Антось Сівых — беларускі мастак і рэжысёр. Ён увесь час спрабуе знайсці спосаб выклікаць у людзей зацікаўленасць да паэзіі. Вершаформы сталі своеасаблівым спосабам адкрываць новыя формы паэзіі і даследаваць літаратуру. Антось перадае візуальны бок вершаў праз свае працы. Ён запісвае вершы беларускіх і замежных аўтараў літарай за літарай, раскрываючы іх незвычайныя формы ў графічным выглядзе. Гэты кірунак каліграфіі дазваляе адкрываць новыя формы паэзіі і даследаваць патэнцыял літаратуры і культуры ў ХХІ стагоддзі. Мастак часта піша ў грамадскіх месцах, на вуліцах, каб усталяваць кантакт з людзьмі і пагутарыць пра паэзію, мастацтва, пісьмо і мову.
— На ваш погляд, Антось, што такое сёння паэзія, наколькі яна актуальная?
— Паэзія, як мне здаецца, актуальная заўсёды. Незалежна ад таго, колькі людзі чытаюць паэтычных зборнікаў, паэзія існуе ў розных формах і фарматах, у розных медыя.
І неабавязкова нават чытаць паэтычныя зборнікі, каб сутыкацца з паэтычным асэнсаваннем свету і яго адчуваннем. Паэзія — гэта спосаб адкрываць свет.
— Калі вы загаварылі пра сучасныя паэтычныя формы, што вы маеце на ўвазе?
— Напрыклад, я раблю вершаформы. Гэта графічныя творы, графічны спосаб перадаваць вершы. Я пішу верш, які мне падабаецца, літарай за літарай, словам за словам па-беларуску, і атрымліваецца візуальная форма. Часам гэта форма вельмі пазнавальная і канкрэтная, а часам гэта форма, у якой кожны знойдзе нешта сваё. Нядаўна я адкрыў выставу на гэтую тэму, туды прыходзяць людзі, з імі можна пагутарыць пра паэзію, пачытаць розныя кнігі, параўнаць з візуальнымі творамі. І, на мой погляд, вельмі важна ствараць дыскусію наконт паэзіі і літаратуры наогул.
— У такіх сучасных формах паэзіі якія галоўныя ідэі, што прыцягвае да іх людзей?
— На мой погляд, гэта перадача досведу быцця чалавека, жыцця ў гэтым свеце, розных уражанняў, якія ты маеш у жыцці, і рознага кантэксту, які ты перажываеш. Насамрэч, паэзія вельмі часта пра рэчы, якія ідуць углыб сябе, у розныя свае перажыванні, адчуванні. Але вельмі часта гэта і сацыяльныя рэчы, то бок калі адбываюцца нейкія сацыяльныя падзеі, паэты вельмі часта рэагуюць на гэта, і гэтыя тэмы пачынаюць развівацца. Але яны маюць водгук на такім базавым узроўні адчування ў самім чалавеку. Гэта звычайна тое, што потым выходзіць у паэтычных зборніках, відэа-эсэ, візуальных формах або ў тых формах, у якіх сёння можа жыць паэзія.
— На мой погляд, з гадамі паэзія ўсё ж страціла сваю папулярнасць, ёй не цікавіцца столькі людзей, як гэта было раней. Як вы лічыце, чаму?
— Гэта менавіта тое, чаму мне было важна сёння правесці сваю размову, каб апісаць, якія сёння існуюць розныя феномены сучаснай паэзіі і як паэзія наогул можа суіснаваць з сучасным светам. Як можна рабіць так, каб людзі з гэтай паэзіяй сутыкаліся, каб людзі яе чыталі, знаёміліся з ёй. Можна адкрыць вельмі шмат і пра сябе, і пра свет навокал, і пра грамадства, у якім ты жывеш, проста адкрываючы розныя кнігі вершаў. І сапраўды, з аднаго боку людзі зараз менш чытаюць вершаў, іх не дэкламуюць на стадыёнах і г. д. , але паэзія ў пэўным сэнсе адаптавалася.
