7 красавіка на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Польска-беларускія моўныя, культурныя, літаратурныя і гістарычныя сувязі». Адным з гасцей форуму была Марыя Катажына Прэнэр, аўстрыйскі славіст з польскімі каранямі.
Марыя Катажына Прэнэр, мовазнавец з аўстрыйскага Універсітэта ў Грацы, даўно цікавіцца беларускай мовай, вывучае яе гісторыю. Асаблівую яе ўвагу прыцягвае гісторыя лацінскага алфавіта ў беларускай мове. Апошнім часам вучоная глядзіць шырэй — у кантэксце ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і нават Азіі.
— Лацінка глыбока ўкаранёна ў беларускай ідэнтычнасці. Украінская лацінка, наадварот, не мае такой традыцыйнай асновы, як беларуская. Яна пачала з'яўляцца толькі ў 2021 годзе, калі адбылася першая сур'ёзная дыскусія на вялікім узроўні, ці варта яе ўвогуле ўжываць. Варта адзначыць, што гэтая тэма таксама ўзнікла ў кантэксце пераходу Казахстана з рускіх літар на лацінку. Казахстан прыняў гэтае рашэнне ў 2017 годзе.
Марыя Катажына Прэнэр напамінае, што ў Казахстане лацінка ўжо выкарыстоўвалася ў савецкі час — у канцы 1920-х — канцы 1930-х гг. А ў Беларусі яна была бадай асноўным шрыфтам для літаратараў у ХІХ і яшчэ ў пачатку ХХ ст. — гэта было звязана з паходжаннем першых беларускіх пісьменнікаў і нацыянальных дзеячаў з польска-каталіцкай шляхты. Такі вопыт быў і ва ўкраінскай пісьменнасці ў ХІХ ст. Але цяпер ва Украіне лацінка зноў набывае папулярнасць. Марыя Катажына Прэнэр у той жа час назірае гэткую тэндэнцыю ў выкарыстанні лацінскага алфавіта беларусамі.
— Я прааналізавала каментарыі на YouTube і на старонках інтэрнэт-выданняў і заўважыла, што гэта таксама звязана з вайной ва Украіне. Думаю, што цяпер беларусы яшчэ больш падкрэсліваюць, што іх ідэнтычнасць адрозніваецца, разглядаючы лацінку як своеасаблівую адметную рысу, якая яднае іх з Захадам. Калі прааналізаваць аргументацыю, якая з’яўляецца на розных форумах і ў каментарыях, і параўнаць яе з дыскусіяй аб алфавітах на старонках адной з першых беларускіх газет «Нашай нівы» ў пачатку ХХ ст., то на самай справе гэтыя аргументы мала чым адрозніваюцца. Змянілася толькі іх палітычная афарбоўка. Цяпер справа заключаецца ў тым, каб аддзяліцца ад «брата» з Усходу.
Марыя Катажына Прэнэр на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, культурныя, літаратурныя і гістарычныя сувязі» на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
У XIX — пачатку ХХ ст. беларускі лацінскі алфавіт быў фактычна ідэнтычны з польскім, бо першыя беларускія пісьменнікі карысталіся польскай арфаграфіяй для запісу сваіх тэкстаў на беларускай мове. Аднак к пачатку XXI ст. беларускі лацінскі алфавіт відазмяніўся ў бок набліжэння да літоўскага і чэшскага, а таксама склаліся ўласныя, адметныя правілы запісу слоў. Тым не менш, прарасійскія актывісты ў Беларусі і нават улады краіны змагаюцца з лацінскім алфавітам як з формай беларускай пісьменнасці, хлусячы, што гэта польскі алфавіт. Марыя Катажына Прэнэр адзначае гэту тэндэнцыю і напамінае гістарычныя факты.
— Гэта даволі спрэчны момант. Але ён існуе. Ёсць таксама блогеры і актывісты, якія стаяць на баку рэжыму і сцвярджаюць, што лацінка — гэта быццам бы польска-чэшскі алфавіт, які павінен заняць месца рускай расійскую мовы. Яны сцвярджаюць, што лацінка быццам бы не ўласціва славянскім мовам, якія «заўсёды» карысталіся кірыліцай. Думаю, аднак, што ў кантэксце бягучай вайны з Расіяй людзі менш баяцца «польскасці» лацінкі, якая калісьці склалася на аснове польскага алфавіта, чым сапраўды небяспечнага ворага — Расіі. Тое, што калісьці выклікала страх, сёння здаецца менш трывожным у святле большай пагрозы. Беларуская мова можа звяртацца да традыцыі лацінкі, бо, напрыклад, у пачатку XX стагоддзя існавалі такія газеты, як Nasza Dola, Nasza Niwa ці Biełarus, якія былі накіраваны да чытача-католіка. Таму Беларусь можа звярнуцца да традыцыі, якая ўжо існавала, маючы свае карані ў каталіцкай ідэнтычнасці і звычаях. У беларускім кантэксце палітычная сітуацыя такая, што лацінка праследуецца, як і ўвогуле беларуская мова, якая стала праяўленнем апазіцыйных поглядаў і супраціўлення. Людзі гэта разумеюць. А кірыліца, рускія літары больш прыхільна ўспрымаюцца рэжымам.
Увогуле ж, вельмі складана пераключацца з алфавіта на алфавіт. А ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўсе мы з гэтым сутыкаемся, калі карыстаемся не толькі роднай, але і замежнымі мовамі. Але Марыя Катажына Прэнэр заўважае, што ў сучасным свеце немагчыма функцыянаваць без лацінскага алфавіта.
— Людзі, якія штодня карыстаюцца інтэрнэтам, наведваюць розныя сайты. А цяпер 90% лічбавага свету існуе на лацінскім алфавіце. Думаю, што лічбавізацыя і інтэрнэт могуць сыграць на карысць лацінкі ў Беларусі і Украіне. Пабачым, што будзе далей.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё