Беларуская Служба

Палякам, у тым ліку з беларускімі каранямі, цяпер складана вярнуцца на бацькаўшчыну з Расіі

28.03.2025 14:21
Пётр Глушкоўскі, русіст з Варшаўскага ўніверсітэта, расказвае пра лёс палякаў у Расіі, у тым ліку выхадцаў з Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Глушкоўскі пра палякаў у РФ.
     1866 .,   2023 .
Фрагмент помніка ўдзельнікам Кругабайкальскага паўстання 1866 г., знішчанага ў 2023 г.https://ru.wikipedia.org/wiki/W0zny. Собственная работа/CC BY-SA 3.0

З XVII стагоддзя палякі насяляюць Сібір. У масе сваёй — не па сваёй волі, а як палонныя, ссыльныя расійскага, а пазней савецкага рэжыму. Адна з апошніх дэпартацый палякаў у Сібір адбылася ў 1940 г. — з усходніх раёнаў даваеннай Польшчы (цяпер — заходнія тэрыторыі Беларусі і Украіны). І многія з палякаў так там і засталіся — у расійскай глыбінцы.

Колькі палякаў цяпер жыве ў Расіі, асабліва ў Сібіры, і колькі іх паходзіць з тэрыторыі Беларусі, сказаць складана, — гаворыць Пётр Глушкоўскі, русіст з Варшаўскага ўніверсітэта, які даследуе, у прыватнасці, і лёсы палякаў з Беларусі ў Сібіры. Ён адзначае, што з 2022 года, пачатку чарговай фазы расійска-ўкраінскай вайны, кантакты з Расіяй і, у прыватнасці, Сібір’ю моцна абмежаваны. Польскія даследчыкі не могуць адправіцца ў Сібір, а палякі з Сібіры не могуць прыехаць у Польшчу. Адсутнічаюць прамыя рэйсы з Расіі ў Польшчу. Застаюцца толькі кантакты па электроннай пошце, па тэлефоне.

У гэты ж час расійскія ўлады, якія раней спрыялі ўвекавечанню прысутнасці палякаў у Расіі, нішчаць памяць пра выхадцаў з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай, — сведчыць Пётр Глушкоўскі.

— Сітуацыя з месцамі ўвекавечання памяці палякаў як увогуле ў Расіі, так і ў Сібіры, пачала мяняцца яшчэ да поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Наколькі помню, у 2020 годзе ў Цверы, за 150 км ад Масквы, былі зняты памятныя дошкі, прысвечаныя палякам. Гэта дало пачатак працэсу ліквідацыі дошак, крыжоў і іншых мемарыяльных аб'ектаў на тэму рэпрэсій супраць палякаў па ўсёй Расіі. Гэта датычыць не толькі Сібіры, але і іншых рэгіёнаў, такіх як Татарстан, Якуція ці Бурація. Часта гэтыя памятныя знакі маюць надпісы на дзвюх або нават трох мовах — польскай, рускай і мове той або іншай рэспублікі. На жаль, у апошнія гады яны «раптам» знікаюць. Часта іх знішчаюць, у тым ліку надмагіллі на могільніках.

Пётр Глушкоўскі прыводзіць прыклад знішчэння мемарыяльнага комплексу ў Мішысе на возеры Байкал. Тут было ўшанавана Кругабайкальскае паўстанне 1866 года, у якім удзельнічалі 700 палякаў, сасланых у тым ліку з Беларусі, у сваю чаргу, за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў.

— Крыж у Мішысе быў знішчаны два ці тры гады таму. Яго спілавалі, а памятную дошку адкінулі ўбок, знішчана. І цяпер няма памятнага месца пра падзеі 1866 года.

У Сібіры выразна відаць як ліквідуюцца месцы памяці, звязаныя з прысутнасцю палякаў у Расіі. Напрыклад, у Якуціі было адно з такіх месц — тры валуны і памятная дошка. Гэта месца было спачатку ўладамі адгароджана, потым прыкрыта плёнкай, а праз нейкі час памятныя дошкі знялі, а валуны вывезлі.

Расія часта абвінавачвае сваіх заходніх суседзяў у тым, што быццам бы там дыскрымінуюць рускіх, рускамоўных. А ці існуюць польскія школы, ці польская мова выкарыстоўваецца для абслугоўвання палякаў у Расіі?

