«Таямніца нечалавечай зямлі» — новы падкаст Польскага радыё, падрыхтаваны ў сувязі з 85-годдзем катынскага злачынства. Гэта белетрызаваны дакумент з чатырох частак. Аповед па бесчалавечым савецкім свеце праводзіць Юзаф Чапскі, кажа сустваральнік падкаста Яцэк Пуцята:
- Юзаф Чапскі быў адным са сведкаў катынскага злачынства. Восенню 1939 года ён разам з іншымі афіцэрамі быў затрыманы расіянамі і змешчаны ў лагер для палонных у Старабельску. Юзаф Чапскі мог быць сведкам таго, што адбылося на нялюдскай зямлі, бо належаў да невялікай групы тых, хто перажыў катынскае злачынства. Але гэта не ўсё. Юзаф Чапскі быў актыўным сведкам, ён напісаў дзве кнігі ўспамінаў пра савецкую Расію. Для нас ключавым з’яўляецца тое, што ён апавядаў пра свае ўспаміны перад мікрафонам.
Перш чым праўда аб адным з самых жахлівых злачынстваў Другой сусветнай вайны выйшла на свет, Юзаф Чапскі ўзяўся за пошук тысяч зніклых без вестак польскіх афіцэраў, якія, як пазней высветлілася, сталі ахвярамі катынскага расстрэлу:
- Падкаст «Таямніца нечалавечай зямлі» паказвае страшэнную праўду пра савецкі нялюдскі свет. Але таксама паказвае, што на нялюдскай зямлі можна было змагацца за годнасць, за захаванне памяці, захаванне кожнага імя і кожнага твара. Працы над памяццю пра катынскае злачынства Чапскі ў сваім жыцці прысвяціў вельмі шмат часу. Нашым падкастам мы хочам узмацніць памяць пра забітых.
У падкасце выкарыстаны запісы з Архіва Польскага радыё, BBC і Польскай секцыі Радыё Свабодная Еўропа. Гэта запісы ўспамінаў самога Юзафа Чапскага, а таксама іншых герояў гэтай драмы, у тым ліку: тых, хто выжыў у Катыні, генерала Уладзіслава Андэрса, генерала Уладзіслава Сікорскага і сем'яў ахвяр, забітых НКУС. Наратарам падкаста «Таямніца нечалавечай зямлі» з'яўляецца Марыюш Банашэўскі, паважаны акцёр і вопытны лектар аўдыёкніг.
Падкаст даступны на платформе polskieradio.pl, Spotify і Apple Podcasts.
ав