Творы еўрапейскіх мастакоў, дакументы, напісаныя па-польску ці пра Польшчу, і дзве карціны са збору апошняга караля Польшчы, якія да нядаўняга часу лічыліся страчанымі, — усё гэта можна пабачыць у Каралеўскім замку ў Варшаве. У экспазіцыю ўвайшлі амаль 40 экспанатаў з Нацыянальнага мастацкага музею Багдана і Варвары Ханенкаў у Кіеве. Гэта першая такая маштабная прэзентацыя калекцыі Кіеўскага музею за межамі Украіны. Куратар выставы Томаш Якубоўскі тлумачыць, што канцэпцыя выставы звязаная з мастацкімі кабінетамі, якія створаліся ў 17-18 стагоддзях:
- Мы запоўнілі памяшканне карцінамі, як тагачасныя мастацкія кабінеты. Як у той час віселі карціны розных мастакоў, так і мы маем італьянскія, галандскія, фламандскія, французскія карціны. Тут прозвішчы выбітных мастакоў, як Рубенс, Белота, звязаны з замкам.
Пасля расійскіх нападаў на Кіеў восенню 2022 года кіраўніцтва музею вырашыла перадаць частку калекцыі мастацтва ў Каралеўскі замак у Варшаве. Так узнікла новая выстава, кажа дырэктарка замку Малгажата Аміланоўска-Кільянчык:
- З аднаго боку, гэта вынік выратавальнай акцыі, у рамках якой з Кіева эвакуіравалі самыя каштоўныя зборы. Па-другое, мы хацелі выкарыстаць тое, што карціны паявіліся ў Польшчы, каб вывучыць працы, правесці кансервацыю, і па-трэцяе, паказаць польскаму гледачу.
Выстава будзе даступная да 30 сакавіка.
Нацыянальны мастацкі музей Багдана і Варвары Ханенкаў у Кіеве — самая вялікая і каштоўная калекцыя мастацтва ва Украіне. Яна ўключае еўрапейскія, азіяцкія і антычныя творы. 10 кастрычніка 2022 года ў выніку серыі ракетных удараў будынак музею атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні. Дзякуючы папераджальным захадам, удалося пазбегнуць страт у калекцыі.
ав