Беларуская Служба

Літаратурны рэпартаж пра паваенныя лёсы беларусаў Падляшша атрымаў прызнанне чытачоў у Польшчы

12.12.2024 14:38
У планах пераклад кніга Анэты Прымакі на беларускую мову.
Аўдыё
  • Літаратурны рэпартаж пра паваенныя лёсы беларусаў Падляшша атрымаў прызнанне чытачоў у Польшчы
Анэта Прымакафота: З. Косцін

Літаратурны рэпартаж пра паваенныя лёсы беларусаў Падляшша і складаныя беларуска-польскія адносіны ў ХХ стагоддзі атрымаў прызнанне чытачоў у Польшчы. Кніга «Кamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia» Анэты Прымакі атрымала чытацкую ўзнагароду Гранд Прэс 2024. Як адзначыла ў размове са Змітром Косціным аўтарка, узнагарода чытачоў — самая важная для творцы:

— Пасля абвяшчэння намінантаў на ўзнагароду, я ўвесь час чытала ў сацыяльных сетках, як людзі заахвочвалі іншых галасаваць за гэтую кнігу, пісалі, што яна была для іх важнай. Змяшчалі спасылкі на галасаванне на сваіх профілях. Гэты было важным для мяне, бо азначала, што людзі прымалі гэты літаратурны рэпартаж, як расповед пра «нас». Я думаю, што для журналіста, рэпарцёра няма важнейшай узнагароды, чым прызнанне чытачоў.

У лакальным падляшскім беларускім фэйсбуку можна было сапраўды пабачыць шмат заклікаў да падтрымкі. Гэта не здзіўляе, бо падчас творчых сустрэч тут, на Падляшшы, іх удзельнікі не рэдка казалі, што Вы здолелі ў даступнай форме распавесці пра лёс беларусаў Беласточчыны. Але відавочна, што «беларускіх» галасоў не хапіла б для перамогі. Акрамя сустрэч на польска-беларускім памежжы Вы прэзентавалі кнігу таксама і ў іншых рэгіёнах Польшчы. Як польская «большасць» рэагавала на кнігу, дзе гісторыя магла бы для іх не надта прыемнай?

— Мне прыемна было чуць пазітыўныя водгукі пра кнігу не толькі з боку беларускага ці праваслаўнага асяроддзя. У Польшчы адкрытыя на тое, каб слухаць і чуць галасы меншасцяў. Цяпер можна заўважыць большую адкрытасць на гісторыю меншасцяў, не толькі беларускай. Кашубы, сілезцы, літоўцы, украінцы, немцы, але не толькі нацыянальныя меншасці распавядаюць сваю гісторыю. Таксама жаночая перспектыва гісторыі. Хоць яны па колькасці складаюць большасць у грамадстве, традыцыйна іх досвед таксама ў культуры быў маргіналізаваны. Кнігу ўспрымаюць часта вельмі пазітыўна іншыя меншасці. Я сама натхняюся іх аповедамі, а яны прымаюць мае кнігі як наш супольны голас. Іншае вымярэнне ўспрымання — гэта ўспрыманне кнігі польскай большасцю тут, на Падляшшы. Гэта большы выклік. Тут цяжка слухаць меншасную перспектыву супольнай гісторыі. Але на многіх сустрэчах прыходзілі польскія чытачы і казалі: «Дзякуй, што мы таксама можам зірнуць на гісторыю вашымі вачыма». Часам да мяне падыходзілі нашчадкі ўдзельнікаў т. Зв. «банд». Яны мне казалі: «У нашых сем’ях пра такое не распавядалі, але мы адчуваем, што нешта было не так, што вобраз антыкамуністычнага падполля не заўсёды крыштальна чысты». Вядома, ёсць тыя, хто кажуць: «Выклятыя жаўнеры» — гэта нацыянальныя героі, і вы не маеце права іх абражаць«. Пішучы кнігу, я не мела на ўвазе звядзенне рахункаў, не мела на ўвазе, хто зазнаў больш крыўды. Я хацела, каб адбылася «сустрэча», падчас якой можна не толькі гаварыць, але і слухаць. Мы, як меншасць, прызвычаіліся «слухаць». Нашая задача нярэдка палягала на тым, каб толькі слухаць і ўспрымаць погляд польскай «большасці». Але важна не толькі гаварыць, але часам замаўчаць і паслухаць. Я цешуся, што кніга для некаторых стала магчымасцю на хвіліну затрымацца і паслухаць.

Прыемныя водгукі гучаць пра кнігу «kamienie musiały polecieć» і з боку беларускай дыяспары, якая ўмее чытаць па-польску. А ці плануеце выдаваць гэтую кнігу таксама на беларускай мове?

— Так, вядома, пакуль не магу казаць пра канкрэтныя рэчы, але ёсць такая задума. Мне вельмі важна тое, што кніга адгукнулася таксама і беларусам з Беларусі. Хаця тыя падзеі, пра якія распавядае кніга адбываюцца пасля ўсталявання актуальнай мяжы і наўпрост не датычаць беларусаў з Беларусі. Мне прыемна было чуць, што дзякуючы кнізе людзі лепш пачыналі разумець нас, беларусаў Падляшша. Я спадзяюся, што некалі наступіць працэс нашага збліжэння. Таму пераклад будзе абавязкова.

Кніга «Кamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia» Анэты Прымакі праз прызму сямейнай гісторыі аўтаркі распавядае пра трагічныя паваенныя падзеі на Беласточчыне і спрабуе знайсці адказ ды развеяць стэрэатыпы і недавер, які і ў ХХІ стагоддзі ўплывае на адносіны беларусаў і палякаў на Падляшшы.

зк

слухайце аўдыё