Беларуская Служба

Ірына Сізоненка з Любліна напісала манаграфію пра мастака з-пад Ваўкавыска Станіслава Жукоўскага

29.11.2024 12:05
Ірына Сізоненка звяртае ўвагу на тое, што мастак Станіслаў Жукоўскі і яго спадчына належаць не адной Беларусі, але і Польшчы, а яго лёс і творчасць звязаны таксама з Расіяй, Літвой і Украінай.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". І.Сізоненка пра С.Жукоўскага.
             : Stanisław Żukowski (18751944). Czas prawdy  Obraz ten jest przeze mnie wykonany. Twórczość malarska i wystawiennicza Stanisława Żukowskiego (18751944).
Мастацтвазнавец Ірына Сізоненка ў студыі Польскага радыё са сваімі кнігамі пра мастака Станіслава Жукоўскага: „Stanisław Żukowski (1875–1944). Czas prawdy” і „Obraz ten jest przeze mnie wykonany”. Twórczość malarska i wystawiennicza Stanisława Żukowskiego (1875–1944)”.Viktar Korbut

Творчасць мастака Станіслава Жукоўскага (1875-1944), сучасніка Фердынанда Рушчынца і Вітальда Бялыніцкага-Бірулі, ураджэнца сучаснага Ваўкавыскага раёна, вядома кожнаму, хто цікавіцца мастацтвам Беларусі. Яго творы прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Менш вядома ў Беларусі, што Жукоўскі лічыў сябе палякам, а з 1923 года і да трагічнай смерці ў 1944 годзе, падчас Варшаўскага паўстання, жыў у сталіцы Польшчы. У Польшчы, аднак, мастак увогуле амаль невядомы.

Парадаксальна, але імя мастака Станіслава Жукоўскага, які быў палякам і жыў у Польшчы, хаця родам і з беларускага краю, пакуль што не ўключана ў каляндар памятных дат Польшчы на наступны год. А між тым у 2025 годзе споўніцца 150 год з дня яго нараджэння. Тым часам нядаўна выйшла марка “150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага. Сумесны выпуск Беларусі і Расіі”.

І ўсё ж у Польшчы ёсць адзін чалавек, які як ніхто шануе спадчыну Станіслава Жукоўскага. Гэта Ірына Сізоненка з Любліна, ураджэнка Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Яна напісала адзіную на сённяшні дзень манаграфію пра мастака — „Stanisław Żukowski (1875–1944). Czas prawdy” і склала каталог твораў Жукоўскага — „Obraz ten jest przeze mnie wykonany”. Twórczość malarska i wystawiennicza Stanisława Żukowskiego (1875–1944)” (гэта два тамы адной манаграфіі, што ўбачылі свет сёлета ў Выдавецтве Люблінскай архідыяцэзіі Gaudium).

Карціны Жукоўскага цяпер захоўваюцца ў музеях розных краін — у прыватнасці, Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, а таксама ў прыватных зборах, некаторыя з якіх адкрыліся перад даследчыцай. 26 лістапада яна прэзентавала свае працы на пасяджэнні Клуба даследчыкаў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай у Таварыстве мастацтвазнаўцаў у Варшаве. Сустрэча адбылася не без падтрымкі вядомага варшаўскага мастацтвазнаўца, даследчыцы мастацтва Польшчы, Літвы і Беларусі Анны Сыльвіі Чыж. Ірына Сізоненка таксама не адмовілася завітаць на Польскае радыё і падзяліцца сваімі ведамі.

— Ёсць зусім розныя, супрацьлеглыя меркаванні пра яго нацыянальнасць. Я вельмі люблю Беларусь, і ў вольны час, калі ў мяне была магчымасць, я наведвала гэту краіну — ад Гомеля да Брэста. І, вядома, пабывала ў Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, які мае проста выключную калекцыю твораў Жукоўскага, ад якіх можна атрымліваць асалоду і глядзець на іх бясконца.


