Беларуская Служба

Крэатыўны шматфункцыянальны цэнтр у Мілічы паказвае, як эфектыўна спалучaць сучаснасць і традыцыю

12.12.2025 16:30
Без карпа з мясцовых сажалак большасць палякаў не ўяўляе сабе каляднай вячэры. Аднак Міліч можа пахваліцца і іншымі цікавымі традыцыямі.
Крэатыўны шматфункцыянальны цэнтр у Мілічыhttps://kom.edu.pl/ скрыншот

Даліна Барычы (Dolina Baryczy)– гэта рэгіён, размешчаны на мяжы Ніжняй Сілезіі і Вялікапольшчы. Адным з яго найбольш вядомых гарадоў з’яўляецца Міліч (Milicz) у самым сэрцы маляўнічага рэгіёна. Гэта ідэальнае месца для аматараў прыроды, гісторыі, рэгіянальнай культуры, а таксама для тых, хто любіць творча праводзіць свабодны час. Палякам Міліч атаесамліваецца, перш за ўсё, з Калядамі. Чаму? Адказ на гэтае пытанне вы знойдзеце ў нашым матэрыяле.

Міліч (поль. Milicz)– гэта прыгожы гарадок з багатай гісторыяй, якая бярэ свой пачатак у сярэднявеччы. Шматлікія культурныя ўплывы (прускія, сілезскія, нямецкія, польскія іг.д.) пакінулі тут свой трывалы след і сфарміравалі ўнікальны характар гэтага месца, што па сённяшні дзень бачна, як у яго архітэктуры, так і мясцовых традыцыях. Усё гэта прыцягвае турыстаў з усяе Польшчы.

Сваё знаёмства з Мілічам прапануем пачаць з Крэатыўнага шматфункцыянальнага цэнтра, які размяшчаецца ў важным для мясцовага грамадства месцы – комплексе былой фабрыкі шкляных ёлкавых цацак.

Да 2008 года яна была найбуйнейшым вытворцам ёлкавых упрыгожанняў у Польшчы. Зараз, прыгожа мадэрнізаваны комплекс – гэта сапрадная крыніца адукацыйнай крэатыўнасці, якая выконвае важную ролю не толькі ў мясцовай супольнасці.

Чым займаецца гэтая цікавая ўстанова паясняе Ізабэля Брымэрска (Izabela Brymerska):

- Мы – адукацыйная ўстанова ў Даліне Барыч. Гэта вельмі важны факт, бо многія з нашых заняткаў прысвечаныя рэгіянальнай і экалагічнай адукацыі. Даліна Барыч – абсалютна ўнікальны рэгіён не толькі ў Польшчы, але і ва ўсёй Еўропе, бо тут знаходзяцца найбуйнейшыя рыбныя сажалкі ў Еўропе, што робіць яе вельмі прывабнай для птушак. Менавіта таму ў рэгіёне знаходзіцца найбуйнейшы арніталагічны запаведнік і найбуйнейшы Ландшафтны парк «Даліна Барычы». Гэтае месца патрабуе асаблівай пашаны, клопату і адукацыі не толькі, калі гаворка ідзе пра турыстаў, але і мясцовых жыхароў. І мы, як адукацыйны цэнтр, вырашылі справіцца з гэтым выклікам.

З гэтай мэтай, як падкрэслівае спадарыня Ізабэля Брымэрска, цэнтр арганізоўвае рознага віду майстэрні, заняткі і гульні, як для дарослых, так і для дзяцей:

- Што адрознівае нас як адукацыйны цэнтр, дык гэта наш падыход да развіцця ўяўлення. Мы робім гэта крэатыўна. Напрыклад, многія з нашых праграм – гэта сюжэтна – ролевыя гульні, у рамках якіх для ўдзельнікаў распрацоўваюцца адмысловыя сцэнары. Гэтыя праграмы спецыяльна арыентаваны на дзяцей: ёсць сюжэт, удзельнікі гульні, канкрэтная мэта, дзеля дасягнення якой трэба выканаць розныя заданні; справіцца з выклікамі. У сваю чаргу, гэтыя заданні падрыхтаваныя з мэтай развіваць множны інтэлект.