— Не прынята цяпер неяк чытаць вершы, як раней. Вось прысутнічае паэт, але яго не просяць пачытаць вершы…
— Ёсць такое распаўсюджанае меркаванне сярод паэтаў, тых, хто звязаны з вершамі, маўляў, ёсць часы паэтычныя, ёсць часы не паэтычныя. На мой погляд, гэта не зусім так. Паэзія ўвесь час адаптуецца і знаходзіць адпаведныя фарматы, у якіх усё ж трапляе да чытача. Апошнія дзесяцігоддзі вялікай папулярнасцю карыстаецца той самы рэп, фільмы пра паэтаў, якія рамантызуюць іх жыццё, паэтычныя слэмы ў заходніх краінах і г. д. Проста ў розныя часы паэзія падбірае розныя формы, у якіх трапляе да чытачоў.
— Цяпер, калі паэзія пачала змяняць формы, каб трапіць да чытача, ці не страчвае яна ў той жа час сваёй сутнасці?
— На мой погляд, не. Па-першае, таму што паэзія ад пачатку яе з’яўлення існавала не ў свеце кніг. Першыя паэты не друкавалі свае вершы, а дэкламавалі іх, і яны жылі ў вуснай форме. Канешне, цяпер значна меншыя наклады паэтычных кніг, менш людзей іх купляе, але гэта не значыць, што ў прынцыпе запатрабавання на паэзію няма. Гэта азначае, што паэзія змяняе сваё жыццё, што будзе нешта новае. А што — гэта я якраз і імкнуся зразумець.
— Як вы прапагандуеце паэзію?
— Мой першы спосаб прапагандаваць паэзію на гэты момант — вершаформы. Я літаральна выходжу на вуліцу, пачынаю ствараць іх, пачынаю пісаць літарай за літарай верш. Да мяне падыходзяць людзі, цікавяцца, мы размаўляем часам пра паэзію, часам пра мову, а часам пра іншыя рэчы. Для мяне гэта спосаб распачаць дыскусію пра паэзію. Я сябе не называю паэтам, хаця раней шмат пісаў, але цяпер ствараю шмат візуальных твораў. Паэзія мне проста цікавая як спосаб адкрыцця свету. Паэтычныя кнігі — гэта як энцыклапедыі, у якіх ты можаш пазнаваць свет, адкрываючы любы аркуш. Такім чынам я спрабую гэта распаўсюджваць праз свае творы, праз падзеі, якія я раблю. Сёлета я зрабіў пяць падзеяў у розных гарадах: прыязджаю ў гарады і ствараю там свае вершаформы, адкрываю выставы і раблю розныя іншыя рэчы, якія прапагандуюць паэзію.
— У вас ёсць любімыя паэты?
— Кніжка, якую я заношваю, выглядае ўжо даволі кепска, бо я яе нашу вельмі часта, — гэта Шарль Бадлер. Гэта пераклад на беларускую мову з выдання «Паэты планеты». У мяне з гэтага выдання ёсць і шмат іншых кніг паэтаў розных часоў. На мой погляд, выдатная серыя ў сучаснай беларускай прасторы. З беларускіх паэтаў я вельмі люблю Багдановіча. Ён перанёс беларускую літаратуру з аднаго стану ў іншы праз розныя літаратурныя кірункі, праз усё, што перажывала паэзія напрыканцы xix стагоддзя літаральна за некалькі гадоў. Сярод беларускіх паэтаў мне яшчэ падабаецца Юры Таўбін. У яго вельмі наіўныя, юнацкія, гарадскія вершы, якія настолькі шчырыя і простыя, што іх хочацца чытаць і перачытваць. У іх увесь час знаходзіш нешта сваё.
«Паэзія — гэта не толькі словы, але і спосаб бачання свету», — зазначае на развітанне Антось Сівых.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфай