14 сакавіка палякі адзначаюць гадавіну трагічнай падзеі, у выніку якой загінула славутая польская пяснярка, разам з дзясяткамі іншых пасажыраў. 14.03.1980 года самалёт, які здзяйсняў палёт з ЗША ў Польшчу, разбіўся непадалёк ад варшаўскага аэрапорта Okęcie. Загінулі ўсе пасажыры і члены экіпажа. На борце знаходзілася Анна Янтар (Anna Jantar), якая была тады на піку папулярнасці. Ёй было ўсяго 29 гадоў.
Анна Янтар да сённяшняга дня лічыцца іконай польскай поп-музыкі. Яе песні гучаць у СМІ, творчасць музыканткі натхняе наступныя пакаленні артыстаў. Яе ўспамінаюць кожны год у гадавіну смерці, а творы карыстаюцца вялікай папулярнасцю.
Анна Марыя Кукульска (Anna Maria Kukulska, у дзявоцтве Szmeterling, псеўданім Anna Jantar), нарадзілася ў чэрвені 1950 года ў Познані. У падлеткавым узросце навучылася граць на піяніна, а ў сярэдняй школе пачала спяваць у школьных групах. На музычнай сцэне пачала выступаць у гурце Waganci, а сольную кар'еру пачала на пачатку 70-ых. У гурце Waganci пазнаёмілася са сваім будучым мужам Яраславам Кукульскім. Спявала часцей за ўсё ў стылі поп і біг-біт. Запісала шмат незабыўных хітоў: «Ва ўсім горадзе столькі сонца», «Нішто не можа доўжыцца вечна», «Мая адзіная мара», «Я хачу танцаваць з табой усю ноч», «Радасць самых прыгожых гадоў».
Анна Янтар пакінула адзіную дачку – Наталлю Кукульскую, якая таксама стала спявачкай. Некалькі цікавых фактаў з біяграфіі пясняркі: псеўданім «Янтар» (бурштын) яна абрала, бо хацела, каб ён гучаў цёпла і нагадваў нешта польскае і прыморскае. Яна вельмі любіла Балтыйскае мора. Незадоўга да смерці яна наведала Нью-Ёрк, горад ёй вельмі спадабаўся. Відаць, яна марыла вярнуцца туды на даўжэй. На жаль, яе апошні рэйс — вяртанне з Нью-Ёрка ў Варшаву — закончыўся трагічна.
Акрамя сцэнічнай папулярнасці, пяснярка заваёўвала сэрцы фанатаў таксама сваім стылем, прыгажосцю і манерай апранацца — штаны-званы, сукенкі ў кветачку, упрыгожванні. Гэты стыль пераймала шмат польскіх жанчын. Прыхільнікі Анны Янтар па-ранейшаму вельмі актыўныя. Яны ладзяць сустрэчы, выпускаюць альбомы ўспамінаў, а яе песні атрымалі сучаснае гучанне. У авіякатастрофе загінула шмат людзей, але ўдалося знайсці частку багажу Янтар. Дзякуючы гэтаму яе апошнія запісы былі захаваныя і пазней выдадзеныя пасмяротна. Яе песні гучалі ў фільмах і серыялах, напрыклад, у папулярным серыяле «Стагоддзе вінаватых». Гісторыя яе жыцця стала натхненнем для некалькіх тэатральных пастановак.
І пераходзім ужо да кампазіцыі пад назваю «Nic nie może wiecznie trwać».
Znajomy adres
Te same schody
I nagły przestrach u drzwi
A może to, wszystko się śni?
Zwyczajne kwiaty
Na parapecie
Po kątach też zwykły kurz
A jeśli to, przepadło już?
Lęk
Głuchy lęk
Na dnie
Skryty gdzieś
Wtedy dziwisz się, że tak kocham nieprzytomnie
Jakby zaraz świat miał się skończyć?
Kiedy pytasz mnie, czemu rzucam się jak w ogień
Wprost w ramiona Twe, myślę sobie!
Nic nie może przecież wiecznie trwać
Co zesłał los, trzeba będzie stracić
Nic nie może przecież wiecznie trwać
Za miłość też przyjdzie kiedyś nam zapłacić!
I tylko cisza
I nasze ręce
I myśl koląca, jak cierń
A jeśli tak, naprawdę jest?...
Знаёмы адрас, тая ж лесвіца. І раптам страх каля дзвярэй. А можа ўсё гэта сон? Звычайныя кветкі на падаконніку. Таксама звычайны пыл у кутах. А што рабіць, калі ўсё прапала? Боязь, тупы страх, на дне дзесьці прыхаваны.
Тады ты здзіўляешся, чаму я так вар'яцка кахаю. Быццам бы зараз прыйдзе канец свету. Калі пытаеш мяне, чаму я кідаюся ў агонь, “прама ў Твае абдымкі”, - прагаворваю я паціху!
Нішто не можа доўжыцца вечна, тое, што паслаў лёс, прыйдзецца страціць. Нішто не можа доўжыцца вечна, за каханне таксама калі-небудзь давядзецца нам заплаціць. І толькі цішыня. І нашы рукі. І думка, калючая, як шып. Калі так, дык ці гэта праўда?...
Вось такая песня пра зменлівасць у жыцці і каханні. Шмат у гэтай кампазіцыі боязі страты, усведамлення, што нічога не бывае вечным – ні шчаслівыя моманты, ні пачуцці. Асабліва востра ўспрымаецца разуменне непазбежнасці страты з-за рэальнай страты, якую перажыла ў сапраўдным жыцці сям’я пясняркі – яе ўласную смерць у маладым узросце. Тэкст прасякнуты настальгіяй і няпэўнасцю. Шмат у ім такіх пачуццяў, як: przestrach, lęk, strach – боязь, страх. Усе гэтыя тры тэрміны называюць адно і тое ж пачуццё, але з рознай інтэнсіўнасцю і сілай – ад невялікай ці сярэдняй (przestrach, lęk) да значнай (strach). Калі палякі кажуць lęk, яны, як правіла, маюць на ўвазе боязь чагосьці, што на самой справе яшчэ не наступіла, і магчыма, ніколі не наступіць, але можа адбыцца, а думка пра гэта пужае.
Wtedy dziwisz się, że tak kocham nieprzytomnie – тады ты здзіўляешся, што я кахаю так вар’яцка. Nieprzytomnie – калі так кажуць пра каханне, гэта азначае – вельмі моцна, аж да страты прытомнасці.
Za miłość też przyjdzie kiedyś nam zapłacić! – за каханне нам прыйдзецца калісьці заплаціць. Звярніце ўвагу, што на польскай мове дзеяслоў przyjść (przyjdzie, не przydzie się) ужываецца тут у незваротнай форме, у адрозненні ад беларускай мовы – прыйдзецца.
нг