14 лютага 2025 года будзе абраны прадстаўнік Польшчы на конкурс песні «Еўрабачанне», які адбудзецца ў маі гэтага года ў Швейцарыі. Сёлета ў галасаванні будуць прымаць удзел выключна тэлегледачы Польскага тэлебчання, высылаючы СМС-паведамленні. Вялікую хвалю каментарыяў выклікала кампазіцыя дуэту з Падляшша. Людзі спрачаюцца наконт выкарыстанай у кампазіцыі так званай «падляшскай мовы».
За магчымасць выступіць на міжнароднай сцэне пазмагаюцца 10 гуртоў або вакалістаў:
- Chrust з песняй «Tempo»
- Daria Marx — «Let it burn»
- Dominik Dudek — «Hold the light»
- Janusz Radek — «In cosmic mist»
- Justyna Steczkowska — «Gaja»
- Kuba Szmajkowski — «Pray»
- Marien — «Can’t hide»
- Sonia Maselik — «Rumours»
- Sw@da x Niczos — «Lusterka»
- Tynsky — «Miracle»
Фаварыткай з’яўляецца Юстына Стэчкоўска, але, нечакана, у сеціве шмат разважаюць пра песню дуэту Sw@da і Niczos (Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук). Яны прадставілі кампазіцыю на падляшскім дыялекце, што выклікала вялікі розгалас. Песня «Lusterka» была вельмі цёпла сустрэтая прыхільнікамі клубнай музыкі, якая, у спалучэнні з элементамі фольку стварае ўражанне ідэальнай кампазіцыі для «Еўрабачання». У каментарах пад запісам на YouTube можна прачытаць:
«Ёсць артыстычнасць, рэгіянальнасць, карані, і ў той жа час глабальнае, універсальнае, глыбокае гучанне. Яны сапраўды класныя», «Калі гэты цуд трапіць на „Еўрабачанне“, дык з добрымі светлавымі эфектамі, у нас сапраўды ёсць шанец атрымаць добры вынік» або «Выдатная песня, спадзяюся, яна пераможа на адборы!».
Вось як адрэагаваў на гурт і яго песню музычны блогер miechulec (Mieszko Czerniawski), які займаецца тэматыкай Еўрабачання.
- Дуэт Sw@da i Niczos — раней невядомы шырокай публіцы, а яго песня «Lusterka» выклікае шмат пытанняў. Клубная, цікавая музыка, якая можа ўводзіць у транс, уражанне ад тэксту — Украіна на Еўрабачанні! Спалучэнне сучаснай музыкі і фольку. Мова проста незвычайная, але гэта не ўкраінская мова, і не беларуская, гэта падляшскі дыялект. Трэба сказаць, што такога яшчэ не было. Патрэбная добрая вакальная падрыхтоўка, каб праспяваць кампазіцыю. Калі б Украіна нешта такое адправіла на Еўрабачанне, яна б на пэўна ўвайшла ў першую пяцёрку. Гэта нешта новае, свежае, мяне цешыць, што выканаўцы трапілі ў адборачны тур. Унікальны праект. Добра, што Еўрабачанне прыцягвае такіх людзей, дае ім магчымасць паказаць сябе ўсёй Польшчы.
Праўда, акрамя пахвальных каментароў, у сеціве няма недахопу ў галасах, якія адкрыта крытыкуюць песню і яе мову:
«Гэта такі падляшскі дыялект, якога нават самі жыхары Падляшша не чулі», «Я жыву на Падляшшы. Гэта поўная лухта, дыялект не з нашых краёў».
Так што нават самі жыхары Падляшша не ўпэўненыя, што падляшскі гурт напісаў песню на іх мове. І таму я вырашыла звярнуцца па тлумачэнні да спецыялісткі па дыялекталогіі беларускай мовы — прафесаркі Варшаўскага ўніверсітэту Ніны Баршчэўскай. А першае пытанне, якое мне задала Ніна пра гурт, гучала «А з якой яны вёскі?», што паказвае, наколькі разнародная мова жыхароў Падляшша — гаворка ў розных населеных пунктах можа значна адрознівацца.
- Гэта гістарычна вынікае з пасяленчых працэсаў, якія тут адбываліся. Цэлае Падляшша падзелена на тры рэгіёны, дзе назіраецца рознае вымаўленне. На Падляшшы назіраецца вялікае моўнае багацце. І гэта адлюстроўваецца ў творчасці гурта Sw@da i Niczos, таму што яны ў адной песні сумяшчаюць некалькі моў — пачынаюць на падляшскай гаворцы, на гэтай пераходнай беларуска-ўкраінскай, потым пераходзяць на чыстую беларускую літаратурную мову, паяўляецца расійская мова.
Я думала, навошта, з якой мэтай. Адзінае, што прыходзіць у галаву — каб паказаць вось гэтае багацце, бо на гэтае тэрыторыі сапраўды людзі спявалі розныя песні — і ўкраінскія, і беларускія, і расійскія. Хацелася б, каб зацікаўленне рэгіёнам пашыралася, бо гэта будзе спрыяць захаванню моўнай разнастайнасці. А вядома, што чым даўжэй удасца захаваць гэтую культурную разнароднасць Падляшша, тым лепш для рэгіёну, які становіцца больш прывабным для іншых.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
Размаўляла Наталля Грышкевіч