33 гадзіны - гэта новы неафіцыйны польскі рэкорд у ігранні блюзу без перапынку, усталяваны ў Беластоку. У музычным марафоне ўзялі ўдзел больш за 20 выканаўцаў з Польшчы і з-за мяжы. Яны пачалі граць у 17.00 у пятніцу і закончылі ў 2 гадзіны ночы ў нядзелю.
Незвычайны канцэрт адбыўся ў адным з беластоцкіх музычных клубаў, па чарзе на дзвюх спецыяльна падрыхтаваных сцэнах. «Мы гралі 33 гадзіны і некалькі хвілін», — распавёў PAP адзін з арганізатараў, журналіст і музыка Марэк Гансяроўскі.
Гэта была шостая такая спроба, арганізаваная ў Беластоку. Год таму блюзмены гралі без перапынку 32 гадзіны. Падчас цяперашняга выступу музыкі хацелі пабіць гэты рэкорд на гадзіну. У 2018 годзе, калі мерапрыемства было арганізавана ўпершыню, канцэрт доўжыўся 28 гадзін.
З пятніцы па нядзелю пад дэвізам «Блюз і браты малодшыя» выступілі больш за 20 выканаўцаў. Галоўнай мэтай мерапрыемства была – у шырокім сэнсе – папулярызацыя блюзу як музычнага жанру, які мае даўнія традыцыі на Падляшшы.
«Мы пабілі рэкорд, папулярызавалі блюз, а таксама здолелі, у нейкай мінімальнай ступені, зламаць стэрэатып, што Падляшша — гэта край, дзе ствараюцца толькі «прэсныя» песні, і гэта ўсё, што людзі слухаюць», — дадаў Гансяроўскі.
Па яго словах, нават позна ўвечары ці зранку ў клубе была публіка, хтосьці прыходзіў спецыяльна на нейкі выступ, напрыклад, у 5 раніцы. «Безумоўна, гэта быў незвычайны канцэрт, таму што музыкі ў гэты час граюць толькі на вяселлях, а звычайных нармальных канцэртаў дакладна не граюць», — дадаў ён.
Упершыню мерапрыемства мела і дабрачынную мэту, бо збіраліся ахвяраванні для фонду «Polacy znad Niemna» (арганізатар мерапрыемства), які дапамагае палякам за ўсходняй мяжой. Грошы плануецца накіраваць на адукацыю, у тым ліку на падтрымку вывучэння польскай мовы. Таксама фонд плануе падрыхтаваць пасылкі да Каляд.
Стратэгічным партнёрам і галоўным спонсарам таго, што арганізатары называюць «найдаўжэйшым канцэртам у Польшчы», стаў урад Падляскага ваяводства.
ав