатры?
— Зараз я не магу адказаць на гэтае пытанне, бо пасля 2020 года мне цяжка казаць пра нейкія ролі. Я не разумею цяпер беларускага тэатра, у якім граюць Гамлета, а побач на вуліцы хапаюць людзей за іх погляды. Майго калегу забралі адразу пасля пачатку вайны, ён украінец. І ўжо тады я зразумеў, што не буду граць у тэатры, пакуль такое адбываецца. Я магу цяпер сыграць у спектаклі пра 2020-ы ці 2022-і год, але іграць Гамлета ў такіх абставінах — не.
У Польшчы ўсё залежыць ад самога чалавека
Распавядаючы пра ўражанні ад польскага тэатра, Мікіта крытычна заўважае, што ён значна розніцца ад беларускага, і лічыць яго зусім іншым, не падобным да таго, у якім ён працаваў.
— Але магу сказаць, што польскі тэатр — гэта тэатр без цэнзуры, вольны тэатр. Гэта самае важнае, што можа быць, бо я прыйшоў у тэатр беларускай драматургіі і працаваў ужо з цэнзурай — першы мой спектакль забаранілі. І што гэта? Гэта праца ў тэатры? А тут — рабі што хочаш. Таленавітым людзям тут дарога адкрытая. У Польшчы ўсё залежыць ад самога чалавека, а не ад кіраўніцтва, якое сядзіць і паказвае табе, што рабіць.
Мікіта кажа, што не страціў за час эміграцыі сяброў у Беларусі, але і тут набыў новых. Ён сумуе па радзіме і па блізкіх, але ці вернецца назад — невядома. Кажа, што жонцы падабаюцца больш цёплыя краіны.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл