Беларуская Служба

Тэатральныя і танцавальныя пастаноўкі, а таксама выступы незалежных артыстаў з Беларусі складаюць праграму фестывалю «Блізкі Усход»

04.12.2024 15:17
Сёлетні фестываль праходзіць пад слоганам «Стратэгічны лес».
.
..

Тэатральныя і танцавальныя пастаноўкі, а таксама выступы незалежных артыстаў з Беларусі складаюць праграму фестывалю «Блізкі Усход», які стартуе 9 снежня ў Любліне. Яны будуць суправаджацца дыскусіямі пра становішча беларускіх мастакоў у эміграцыі.

Фестываль, які праводзіцца ў Любліне ў трэці раз, прысвечаны ў асноўным праблемам мастацтва і культуры ў Беларусі і накіраваны на падтрымку творцаў, якія не могуць свабодна працаваць у сваёй краіне.

У гэтым годзе дамінуюць танцавальныя нумары беларускіх артыстаў з удзелам запрошаных танцораў з Украіны і Польшчы. Гэтыя спектаклі закранаюць розныя праблемы — свабоду, смерць, барацьбу дабра і зла, адчужэнне, ізаляцыю, эміграцыю — і выкарыстоўваюць наватарскія, часта эксперыментальныя формы выказвання і авангардныя плыні ў сучасным мастацтве.

«У фестывалі бяруць удзел артысты, якім могуць пагражаць рэпрэсіі, а таксама іх сем'і. Мы стараемся стварыць для іх бяспечныя ўмовы. Яны часта выступаюць пад псеўданімамі», — адзначыў дырэктар фестывалю Павел Пасіні з Цэнтра культуры.

Падчас фестывалю запланавана Лабараторыя — перформанс і танцавальныя майстар-класы з удзелам пісьменнікаў, рэжысёраў, акцёраў, танцораў, харэографаў, музыкаў і перформераў. Майстар-класы будуць сканцэнтраваны на творчасці выбраных беларускіх інтэлектуалаў і тэмах, якія яны абмяркоўваюць, у тым ліку: народнасць у мастацтве, нацыянальная самабытнасць, чысціня і самабытнасць беларускай мовы. Вынікам гэтай сумеснай працы стане відовішча, якое пакажуць у апошні дзень фестывалю.

Сёлетні фестываль праходзіць пад слоганам «Стратэгічны лес». Гэта цытата з рамана беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Аўтар параўнаў Беларусь з востравам, акружаным не морам, а лесам. Як тлумачыць куратар фестывалю Ірына Лапо, гэты стратэгічны лес — метафара месца ўцёкаў, вельмі блізкага беларусам. «Сёння гэты стратэгічны лес знаходзіцца дзесьці па ўсёй Еўропе», — сказала яна.

Падчас фестывалю таксама запланаваны паказ кароткаметражных фільмаў з Беларусі, у тым ліку: дакументальныя і анімацыйныя фільмы, якія былі створаны ў апошнія гады і апісваюць гнятлівую рэчаіснасць, у якой апынуліся іх аўтары.

Фестываль «Блізкі Усход», як падкрэслівае Пасіні, закліканы аб’яднаць артыстаў з краін, якія «падзяляюць агульны досвед цяжкай расійскай агрэсіі», таму сімвалічна праходзіць у чарговую гадавіну увядзення ваеннага становішча ў Польшчы ( 13 снежня 1981 г.).

Мерапрыемства будзе праходзіць 9-15 снежня ў Культурным цэнтры ў Любліне. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры