Беларуская Служба

Палякі, літоўцы і беларусы разам даследуюць спадчыну ВКЛ

07.03.2025 16:02
У пасольстве Літвы ў Польшчы адбылася дыскусія пра мастацтва і мовы Вялікага Княства Літоўскага. 
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Пра Вільню і ВКЛ у пасольстве ЛР у РП.
4              :   ,  ,  -,  ,   ,  .
4 сакавіка падчас дыскусіі пра спадчыну ВКЛ у пасольстве Літвы ў Варшаве — злева направа: Анна Сыльвія Чыж, Кшыштаф Талкачэўскі, Катажына Календа-Корчак, Караль Гутмаер, Біруце Рута Віткаўскене, Дарота Янішэўска–Якубяк.Viktar Korbut

Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Польшчы і Інстытут мастацтвазнаўства варшаўскага Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышыньскага арганізавалі 4 сакавіка дыскусію пра мастацтва і культуру Вільні, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Гаварылі і пра Беларусь: Гродна, Ружаны.

У 2023 годзе адзначалася 700-годдзе першай згадкі ў пісьмовых крыніцах сталіцы Літвы — Вільні. Юбілей прайшоў. І адным з яго вынікаў стаў выхад часопіса Інстытута мастацтвазнаўства варшаўскага Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышыньскага Artifex Novus. У ім з’явіліся публікацыі польскіх, літоўскіх і беларускіх вучоных, некаторыя з якіх 4 сакавіка сабраліся ў пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Варшаве: Біруце Рута Віткаўскене, Аўшра Васіляўскене, Кшыштаф Талкачэўскі, Катажына Календа-Корчак, Караль Гутмаер, Анна Сыльвія Чыж.

Дарота Янішэўска–Якубяк звярнула ўвагу на тое, што ў Польшчы і Літве крыху адрозніваюцца погляды на агульную спадчыну часоў Рэчы Паспалітай. У Польшчы ў апошнія гады глядзяць на тыя часы праз прызму гісторыі каралёў, а ў Літве — праз біяграфіі магнатаў.

— Мы назіраем у Літве вялікі поспех выставак, прысвечаных менавіта магнацкім родам. Даследаванні, прысвечаныя шляхецкім родам, даюць вельмі цікавыя вынікі, і гэта павінна перакладацца на візуалізацыю. Выстаўкі ў Вільні, прысвечаныя Радзівілам, Пацам, — гэта прыклады экспазіцый, якія з'явіліся дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву. Гэта выстаўкі, што складаліся не толькі з польскіх ці літоўскіх калекцый. І міжнароднае супрацоўніцтва вельмі падтрымлівае навуковыя даследаванні.

Праблематыку, агучаную Даротай Янішэўскай-Якубяк, закранула ў сваім выступленні і вядомая варшаўская даследчыца архітэктуры і мастацтва Вільні Анна Сыльвія Чыж.

— У мяне такое адчуванне, што ў Польшчы ў 1990-2000-я гг. больш даследавалі гісторыю асобных прадстаўнікоў шляхецкіх родаў, іх палацаў, а цяпер — менш. Тым не менш, гісторыя некалькіх родаў, як, напрыклад, Сапегаў, добра адлюстравана ў навуковай літаратуры. А вось іншыя, як Радзівілы, не так шырока прадстаўлены ў даследаваннях.

Здаецца таксама, што мы недастаткова папулярызуем сярод шырэйшай публікі свае даследаванні шляхецкіх родаў — іх ролю ў развіцці культуры, у палітыцы. Тым часам у Літве гэта робяць плённа — па Сапегах, Радзівілах, а таксама Пацах.

Што, на маю думку, адрознівае нас, палякаў, ад літоўцаў, гэта тое, што літоўцы вельмі дбаюць пра тое, каб папулярызаваць вынікі сваіх даследаванняў праз выстаўкі. Навуковых кніг «звычайныя» людзі не чытаюць — не варта сябе падманваць. І да шырокай публікі мы дойдзем скарэй праз выстаўкі — добра арганізаваныя, з прывабнымі плакатамі.


Спецнумар часопіса Artifex Novus, выдадзены к 700-годдзю першай згадкі ў пісьмовых крыніцах сталіцы Літвы — Вільні. Спецнумар часопіса Artifex Novus, выдадзены к 700-годдзю першай згадкі ў пісьмовых крыніцах сталіцы Літвы — Вільні.

