Беларуская Служба

Аб'ектыўнага дакументальнага кіно ў Беларусі практычна не засталося

02.01.2025 17:03
На месца таленавітых дакументалістаў прыйшоў Азаронак.
Аўдыё
  • Беларуская дакументалістыка пасля 2020 года.
     .
Мікалай Лаўранюк у студыі Польскага радыё.Фота: Беларуская служба Польскага радыё / нг

У якім стане сёння беларускае кіно, перш за ўсё дакументальнае? Калі да 2020 года было яшчэ крыху свабоды ў гэтай сферы, нават існаваў вектар, крытычны ў адносінах Расіі, дык пасля 2020-га, калі ва ўладаў Беларусі не было іншага выхаду, як цалкам трапіць пад уплыў Расіі, аўтары сталі ствараць прарасійскае ідэалагічнае кіно. Цяпер сапраўднай дакументалістыкі практычна няма, засталася прапаганда – гаворыць госць нашай студыі Мікалай Лаўранюк, былы куратар мінскага кінафестывалю «Лістапад», сцэнарыст, прадзюсар.

– Мы жывём у час пост-праўды, ці магчыма ўвогуле праўду паказаць, як яна ёсць? Ёсць напэўна нейкія тэмы, якія нельга закранаць нават дакументалістам. І ёсць тэмы, якія трэба закранаць. Для ўсіх відавочна, хто працуюць у Беларусі, што адбываецца з дакументальным кіно, мастацтвам. Канешне, гэта моцная цэнзура, якая заўсёды існавала, але зараз сітуацыя, пасля 20-га года, канешне, змянілася.

Калі мы размаўляем, напрыклад, пра кінастудыю Беларусьфільм, пра тое, о адбываецца там, дзе раней можна было абыходзіцца неяк без ідэалагічных тэму, дык зараз гэта практычна ўжо немагчыма, па сутнасці студыя ператварылася ў фабрыку прапаганды, мы бачым, як гэта працэс адбываецца. Заўсёды былі тэмы, на якія здымаць проста не выходзіла. Скажам так, крытычна падыходзіць да дзяржавы, гэта немагчыма. Зараз увогуле трэба быць заўсёды камплементарным, каб працаваць ў гэтай сістэме. Шмат было звальненняў на кінастудыі, з’явіліся новыя твары, напрыклад, будзе Азаронак малодшы працаваць на кінастудыі.

Ні ў якім выпадку я б не хацеў сказаць, што раней дакументалісты займаліся некай прапагандай, ідэалогіяй, такія выбітныя нашы творцы, як Віктар Аслюк, як Міхаіл Жданоўскі, Вольга Дашук... Канешне, яны фіксавалі рэчаіснасць, лёс Беларусі, лёс беларускага народа. Той, што яны маглі, яны, мне здаецца, яны рабілі.

А што з імі цяпер, з гэтымі людзьмі?

– Па рознаму адбываецца, гэтыя людзі ўжо не працуюць на кінастудыі, хтосьці з'ехаў, там няма людзей такога таленту, такога майстэрства, якія б працягвалі  здымаць кіно. А хто прыйшоў замест іх? Ну, вось Азаронак прыйшоў.

А як беларусы ставяцца да ідэалагічных фільмаў, ці яны хочуць на іх хадзіць у кінатэатры?

– Людзі глядзяць гэта дома, тыя, хто гэтым цікавіцца. Навошта на гэта ісці ў кіно, грошы плаціць за тое, што нам кожны вечар расказваюць па ўсіх беларускіх каналах? У кінатэатры ходзіць арганізаваны глядач – школьнікі, студэнты, ваенныя... Ну, гэта не новая практыка. І на мастацкія, і на ігравыя фільмы заўсёды заганялі. Я хадзіў на Анастасію Слуцкую, калі ў школе вучыўся. Нікому гэта не цікава. У Беларусі не атрымалася дзяржаве пабудаваць кінематограф як прапагандысцкі элемент. Таму што кіно не вельмі гэтай дзяржаве і так званаму прэзідэнту было цікава. А прапаганда заўсёды ішла па тэлебачанні.

нг

Слухайце далучаны гукавы файл