Беларуская Служба

У прыватным музеі ў Вільні ёсць творы мастацтва, звязаныя з Беларуссю і Польшчай

02.10.2025 16:57
У Цэнтры пазнання мастацтва Літвы Tartle захоўваюцца рарытэты з XV стагоддзя.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Цэнтр Tartle ў Вільні.
     Tartle.
Будынак Цэнтра пазнання мастацтва Літвы Tartle.Leonas Garbačauskas

У Літвы, Польшчы і Беларусі — агульная гісторыя, пачынаючы з XIV стагоддзя. Шмат яе слядоў вы знойдзеце ў Вільні, сталіцы Літвы. Асабліва цікавае месца, дзе захоўваюцца артэфакты польска-літоўска-беларускай культуры, — Цэнтр пазнання мастацтва Літвы Tartle (Lietuvos meno pažinimo centras Tartle).

Цэнтр Tartle знаходзіцца ў раёне Ужупіс, або Зарэчча (вул. Ужупё, 40) — адным з найстарэйшых кварталаў Вільні. Цэнтр заснаваны Мастацкім фондам Літвы (Lietuvos dailės fondas) і, у першую чаргу, адвакатам і калекцыянерам Роландасам Валюнасам (Rolandas Valiūnas).

Цэнтр быў адкрыты ў жніўні 2018 года. Ён прапануе ўнікальную магчымасць вывучаць гісторыю Літвы і суседніх з ёй краін, у тым ліку Польшчы і Беларусі, праз мастацтва, экспануючы рарытэты розных гістарычных перыядаў. Сярод іх — шмат твораў жывапісу, скульптуры, графікі, створаных літоўцамі, палякамі і беларусамі.

На сёння калекцыя ўключае каля 1000 карцін, больш за 360 скульптур, звыш 490 карт і больш за 1100 твораў графікі. Найстарэйшыя прадметы датуюцца XV стагоддзем. Таксама ў калекцыі захоўваецца больш за 2000 кніг і іншых выданняў, звязаных з Літвой, выдадзеных да 1905 года. Акрамя таго, у зборы прадстаўлены медалі, манеты, даспехі, зброя, ювелірныя вырабы і іншыя прадметы літоўскай даўніны, цесна звязаныя з польскімі і беларускімі старажытнасцямі.

Мастацтвазнавец Эмілія Ванагайце (Emilija Vanagaitė), якая працуе ў цэнтры Tartle, ветліва пагадзілася стаць гідам па экспазіцыі, а таксама расказала гісторыю стварэння калекцыі.

— Мы збіраем не толькі працы літоўскіх мастакоў. Калі польскі мастак працаваў або падарожнічаў у Вільню, мы таксама збіраем яго творы. Таксама, калі гэта беларускі або нямецкі мастак ці пісьменнік, звязаны з Літвой, — мы ўключаем іх творы ў калекцыю. Увогуле, нас цікавіць усё, што мае хоць нейкую сувязь з гісторыяй Літвы. Цяпер у калекцыі больш за 8000 экспанатаў, што, наколькі нам вядома, робіць яе адной з найбуйнейшых у Цэнтральнай Еўропе. У нас нават ёсць паганскія камяні!

Будынак, дзе знаходзіцца цэнтр Tartle, сам па сабе з'яўляецца гістарычным.

Раней тут быў рэстаран з цудоўным відам, але ён згарэў. Роландас Валюнас вырашыў гэты будынак аднавіць. Ён хацеў пабудаваць дом для сябе і сваёй сям’і. Яны жывуць тут, а побач выдзелена прастора для сабраных калекцыянерам мастацкіх твораў. Ён хацеў зрабіць калекцыю даступнай для грамадскасці, а не толькі для сябе і сваіх блізкіх. Шмат хто валодае творамі мастацтва, але не выстаўляе іх і не расказвае іх гісторыю. У нас усё наадварот.