— Калі гаварыць пра сітуацыю з польскай мовай, то яна не самая лепшая. Яшчэ да поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Універсітэты і школы, дзе польская мова прысутнічала, выкладалася, паступова ліквідоўваліся. Доўгі час палякі ганарыліся тым, што існавалі дзве школы, дзе можна было вучыцца на польскай мове — у Санкт-Пецярбургу і Казані. Але ў 2016 годзе, наколькі я памятаю, польская школа ў Санкт-Пецярбургу была ліквідавана. У Казані школа яшчэ тады існавала. Польская мова нідзе не выкарыстоўваецца ў справаводстве, грамадскім жыцці. Хаця яшчэ ў 1920-я гады ў СССР спрабавалі паказаць, што кожная культура, кожны народ і мова з'яўляюцца раўнапраўнымі. Тады на тэрыторыі Украіны і Беларусі нават былі створаны польскія нацыянальныя раёны — Мархлеўскі і Дзяржынскі. У Сібіры гэта палітыка была не такой актыўнай, але таксама былі спробы паказаць, што дазваляецца размаўляць на польскай мове. Тым больш, што тады яшчэ існавалі вёскі, дзе гаварылі пераважна па-польску — яшчэ з часоў царскай Расіі.

Яшчэ адно балючае пытанне датычыць рэпатрыяцыі. Ці ёсць у Сібіры палякі, якія жадаюць вярнуцца на бацькаўшчыну — у Польшчу ці ў Беларусь? Якія ўмовы для вяртання створаны як з польскага, так і з расійскага боку? Бо Расія як дзяржава, яшчэ з часоў царызму, нясе адказнасць за перасяленне польскага насельніцтва на свае ўсходнія тэрыторыі.

— Неаднаразова цар прымаў акты аб памілаванні палякаў, якія паўставалі супраць расійскай улады і ссылаліся ў Сібір. Першае маштабнае памілаванне было пасля паражэння Расіі ў Крымскай вайне. Тады цар Аляксандр II дазволіў многім палякам вярнуцца дамоў. Потым Аляксандр III дазваляў вяртанні. Падобная магчымасць існавала і пры Мікалаю II, хоць, вядома, гэта не тычылася ўсіх палякаў. Не кожны мог вярнуцца. Масава палякі пакідалі тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 1918 годзе, пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы. Да 1924 года ў прынцыпе не было вялікіх праблем з вяртаннем.

Сотні тысяч палякаў былі сасланы з усходніх тэрыторый даваеннай Рэспублікі Польшча ў пачатку Другой сусветнай вайны на тэрыторыі сучаснага Казахстана, Сібіры. Большасць з гэтых людзей не магла вярнуцца або вярталася з вялікім спазненнем — у 1955–1956 гадах. Вядома, гэта не датычыла ўсіх. Сітуацыя трохі змянілася пасля аднаўлення поўнай незалежнасці Польшчы ў 1990-х гадах. Тады пачалася наступная хваля рэпатрыяцыі. Аднак з часам сувязі палякаў у Сібіры з бацькаўшчынай, асабліва ў наступных пакаленнях, станавілася ўсё слабейшыя. Многія людзі не мелі магчымасці хадзіць у польскія школы, чытаць польскую прэсу ці размаўляць на польскай мове, таму ўсё менш людзей было зацікаўлена ў вяртанні. Нягледзячы на гэта, усё яшчэ ёсць людзі, якія адчуваюць сябе палякамі і хочуць вярнуцца. Акрамя неабходнасці мець «Карту паляка», такая асоба павінна выканаць дадатковыя патрабаванні. Аднак часта вяртанне не з'яўляецца лёгкім «прызямленнем». Гэта датычыць як людзей, якія вярталіся з Расіі, так і тых, хто вяртаўся з Казахстана. Часта ўзнікае моўны бар'ер. Людзі ў сям'і гаварылі на ламанай польскай мове, бо іншай не чулі. Напрыклад, іх вучылі польскай мове бабулі. А ў школе і з сябрамі гаварылі на іншых мовах. І такі чалавек можа сутыкнуцца з цяжкасцямі ў працэсе поўнай інтэграцыі ў соцыум Польшчы. Але ні ў якім разе не трэба мець прэтэнзій да гэтых людзей, што іх польская мова не ідэальная. Аднак у Польшчы з такой «дрэннай» польскай мове бывае цяжка знайсці працу. Мне здаецца, што польская дзяржава магла б зрабіць больш у гэтай справе. Аднак на сённяшні дзень многія людзі ўжо не маюць магчымасці вярнуцца, а ўсе справы прыпынены з-за таго, што мы не падтрымліваем ніякіх адносін з Расіяй.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выдадзены сакрэтныя дакументы аб польска-савецкіх адносінах у 1932–1939 гг.: ёсць у іх і беларускі акцэнт

12.12.2024 15:41
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Ю. Мерашэўскага выдаў „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945 Tom III 1932–1939”.