Беларуская Служба

У Вільні экспануюцца 300 рэчаў роду Пацаў — выхадцаў з-пад Гродна і Ліды, а ў іх палацы знаходзіцца пасольства Польшчы ў Літве

07.11.2024 15:16
На выстаўцы ў Вільні можна ўбачыць пячатку канцлера ВКЛ, адзіную, што захавалася да нашых дзён: яна прыехала з Варшавы, — расказвае Анна Сыльвія Чыж.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.С.Чыж пра род Пацаў.
  .              .
На выстаўцы «Пацы. Ліліі ў садзе гісторыі» ў Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» ў Вільні.https://www.valdovurumai.lt/lt/parodos/i/9258/tarptautine-paroda-pacai-istorijos-sodo-lelijos/

29 кастрычніка ў Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» ў Вільні адкрылася выстаўка «Пацы. Ліліі ў садзе гісторыі» (Pacai. Istorijos sodo lelijos). На ёй прадстаўлена каля 300 экспанатаў з Літвы, Польшчы і Украіны, якія расказваюць гісторыю магнатаў Пацаў, якія адзначыліся ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XVII-XVIII стст., а значыць, як Літвы, так і Беларусі і Польшчы. Выстаўка працягнецца да 26 студзеня 2025 года.

Род Пацаў па ролі ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага можна параўнаць з Радзівіламі, Сапегамі. Іх герб уключаў матыў падвойнай ліліі, які таксама выкарыстоўвалі манархі Францыі і фларэнтыйскія Медычы. Адсюль і назва выстаўкі ў Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» ў Вільні — «Пацы. Ліліі ў садзе гісторыі». Яе куратар з польскага боку — праф. Анна Сыльвія Чыж, вядомая даследчыца гісторыі архітэктурнай і ўвогуле культурнай спадчыны Вільні. З літоўскага боку куратарамі з’яўляюцца Відас Далінскас і Марыюс Узорка, дырэктар і намеснік дырэктара Нацыянальнага музея «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага».

Анна Сыльвія Чыж: — Пацы маюць літоўскае паходжанне. Таму, натуральна, першае месца, дзе павінна прайсці такая выстаўка, гэта, вядома ж, Вільня. А месца, дзе была арганізавана гэтая выстаўка, не выпадковае — гэта Нацыянальны музей «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага». Тут ужо праводзіліся выстаўкі, прысвечаныя літоўскім родам. Першая з іх была прысвечана Сапегам, другая – Радзівілам. А пасля Радзівілаў прыйшла чарга Пацаў. І Відас Далінскас прапанаваў разам арганізаваць такую ​​выстаўку.

Выстаўка надзвычай багатая, прыгожая і ўнікальная, паколькі з 300 прадметаў, якія мы можам на ёй убачыць, большасць недаступныя, паколькі або схаваны ў архівах або ў музейных сховішчах, або знаходзяцца ў манастырскіх калекцыях і недасягальныя для пабочных асоб.

Экспануюцца вельмі разнастайныя прадметы: карціны, графіка, скульптуры, фатаграфіі. Напрыклад, тут можно ўбачыць звон з Мяркіне. А з Галоўнага архіва старажытных дакументаў з Варшавы прыбыла пячатка канцлера Вялікага Княства Літоўскага, адзіная, што захавалася да нашых дзён.

Анна Сыльвія Чыж тлумачыць месца і значэнне Пацаў у нашай гісторыі.

Анна Сыльвія Чыж: — Гэта сям'я, карані якой паходзяць з-пад Ліды і Гродна. Гэты род у нейкі момант падзяліўся на дзве лініі: малодшую — гетманскую (ад найбольш выдатнага яе прадстаўніка гетмана ВКЛ Міхала Казімежа Паца) і старэйшую — канцлерскую (ад падканцлера ВКЛ Стэфана Паца і яго сына, вялікага канцлера Кшыштафа Зыгмунта Паца).

Гэта сям'я займала многія важныя міністэрскія і біскупскія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, перш за ўсё ў Жамойцкай і Віленскай дыяцэзіях.

Мы таксама павінны памятаць, што гэта сям'я военачальнікаў: яны валодалі вялікай літоўскай булавой, а таксама драбнейшымі вайсковымі пасадамі.

Гэта сям'я ўступала ў шлюбныя адносіны з іншымі важнымі сем'ямі Вялікага Княства Літоўскага. Яны такім чынам збіралі землі і ўмацоўвалі сваю ўладу на гэтым прынцыпе.

Такія асобы, як Стэфан Пац, Кшыштаф Зыгмунт Пац займалі найбольш важныя пасады ў другой палове XVII стагоддзя.

Анна Сыльвія Чыж напомніла, што з сярэдзіны XVII ст. Пацы дамінавалі ў палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. А скончыўся гэты род па мужчынскай лініі на Людвіку Міхале Пацы, які памёр у 1845 г. Яго дачка Людвіка выйшла замуж за Ксавэры Сапегу.

Не толькі ў мінулым, але і ў сучаснасці Пацы сведчаць пра сябе выдатнымі помнікамі архітэктуры барока ў Вільні.

Анна Сыльвія Чыж: — І тут, вядома, неабходна згадаць кляштар і касцёл камедулаў у Пажайслісе пад Каўнасам. Вядома ж, Пацы фундавалі касцёл Святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні і, акрамя таго, касцёл святой Тэрэсы ў стылі ранняга барока пры кляштары босых кармелітаў твор Канстанціна Тэнкала.

Варта адзначыць і два надзвычай цікавыя віленскія палацы, якія належалі да дзвюх розных ліній сямейства Пацаў. Палац на вул. Дзіджойі, які належаў гетманскай лініі, цяпер з'яўляецца гасцініцай Pacai. Палац, які належаў канцлерскай лініі, — гэта цяпер пасольства Польшчы ў Літве.

Варта таксама памятаць аб касцёле Святой Кацярыны пры кляштары бенедыкцінак у Вільні, які таксама з'яўляецца спадчынай Пацаў.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Томас Вянцлава ў Варшаве: Ці можа сённяшні беларус называцца літоўцам? Калі ён хоча, то чаму ж не?

26.09.2024 17:22
У пасольстве Літвы ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі вядомага літоўскага пісьменніка Томаса Вянцлавы Litwa, ojczyzna moja.