Беларуская Служба

Беларуская мова загучала ў адным з вядомейшых польскіх музеяў

31.03.2025 06:03
«Патрэба ў тым, каб беларускамоўныя гіды былі ў розных музеях свету – відавочная».
Аўдыё
  • Беларуская можа загучала ў адным з вядомейшых польскіх музеяў
Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN
Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN Shutterstock.com/Darek Warczakoski

Дзякуючы супрацы беларусаў і палякаў у варшаўскім Музеі гісторыі польскіх яўрэяў POLIN з’явіўся беларускамоўны аўдыёгід. Праект быў рэалізаваны дзякуючы гранту мабільнасці ArtPowerBelаrus Беларускай рады культуры. Над праектам гіду працаваў перакладчык Сяргей Шупа.

Сяргей Будкін. Крыніца: прыватны архіў суразмоўцы Сяргей Будкін. Крыніца: прыватны архіў суразмоўцы

Падрабязней пра ідэю мы папрасілі расказаць кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна.

- Патрэба ў тым, каб беларускамоўныя гіды былі ў розных музеях свету – відавочная. На жаль, вельмі рэдкі прыклад, калі наведнікі могуць атрымаць інфармацыю па-беларуску. І вось гэты праект, рэалізаваны ў рамках ArtPowerBelаrus з музеем POLIN, ён паказальны. Я спадзяюся, што ён стане натхняльным для іншых.

Мы запыталі Сяргея Будкіна, ці таксама значэнне мела тое, што яўрэйскае мінулае Беларусі ў вялікай ступені альбо страчанае, альбо забытае?

- Так, на жаль, можна канстатаваць, што на сёння яўрэйская спадчына, памяць пра яе, вывучэнне яе ў Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе. І тым важнейшы гэты праект, таму што экспазіцыя ў музеі POLIN ахоплівае і частку беларускай гісторыі, таму што ў міжваенны час яўрэі складалі значную частку сённяшняй Беларусі, тут развівалася таксама гэтая культура. Таму, безумоўна, гэта будзе спрыяць і для вывучэння яўрэйскай культуры, для яе азнаямлення. Гэта будзе цікава і звычайным людзям, і наведнікам з Беларусі. Я думаю, ім будзе цікава даведацца пра сувязь яўрэяў з польскай і беларускай гісторыяй, і з нашай агульнай гісторыяй.

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што POLIN – адна з важнейшых музейных устаноў у свеце, дзе беларусы могуць пазнаёміцца са страчаным яўрэйскім аспектам сваёй спадчыны.

Валеры Саўко

поўная размова – слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы