Гісторыя польскіх дзяцей-сірот, якія 80 гадоў таму пасля траўматычнага досведу ў эміграцыі ў СССР знайшлі дом у Новай Зеландыі – гэта гісторыя новага радыёсерыялу вытворчасці Польскага радыё і Інстытута Пілецкага. Серыял можна слухаць на хвалі Трэцяй праграмы Польскага радыё.
30 кастрычніка 1944 году больш за 700 польскіх дзяцей прыбылі ў лагер каля Пахіятуі. У асноўным гэта былі сіроты з сем’яў, дэпартаваных у глыб Расіі і эвакуіраваных разам з арміяй генерала Андэрса, распавядае аўтарка аўдыёсэрыялу Марціна Вайткоўска, якая паехала ў Новую Зеландыю, каб паразмаўляць з дзецьмі з Пахіятуа:
- Палякаў выгналі ў рамках чатырох дэпартацый. Яны трапілі ўглыб Савецкага Саюза. Потым яны разам з Арміяй Андэрса былі эвакуіраваныя і трапілі ў Іран, а потым праз Індыю ажно ў Новую Зеландыю. Гэтыя скітанні працягваліся каля чатырох гадоў. Для мяне – гэта гісторыя на фільм. Я ўяўляла сабе, як гэты вялікі карабель даплывае да берагу, 733 галавы глядзяць у бок сушы. Што гэтыя дзеці ўяўлялі?
Герой першай серыі — Янэк, які кідае выклік лёсу, каб стаць мільянерам:
- Героем першай серыі з’яўляецца Джон Рой Вайцяхоўскі. Гэта адзін з хлопцаў з Пахіятуі. Яго гісторыі незвычайныя тым, што ён вырашыў, не слухаць іншых, калі яму казалі, што ён створаны для фізічнай працы, што ён уцякач, дэпартаваны, а таму не дасягне ў жыцці шмат. Ён вырашыў, што яго жыццё будзе выглядаць інакш і вырашыў стаць мільянерам.
Серыі будуць выходзіць штотыдзень на платформе падкастаў Польскага радыё і на сайце Інстытута Пілецкага. Серыял узбагачаны ўнікальнымі архіўнымі матэрыяламі і арыгінальнай музыкай Артура Джардана, які выкарыстоўваў традыцыйныя матывы маоры.
733 польскіх дзяцей і іх 109 апекуноў дабраліся да Новай Зеландыі ў 1944 годзе. Урад Новай Зеландыі пакрываў выдаткі на жыццё палякаў. Лагер Пахіятуа, які быў створаны па ініцыятыве прэм'ер-міністра Новай Зеландыі Пітэра Фрэйзера і яго жонкі Джанет, дзейнічаў да 1949 года. Пасля яго закрыцця дзяцей адпраўлялі ў інтэрнаты. Большасць з іх засталася ў Новай Зеландыі назаўсёды, некаторыя вярнуліся ў Польшчу або выехалі ў іншыя краіны.
ав