Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня аднаго з важнейшых рок-гуртоў у гісторыі польскай музыкі

07.03.2025 19:25
Яго музыка вызначала гучанне польскага року ў 1980-х і 1990-х гадах.
 .
Гжэгаж Маркоўскі.Фота: Darek Kawka/Polskie Radio

Апошнім часам у гэтай моўна-музычнай рубрыцы я прапанавала паслухаць і разабраць кампазіцыі адносна маладых аўтараў, якія нядаўна выступаюць на польcкай сцэне, у тым ліку паяўляліся сінглы перад выпускам новых кружэлак. А сёння я вырашыла вярнуцца да класікі музычнай сцэны і прадставіць вашай увазе кампазіцыю, якая ўвайшла ў канон 100 важнейшых кампазіцый польскіх выканаўцаў.

Гаворка ідзе пра гурт Perfect. Гэта адзін з важнейшых, знакавых рок-гуртоў у гісторыі польскай музыкі. Створаны ў 1977 годзе ў Варшаве, яго музыка вызначала гучанне польскага року ў 1980-х і 1990-х гадах. Заснавальнікам групы быў басіст Здзіслаў Завадзкі, вакалістам стаў Гжэгаж Маркоўскі. Гурт свой зорны час перажыў у 80-ыя гады, тады яго песні сталі гімнамі для тагачаснага пакалення палякаў. Дэбютны альбом Perfect 1981 года выпуска прынёс такія хіты, як:

«Nie płacz, Ewka (Не плач, Еўка)» - адна з самых вядомых балад у гісторыі польскага року; «Chcemy byc sobą (Мы хочам быць сабой)» - маніфест рок-свабоды; «Ale wkoło jest wesoło (Але навокал весела)» - іранічны погляд на рэчаіснасць ПНР.

Творчасць групы – гэта ідэальнае спалучэнне меладычнага року з цікавымі тэкстамі, якія закранаюць сацыяльныя, палітычныя і асабістыя праблемы людзей, якія жылі ў Польскай Народнай Рэспубліцы.

Што цікава, палітычныя і эканамічныя перамены не спынілі развіцця групы, праўда, быў перапынак у некалькі гадоў, але ў 90-ыя гурт вярнуўся з новымі альбомамі і канцэртамі, а ў новым стагоддзі Perfect бесперапынна гастраляваў, яго вакаліст Гжэгаж Маркоўскі стаў іконай польскага року. Аднак, гурт распаўся ў 2021 годзе. 

Perfect быў адным з першых польскіх рок-гуртоў, які быў у стане запаўняць стадыёны і вялікія канцэртныя залі, а яго тэксты ведалі (і ведаюць дагэтуль) на памяць некалькі пакаленняў палякаў.

І яшчэ некалькі фактаў пра Гжэгажа Маркоўскага, менавіта яго голас стаў сімвалам польскага року. Нарадзіўся ў верасні 1953 года ў горадзе Падкова Лесьна (Podkowa Leśna) пад Варшавай. Да прыходу ў Perfect прымаў удзел у некалькіх іншых музычных праектах, быў між іншым вакалістам гурта Victoria Singers. Па адукацыі ён авіятэхнік, але музыка хутка перамагла яго авіяцыйныя амбіцыі. Дарэчы, ён быў пілотам планера, перш чым музыка захапіла яго. Менавіта з Маркоўскім Perfect запісаў свае самыя вядомыя хіты.

Маркоўскі — артыст з неверагоднай сцэнічнай энергіяй, які спалучаў рок-н-рол з прыроднай сардэчнасцю. Цікава, што адзіная дачка Гжэгажа – Патрыцыя Маркоўска пайшла ў сляды бацькі і таксама стала вядомай музыканткай. У 2019 годзе выйшаў іх сумесны альбом «Droga». І час ужо прадставіць песню, якую я выбрала з рэпертуару групы Perfeсt – яна называецца „Непераможныя” (Niepokonani).

Gdy emocje już opadną

Jak po wielkiej bitwie kurz

Gdy nie można mocą żadną

Wykrzyczanych cofnąć słów

Czy w milczeniu białych haniebnych flag

Zejść z barykady

Czy podobnym być do skały

Posypując solą ból

Jak posąg pychy samotnie stać

 

Gdy ktoś, kto mi jest światełkiem

Gaśnie nagle w biały dzień

Gdy na drodze za zakrętem

Przeznaczenie spotka mnie

Czy w bezsilnej złości łykając żal

Dać się powalić

Czy się każdą chwilą bawić

Aż do końca wierząc, że

Los inny mi pisany jest

 

Płyniemy przez wielki Babilon

Dopóki miłość nie złowi nas

W korowodzie zmysłów możemy trwać

Niepokonani

Nim się ogień w nas wypali

Nim ocean naszych snów

Łyżeczką się odmierzyć da

 

Trzeba wiedzieć kiedy ze sceny zejść

Niepokonanym

Wśród tandety lśniąc jak diament

Być zagadką, której nikt

Nie zdąży zgadnąć nim minie czas

 

Калі эмоцыі ападуць, як пыл пасля вялікай бітвы, калі нельга ніякай сілаю забраць назад сказаных слоў, у маўчанні белых сцягоў ганьбы сысці з барыкады? Ці трэба быць як камень, пасыпаючы соллю боль, як статуя ганарыстасці ў адзіноце стаяць? 

Калі хтосьці, хто быў маім святлом, раптам гасне сярод белага дня, калі на дарозе за паваротам чакае мяне лёс, ці ў бяссільнай злосці праглынуць смутак? Дазволіць праціўніку сябе паваліць, ці атрымліваць асалоду ад кожнага моманту, да канца верыць у тое, што мне наканаваны іншы лёс?

Мы плывём праз вялікі Вавілон, пакуль каханне не зловіць нас. Мы можам застацца ў карагодзе пачуццяў. Непераможныя, пакуль агонь унутры не пагас. Перад тым, як акіян нашых мар удасца змерыць лыжкай. Трэба ведаць, калі сысці са сцэны. Непераможным. Ззяючы, як дыямент сярод таннасці. Быць загадкай, якую ніхто не разгадае, перш чым скончыцца час.


Wykrzyczanych cofnąć słów – вярнуць словы, якія прагучалі. Кажуць “слова не верабей – вылеціць – не зловіш”. Cofnąć – вярнуць. Увага, палякам здараецца сказаць “cofnąć do tyłu“ – гэта таўталогія. Сам дзеяслоў cofnąć азначае “назад”, скажам, “паехаць назад”, “даць заднюю”. 

Jak posąg pychy samotnie stać – сітуацыя, калі чалавек застаецца сам-насам са сваёй ганарыстасцю, калі ўпарты характар не дазваляе папрасіць прабачэння ці зрабіць крок назад. Даволі часта такія сцэны мы назіраем, асабліва сярод палітыкаў, як правіла мужчын, якія не жадаюць ісці на кампрамісы.

Wśród tandety lśniąc jak diament - сярод таннасці ззяць, як дыямент. Гэта фраза пра імкненне заставацца сапраўдным, сумленным і каштоўным у свеце фальшу, танных пачуццяў і падробак, якіх поўна ў нашым свеце.

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы