Беларуская Служба

У Варшаве выйшаў альбом малюнкаў Напалеона Орды

12.06.2025 15:15
У альбоме Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej адлюстраваны многія помнікі дойлідства Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Сапяжыньскі пра Н.Орду.
 Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej      Wydawnictwa SBM Sp. z o.o.
Альбом Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej убачыў свет у варшаўскім выдавецтве Wydawnictwa SBM Sp. z o.o.https://www.wydawnictwosbm.pl/ksiazka/historyczne-widoki-dawnej-rzeczypospolitej-polskiej/

Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej («Напалеон Орда. Гістарычныя краявіды былой польскай Рэчы Паспалітай») — альбом пад такой назвай убачыў свет у варшаўскім выдавецтве Wydawnictwa SBM Sp. z o.o. У кнізе прадстаўлены ўсяго некалькі мясцовасцей на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, а пераважная большасць — на тэрыторыі сучасных Літвы, Латвіі, Украіны, а ў асноўным — у Беларусі. Зрэшты, і сам Орда родам з тэрыторыі, што цяпер знаходзіцца ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Праўда, гэтыя землі этнічна і гістарычна звязаны больш з суседняй украінскай Валынню, куды Орда таксама падарожнічаў.

Паўсюль, дзе ён бываў, ён замалёўваў мясцовыя гістарычныя і архітэктурныя славутасці. Большасць малюнкаў цяпер захоўваюцца ў Кракаве. А ў альбоме Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej апублікаваны выбраныя. Усяго ў выданні 240 старонак. Гэта малюнкі і акварэлі з выявамі краявідаў, што перадаюць атмасферу агульнай культурнай прасторы зямель былой Рэчы Паспалітай — ад берагоў Дзвіны да Днястра.

Адам Сапяжыньскі (Adam Sapierzyński), кіраўнік аддзела маркетынгу фірмы Wydawnictwa SBM Sp. z o.o., напамінае, кім быў Орда і адзначае яго месца ў нацыянальнай ідэнтычнасці палякаў.

— Мне здаецца, што Напалеон Орда сёння крыху падзабыты — і, мабыць, несправядліва. Перш за ўсё ён быў вялікім патрыётам. Ён удзельнічаў у Лістападаўскім паўстанні (1830-1831 гг.), і нават даслужыўся да звання капітана. За гэта яго таксама расійскія ўлады пакаралі рэпрэсіямі. Пасля вяртання на бацькаўшчыну з эміграцыі ён прысвяціў сябе дакументаванню, апісанню і выратаванню помнікаў нацыянальнай культуры. Можна сказаць, што ён не толькі сам быў патрыётам, але і хацеў фарміраваць гістарычную памяць іншых. Я не ведаю, чаму сёння пра яго так мала гавораць. А ён жа быў сябрам Фрыдэрыка Шапэна, быў знаёмы з Юзафам Ігнацы Крашэўскім — у свой час быў вядомай і паважанай асобай, меў шырокія сувязі ў свеце культуры і мастацтва. Тым больш дзіўна, што памяць пра яго «падзапылілася». Мы вырашылі трохі аднавіць яе і вярнуць яго сучаснікам.

Альбомы з творамі Напалеона Орды ўжо выходзілі не раз у Беларусі, а таксама ў Літве і Польшчы, але гэта былі пераважна гравюры, створаныя на падставе арыгінальных малюнкаў. У найноўшым варшаўскім выданні ў выдатнай якасці і ў вялікім фармаце публікуюцца менавіта арыгінальныя малюнкі, што захоўваюцца пераважна ў Кракаве, — адзначае Адам Сапяжыньскі.

— Тое, што раней публікавалася, — гэта былі зборы асобных аркушаў з малюнкамі, сабраных у папкі. Мы ж зрабілі пэўную кампiляцыю спадчыны мастака. Альбом складаецца з больш чым 200 графічных работ, што паходзяць з розных перыядаў творчасці Напалеона Орды і даюць уяўленне пра краявіды і культурнае багацце пераважна ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай. Мы імкнуліся адлюстраваць праз малюнкі Орды разнастайную культурную спадчыну. У альбоме ёсць як каталіцкія касцёлы і кляштары, так і цэрквы, пратэстанцкія зборы і сінагогі. Не абышлося і без аб'ектаў, звязаных з шляхецкай традыцыяй — палацы, сядзібы, замкі. Мы таксама паказваем гарадскую прастору — вуліцы, будынкі, палацы. Сярод адлюстраваных мясцовасцей — Гродна, Каўнас, Вільня і нават Кіеў. Мы хацелі стварыць альбом, які па-магчымасці поўна адлюструе багацце і культурную разнастайнасць ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай.

Хто сёння ў Польшчы цікавіцца спадчынай Напалеона Орды і ўвогуле — гісторыяй і культурай усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай? Адам Сапяжыньскі аналізуе кан’юнктуру рынку.

— Па пытанні набыцця альбома з намі кантактуюць розныя ўстановы культуры — як тыя, што засяроджаны на тэматыцы ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай, так і тыя, што займаюцца аховай помнікаў. Да нас таксама звяртаюцца аматары, асобныя людзі, зацікаўленыя гісторыяй, архітэктурай ці культурнай спадчынай. Тэма шляхецкіх сядзіб і палацаў сёння асабліва папулярная. З'яўляецца шмат тэлевізійных праграм і публікацый на гэту тэму, а пытанні рэстаўрацыі, аднаўлення і вяртання былой велічы старым рэзідэнцыям жывыя і прыцягваюць увагу многіх людзей. Таму я думаю, што гэтая тэма цікавіць не толькі жыхароў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай ці іх нашчадкаў. Зацікаўленасць у гэтай тэматыцы значна шырэйшая і дакладна не абмяжоўваецца адным рэгіёнам. Што да нашай кнігі, то яна сапраўды карыстаецца вялікім попытам — запыты прыходзяць да нас з усёй Польшчы.

Дарэчы, альбом Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej, што ўбачыў свет у фірме Wydawnictwa SBM Sp. z o.o., вылучаецца сярод папярэдніх публікацый спадчыны мастака выдатным дызайнам.

— Структура кнігі таксама не выпадковая — усё выданне было ўважліва прадумана. Сам альбом змешчаны ў элегантную каробку, што адсылае да традыцыйных папак з графічнымі работамі. Фон старонак стылізаваны пад старую паперу, што дадаткова ўзмацняе ўражанне цэласнасці і гістарычнага кантэксту. Нам было важна, каб альбом склаўся ў адзінае цэлае. Мы прысвяцілі шмат часу і ўвагі, каб кожны элемент гарманічна спалучаўся і ствараў эстэтычна прыемны эфект. Мы хацелі, каб гэта выданне — калі не калекцыйнае, то проста стыльнае — атрымала сваё асаблівае месца на кніжных паліцах. Каб яно было чымсьці большым за проста кнігу: своеасаблівай данінай спадчыне ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай і прыгажосці, якую дакументаваў Напалеон Орда.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палякі, літоўцы і беларусы разам даследуюць спадчыну ВКЛ

07.03.2025 16:02
У пасольстве Літвы ў Польшчы адбылася дыскусія пра мастацтва і мовы Вялікага Княства Літоўскага.