Эмілія Ванагайце расказвае пра паходжанне і значэнне слова tartle, якое стала свайго роду брэндам Цэнтра пазнання мастацтва Літвы.

— Гэта шатландскае слова з вельмі спецыфічным значэннем. Яно ўжо выйшла з ужытку. Tartle апісвае пачуццё, адчуванне. Найпрасцейшы прыклад: вы ідзяце па вуліцы, бачыце кагосьці і думаеце: «О, я ведаю гэтага чалавека!» Але не можаце ўспомніць, адкуль вы яго ведаеце або як яго завуць. Гэта значыць, узнікае адчуванне, што вы нешта забылі, але на самай справе добра гэта ведаеце. І ў нашым цэнтры ўзнікаюць падобныя адчуванні. Спачатку вы прыходзіце да нас, бачыце скульптуры і адчуваеце, што ўжо недзе бачылі гэты стыль або кампазіцыю, але не можаце ўспомніць, дзе або хто аўтар. Мы ведаем толькі асноўныя моманты нашай гісторыі, але часта забываем мноства іншых, больш дробных, але не менш важных дэталей. Праз мастацкія творы мы спрабуем дапамагаць людзям «аднаўляць» у сваёй памяці гісторыю Літвы.

Паколькі гісторыя Літвы цесна пераплятаецца з гісторыяй Польшчы і Беларусі, — то паляку або беларусу ў цэнтры Tartle будзе цікава адкрыць агульныя старонкі мінулага.

Вядома, паколькі гісторыя Літвы і Вільні вельмі цесна звязана з польскім народам, і Вільня належала Польшчы ў міжваенны перыяд, тут развівалася зусім іншая мастацкая школа, чым у рэшце Літвы таго часу. Таму ў нашай калекцыі досыць шмат твораў польскіх мастакоў міжваеннага перыяду, што важна для ілюстрацыі разнастайнасці мастацкіх школ. Сярод іх — людзі, якія былі выкладчыкамі і супрацоўнікамі Універсітэта Стэфана Баторыя. Акрамя таго, у нас шмат карцін, створаных студэнтамі ўніверсітэта, многія з якіх дагэтуль застаюцца неідэнтыфікаванымі. Гэтыя працы ў пэўным сэнсе адлюстроўваюць той час, калі Вільня была часткай Польшчы, і тут існавалі сур'ёзныя культурныя і навучальныя ўстановы.

У нас, напрыклад, вялікая калекцыя графікі Ежы Хопэна з відамі Вільні — прыгожымі і рамантычнымі. Ёсць творы і іншых польскіх мастакоў, якія працавалі ў Вільні ў той час. Як вядома, пазней, калі Вільня зноў стала часткай Літвы, большасць гэтых мастакоў пераехалі ў Польшчу і працягнулі сваю працу там. Аднак у нас засталіся прадметы, якія нагадваюць пра гэты дваццацігадовы перыяд, калі Вільня была катлом культурных уплываў і мастацкіх падыходаў, унікальных для гэтага горада.

Эмілія Ванагайце цёпла ўспамінае гасцей з Польшчы, якія наведваюць цэнтр Tartle.

Некаторыя польскія госці расказваюць нам гісторыі пра тое, як тут жылі іх бабулі і дзядулі. І гэта сапраўды цудоўна — мець магчымасць такога дыялогу, мірнага абмену думкамі ў мастацкай прасторы. Гэтыя размовы важныя — пра часы, якія ўжо мінулі, і пра тое, што засталося ў мінулым.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Юргіце Сямянаўскене (Jurgita Semenauskienė), дырэктару Цэнтра пазнання мастацтва Літвы Tartle, за садзейнічанне ў азнаямленні з яго экспазіцыяй.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскія вучоныя старанна вывучаюць архітэктуру Вільні

10.07.2025 15:51
Анна Сыльвія Чыж расказвае пра новыя даследаванні мастацкай культуры Вільні часоў Вялікага Княства Літоўскага.