Адкрыццё ў студзені гэтага года ў падземеллях віленскага кафедральнага касцёла тайніка з пахавальнымі рэгаліямі манархаў Літвы і Польшчы — караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Аляксандра, яго першай жонкі Эльжбеты Габсбург, а таксама Барбары Радзівіл, жонкі Жыгімонта Аўгуста, выклікала хвалю каментарыяў адносна прыналежнасці гэтых рэліквій. Яны былі выяўлены яшчэ ў 1930 годзе, калі Вільня ўваходзіла ў склад Польшчы, і былі схаваны ў 1939 годзе перад уваходам у горад Чырвонай Арміі. З другога боку, Ягелоны — гэта дынастыя літоўскага паходжання, таму іх прадстаўнікоў хавалі як у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, так і ў Вільні. Караль Гутмаер напомніў пра тое, што ў Вільні, каля кафедральнага касцёла, быў яшчэ адзін храм.

— Ёсць завяшчанне Жыгімонта Аўгуста, у якім ён апісвае, дзе і як хоча быць пахаваны. Ён дакладна вызначыў, што, калі памрэ ў Польскім каралеўстве, то хоча быць пахаваны на яго тэрыторыі, а калі ў ВКЛ, то ў Літве. Паколькі кароль памёр у Польшчы, то быў пахаваны ў кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве. Аднак у Вільні ўзводзіўся касцёл святой Ганны і святой Барбары, які павінен быў стаць каралеўскім маўзалеем. Ён не быў скончаны. Меў паўкруглую форму. Гэта быў унікальны праект у духу Рэнесансу.

Вядома, што ў храмах, на надмагіллях эпохі Рэчы Паспалітай у Літве, Беларусі часта сустракаюцца надпісы на польскай мове. А як у гэтым «польскім моры» знаходзяць сваю этнічную спадчыну літоўцы? Сваім поглядам дзеліцца даследчык гэтай тэмы з Вільні Кшыштаф Талкачэўскі.

— На мой погляд, мова як аб’ядноўвае, так і падзяляе нас. На якой мове гаварылі ў Вялікім Княстве Літоўскім? Вядома, там было мноства моў. Колькасць этнічных груп і моў была велізарнай. Але ж з біялагічнага пункту гледжання мы, людзі, не адрозніваемся адно ад аднаго. Чым адрозніваюцца паляк, немец ці рускі? Мы — людзі аднаго віду. Але ў нас ёсць такія нябачныя рысы, якія нас аб'ядноўваюць. Гэта нешта нематэрыяльнае, але людзі аб'ядноўваюцца вакол гэтага — мовы, ідэнтычнасці. Аднак, на мой погляд, гаворачы пра тое, што мы называем нацыянальнай ідэнтычнасцю ў часы Вялікага Княства Літоўскага, мы прыпісваем гэтаму сучасныя ўяўленні Я часта заўважаю гэта ў дыскусіях у фэйсбуку: сустракаюся з памылкамі, пераносам сучасных уяўляенняў аб нацыянальнай ідэнтычнасці на мінулае, што не зусім адлюстроўвае рэальнасць даўніх часоў. Напрыклад, з'яўляецца тэндэнцыя разглядаць Вялікае Княства Літоўскае як адзіную нацыянальную адзінку, хаця на самай справе гэта была нашмат больш разнастайная дзяржава. Часта ў фэйсбуку можна сустрэць такое стаўленне, якое не ўлічвае складаную моўную і культурную рэальнасць таго перыяду. Сярод некаторых беларусаў у фэйсбуку я назіраю схільнасць успрымаць Вялікае Княства Літоўскае як «беларускае», дзе быццам бы літоўцы размаўлялі па-беларуску, а «сённяшняя» літоўская мова, маўляў, гэта «жамойцкая». У некаторых беларусаў гэты псеўдагістарычны падыход ярка выражаны. Многія людзі прытрымліваюцца псеўдагістарычных падыходаў да моўных і нацыянальных пытанняў у Еўропе, у тым ліку і ў нас, у Літве. На самай справе ў Вялікім Княстве Літоўскім выкарыстоўваліся розныя мовы — польская, літоўская і іншыя.

А беларускім чытачам часопіса Artifex Novus будзе цікава прачытаць тэксты пра гісторыю Старога замка ў Гродне і палаца Сапегаў у Ружанах.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Вільні экспануюцца 300 рэчаў роду Пацаў — выхадцаў з-пад Гродна і Ліды, а ў іх палацы знаходзіцца пасольства Польшчы ў Літве

07.11.2024 15:16
На выстаўцы ў Вільні можна ўбачыць пячатку канцлера ВКЛ, адзіную, што захавалася да нашых дзён: яна прыехала з Варшавы, — расказвае Анна Сыльвія Чыж.