Беларуская Служба

Кінаэксперты і фільммэйкеры склалі спіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю

25.12.2024 11:12
Спіс падрыхтавалі да 100-годдзя беларускага кіно, якое сёлета адзначалася 17 снежня.
Аўдыё
  • Кінаэксперты і фільммэйкеры склалі спіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю
.
.geralt/pixabay.com/CC0

Рэйтынг найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю склалі кінаэксперты і дзейныя фільммэйкеры з ініцыятывы Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA)

У спіс найлепшых беларускіх фільмаў увайшлі 50 стужак, агулам жа ў індывідуальных спісах экспертаў згаданыя 174 карціны. У фармаванні рэйтынгу ўзялі ўдзел 49 асобаў. Такім чынам гэта найбольш шырокае апытанне, якое дасюль праводзілася на гэтую тэму, з пункту гледжання як рэпрэзентацыі фільмаў, гэтак і колькасці экспертаў.

50 стужак, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, размешчаныя на сайце BIFAразам з сінопсісамі, фестывальнымі гісторыямі фільмаў і каментарамі экспертаў. Тут жа можна знайсці індывідуальныя спісы кожнага з удзельнікаў апытання: у ім узялі ўдзел беларускія рэжысёры, кіназнаўцы, фестывальныя арганізатары, а таксама замежныя прафесіяналы сферы.

Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава супольнай вытворчасці савецкіх кінастудыяў «Беларусьфільм» і «Масфільм», за якую прагаласавалі 26 рэспандэнтаў. З мінімальным адрывам на другім месцы размясцілася індзі-карціна «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, што набрала 24 галасы. Стужку знялі ўжо ў незалежнай Беларусі, яна, як і «Ідзі і глядзі», паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны, але з альтэрнатыўнай перспектывы.

З 50 фільмаў, прызнаных найлепшымі, 30 знятыя пасля распаду СССР. Паводле крытэрый, у рэйтынг маглі быць залучаныя фільмы, знятыя беларусамі (паводле самаідэнтыфікацыі) у любой з краін свету, і фільмы, знятыя любымі рэжысёрамі на беларускіх кінастудыях.

Адлік беларускага кіно традыцыйна вядзецца з 17 снежня 1924 года, калі была створаная кінастудыя «Белдзяржкіно» (сёння «Беларусьфільм»).

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры