Беларуская Служба

Польскія вучоныя старанна вывучаюць архітэктуру Вільні

10.07.2025 15:51
Анна Сыльвія Чыж расказвае пра новыя даследаванні мастацкай культуры Вільні часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.С.Чыж пра Таварыства мастацтвазнаўцаў.
.
Вільня.pixabay.com

Таварыства мастацтвазнаўцаў (Stowarzyszenie Historyków Sztuki) — арганізацыя з багатымі традыцыямі. Яно аб’ядноўвае вядомых вучоных Польшчы. А цяперашняя яго галоўная сядзіба знаходзіцца на Рынку Старога горада Варшавы — у камяніцы Фукера.

Са старшынёй галоўнага праўлення навуковай грамадскай арганізацыі прафесарам Аннай Сыльвіяй Чыж мы абмеркавалі, чым займаецца таварыства. Пані прафесар зрабіла акцэнт на даследаванні спадчыны ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку Вялікага Княства Літоўскага.

— Таварыства мастацтвазнаўцаў было заснавана ў 1934 годзе. У ім можна таксама сустрэць людзей, якія з’яўляюцца рэстаўратарамі ці архітэктарамі — яны штодзённа займаюцца аховай помнікаў. У 1934 годзе галоўная сядзіба таварыства знаходзілася ў Кракаве (а сёння — у Варшаве). Тады ж былі створаны таксама рэгіянальныя клубы. Адзін з такіх клубаў дзейнічаў у Львове. Планавалася таксама стварэнне клуба ў Вільні. Пасля Другой сусветнай вайны сітуацыя, натуральна, змянілася ў сувязі са зменай граніц Польшчы. Галоўная сядзіба таварыства была перанесена ў Варшаву. Сёння ўжо няма клубаў у Львове ці ў Вільні, але гэта не азначае, што нашы члены не займаюцца тэмамі, якія можна вызначыць як агульная спадчына і сумесная ахова культурнай спадчыны, што знаходзіцца на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай.

Анна Сыльвія Чыж расказала, што Таварыства мастацтвазнаўцаў налічвае амаль паўтары тысячы членаў і 12 філіялаў. Некаторыя з іх дзесяцігоддзямі даследуюць усходнія землі былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку беларускія.

— Варта таксама згадаць прафесара Марыю Каламайскую-Саід, якая нядаўна пайшла з жыцця і была звязана з Інстытутам мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук. Яна была выдатнай даследчыцай сакральнага мастацтва былой Рэчы Паспалітай, перш за ўсё на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а часткова таксама Літвы. Яе працы ўнеслі важкі ўклад у дакументаванне і аналіз культурнай спадчыны гэтых тэрыторый, якія на працягу стагоддзяў разам фарміравалі агульную гісторыю і ідэнтычнасць рэгіёна.


Анна Сыльвія Чыж. Анна Сыльвія Чыж.

Як вынікае са слоў прафесара Чыж, галоўнымі цэнтрамі Таварыства мастацтвазнаўцаў па даследаванні ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай з’яўляюцца Кракаў і Варшава.

— Пры таварыстве ўжо некалькі гадоў дзейнічае Клуб даследчыкаў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай (Klub Badaczy Ziem Wschodnich Dawnej Rzeczypospolitej). Гэта нефармальны клуб, у якім мы сустракаемся з калегамі, якія прыязджаюць у Польшчу з Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі — з тых краін, якія з’яўляюцца спадкаемцамі былой Рэчы Паспалітай. У межах дзейнасці клуба мы звычайна арганізуем раз на месяц лекцыі, сустрэчы і прэзентацыі кніг. Дагэтуль нам выпала магчымасць прымаць шматлікіх даследчыкаў з Украіны і Беларусі. Наша галоўная мэта — слухаць вучоных і іншых экспертаў з-за ўсходняй граніцы Польшчы пра помнікі, якія мы ўспрымаем як агульную культурную спадчыну.

Анна Сыльвія Чыж таксама падзялілася планамі на восень.

— У бліжэйшыя восеньска-зімовыя месяцы мы плануем заняцца, сярод іншага, праблематыкай скарбу з віленскага кафедральнага касцёла, які, як вядома, быў адносна нядаўна адкрыты. Нашы калегі з Літвы ўжо папярэдне пагадзіліся прыехаць у Польшчу і расказаць нам больш пра гэту незвычайную знаходку.

І сама Анна Сыльвія Чыж таксама працягвае даследаваць архітэктуру і мастацтва Вільні.

— На гэты момант разам з калегамі з Інстытута мастацтвазнаўства Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве мы завяршаем працу над кнігай, прысвечанай касцёлам ордэна дамініканцаў у Вільні — Святога Духа і Святых Піліпа і Якуба на Лукішках. Гэта публікацыя стане вынікам новых даследаванняў і адкрыццяў, якія абапіраюцца на старанна праведзеных архіўных пошуках — не толькі ў Вільні, але і ў Варшаве, Кракаве, а таксама ў Рыме.

Гэтым віленскія праекты Анны Сыльвіі Чыж не вычэрпваюцца. Напомнім, што варшаўская даследчыца з’яўляецца вядучым спецыялістам па гісторыка-культурнай спадчыне сталіцы Літвы, адкуль таксама паходзіць і частка яе продкаў. Таму цікавасць да Вільні ў яе, можна сказаць, асабістая.

— Мы разам з калегамі з Вільні, з Нацыянальнага музея «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага», працуем над каталогам вялікай выстаўкі, што адбылася на мяжы 2024 і 2025 гадоў ў гэтым палацы. Яна была прысвечана роду Пацаў — магнацкай сям’і, якая згасла ў першай траціне XVIII стагоддзя. У экспазіцыі ўдалося сабраць шмат выдатных твораў мастацтва і рэліквій, звязаных з родам Пацаў. Каталог стане прыгожым і каштоўным завяршэннем гэтай выставы. Гэты праект таксама прывёў да шматлікіх новых даследаванняў і навуковых адкрыццяў.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палякі, літоўцы і беларусы разам даследуюць спадчыну ВКЛ

07.03.2025 16:02
У пасольстве Літвы ў Польшчы адбылася дыскусія пра мастацтва і мовы Вялікага Княства Літоўскага.