Афіша лекцыі Ірына Сізоненка пра Станіслава Жукоўскага, што адбылася 26 лістапада падчас пасяджэння Клуба даследчыкаў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай у Таварыстве мастацтвазнаўцаў у Варшаве. Афіша лекцыі Ірына Сізоненка пра Станіслава Жукоўскага, што адбылася 26 лістапада падчас пасяджэння Клуба даследчыкаў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай у Таварыстве мастацтвазнаўцаў у Варшаве.

Ірына Сізоненка звяртае ўвагу на тое, што Станіслаў Жукоўскі і яго спадчына належаць не адной Беларусі.

— Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі нарадзіўся у маёнтку Старая Воля, каля Ендрыхавіц (цяпер аграгарадок у Роскім сельсавеце Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). Ён быў ахрышчаны ў польскім каталіцкім роскім касцёле ксяндзом Віктарам Казлоўскім. Прабачце, але калі кажуць, што ён беларускі мастак, то я хацела б удакладніць, што ён не гаварыў па-беларуску... Але ён прыязджаў час ад часу свой маёнтак Старая Воля. Ці можа гэта быць падставай для таго, каб лічыць яго беларускім мастаком? Хоць ён вельмі любіў гэтыя месцы і пакінуў нам многа пейзажаў адтуль. Увогуле ж, ён мастак культурнага пагранічча — належыць беларускаму, польскаму, літоўскаму, рускаму мастацтву. Ірына Сізоненка напамінае, што значную частку жыцця Станіслаў Жукоўскі пражыў у Варшаве — з 1923 года і да трагічнай смерці ў 1944 годзе падчас Варшаўскага паўстання. Аднак, дадае даследчыца, сапраўды, больш увагі мастаку надаецца ў Мінску, а не ў Варшаве.

Радуе тое, што ў Беларусі адбываецца вельмі многа выставак твораў Жукоўскага. На жаль, у Польшчы Жукоўскі прадстаўлены не такімі вялікімі калекцыямі, як беларускія, расійскія, украінскія — у Кіеве, Адэсе, Данбасе, Крыме і інш. (з Данбаса і Крыма расійскія акупанты вывезлі карціны Жукоўскага ў РФ. — Рэд.). Жукоўскі быў патрыётам Польшчы. У 1944 годзе, калі пачалося Варшаўскае паўстанне, яго папярэджвалі аб ім, заклікалі выехаць на ўскраіну горада або на вёску. Аднак ён адмовіўся. Ён сказаў, што са свайго дома нікуды не пойдзе. Ён дапамагаў паўстанцам, чым мог: насіў ежу, аказваў медыцынскую дапамогу. А калі немцы ўжо расправіліся з паўстанцамі, няпарныя дамы на Кашыковай вуліцы, дзе жыў Жукоўскі, акупанты спалілі. Тады была знішчана і кватэра Жукоўскага, а яго разам з арыштавалі як удзельніка паўстання. Загінуў мастак у Прушкуўскім лагеры смерці ўвосень 1944 года. Ён пахаваны разам з іншымі ахвярамі ў брацкай магіле. Там стаіць помнік і на ім ёсць яго прозвішча.

— Гэты мастак жыў як паляк і памёр як паляк — годна.

Ірына Сізоненка спадзяецца, што Нацыянальны музей у Варшаве ўсё ж прадставіць творы Жукоўскага, якія ў ім захоўваюцца, шырокай публіцы.

— Можа быць, некалі гэтыя работы будуць адрэстаўрыраваны і выстаўлены. Але хачу сказаць што супрацоўнікі музея дапамаглі мне ў працы з гэтай калекцыяй і ў маёй манаграфіі найлепшыя творы адтуль рэпрадукаваны ў колеры. У музеі мне далі слайды высокай якасці.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Варшаўскі беларусіст даследуе Арменію

13.06.2024 14:14
Прафесар Варшаўскага універсітэта Андрэй Масквін на стажыроўцы ў Арменіі вывучае старажытныя і сучасныя культурныя традыцыі гэтай краіны.

Дыялектолаг Мірослаў Янковяк: Пад Вільняй вёскі ўтвараюць скансэн беларускіх, польскіх і літоўскіх гаворак

03.10.2024 14:34
У Вільні і Варшаве выйшла кніга польскага дыялектолага Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Tom 1. Rejon orański.