Нагадваем, множны інтэлект – распрацаваная ў Гарвардскім універсітэце педагагічная і псіхалагічная канцэпцыя, якая разглядае інтэлект у розных канкрэтных (у першую чаргу сэнсарных) аспектах, а не як адну агульную здольнасць да чагосьці. У прыватнасці, паводле згаданай канцэпцыі, кожны з нас праяўляе выключныя здольнасці ў нейкай канкрэтнай сферы:

- Аўтар згаданай канцэпцыі Говард Гарднер вылучыў восем тыпаў інтэлекту. Менавіта, зыходзячы з гэтай канцэпцыі, мы распрацоўваем заданні такім чынам, каб дзеці, якія ўдзельнічаюць, напрыклад, у нашых ролевых гульнях, мелі нагоду выкарыстаць розныя тыпы інтэлекту. Дзякуючы гэтаму, усе працуюць як каманда, бо асаблівыя здольнасці кожнага з іх патрэбныя для дасягнення агульнай мэты.

Каб прыняць удзел у занятках, прапанаваных Крэатыўным шматфункцыянальным цэнтрам у Мілічы, дастаткова пазнаёміцца з яго багатым графікам:

- У нас ёсць падрыхтаваны каляндар на ўвесь год – асабліва багаты па выходных і ў турыстычным сезоне. Сярод мерапрыемстваў, якія мы прапануем нашым гасцям, між іншым, майстар-класы па ўпрыгожванні ёлкавых шароў, якія адбываюцца ў кожную другую нядзелю месяца. Мы таксама прапануем прагулкі з прыродазнаўцамі і арнітолагамі па Даліне Барыч. Дарэчы, мы гнутка рэагуем на патрэбы нашых гасцей(…) Мы таксама супрацоўнічаем з іншымі адукацыйнымі ўстановамі ў нашым рэгіёне.

Паколькі ў цэнтры размяшчаецца Музей ёлкавых цацак, які навязвае да традыцыі мясцовай фабрыкі, то адна з прапаноў – гэта заняткі для сем'яў з дзецьмі пад назвай: «Дэтэктыў- шарык». Мэта – дапамагчы дзецям зразумець сутнасць музейнай экспазіцыі шляхам гульні.

Крэатыўны шматфункцыянальны цэнтр прымае актыўны ўдзел у цыклічных мерапрыемствах, арганізаваных у Даліне Барыч.

Як мы ўжо згадалі ў рэгіёне Міліча размяшчаецца найбуйнейшы комплекс рыбных сажалак у Еўропе, а і сам Міліч вядомы ў Польшчы і свеце мілічскім карпам без якога большасць палякаў не ўяўляе сабе каляднай вячэры (куцці).

Не здзіўляе тады, што ў Мілічы, ужо больш за дзесяць гадоў, адбываецца буйное цыклічнае мерапрыемства пад назвай Дні карпа:

- Флагманская падзея, якая доўжыцца некалькі месяцаў з верасня па лістапад, а ў гэтым годзе нават да снежня – гэта Дні карпа, бо мы ганарымся нашым карпам. Уладальнікі рэстаранаў, цэнтрaў адпачынку і адукацыйныя арганізацыі рыхтуюць свае прапановы на гэтае мерапрыемства. Таму варта таксама сачыць за шматлікімі мерапрыемствамі, звязанымі з Днямі карпа.

Дні карпа – гэта магчымасць актыўна пазнаёміцца з Далінай Барыч і, перш за ўсё, пакаштаваць карпа, прыгатаванага паводле розных, у тым ліку рэгіянальных рэцэптаў.

Іншае цікавае мерапрыемства, якое таксама праводзіцца штогод – гэта велапікнік «Скаўта Болека», які заўсёды праходзіць у апошнюю суботу траўня. Гэта мерапрыемства ў памяць пра скаўта, педагога, грамадскага актывіста і спартсмена Баляслава Зайічыка(Bolesławowi Zajiczkowi) – патрона ўстановы:

- Ён (Баляслаў Зайічык – рэд.) быў чалавекам з інваліднасцю і, перш за ўсё, прыкладам для іншых. Нягледзячы на тое, што ў выніку нешчаслівага здарэння страціў абедзве рукі, вока, то быў глыбока засяроджаны на спорце. Ён удзельнічаў у шматлікіх марафонах, велапрабегах, у тым ліку пераадолеў 14 тысяч кіламетраў у рамках кругасветнага прабега і г.д. Мэта мерапрыемства – аб’яднаць асяроддзі, з якімі быў звязаны наш герой.

- заахвочвала Ізабэля Брымэрска (Izabela Brymerska) з Крэатыўнага шматфункцыянальнага цэнтра ў Мілічы.

Дарэчы, у цэнтры можна паглядзець экспазіцыю, прысвечаную Баляславу Зайічыку. На ёй паказаныя дасягненні ягонага жыцця, перш за ўсё, у спорце, але таксама ў сацыяльнай сферы і турызме.

Калі гаворка ідзе пра іншыя цікавыя імпрэзы, у якіх можна паўдзельнічаць у цэнтры, то варта таксама сачыць за культурніцкімі прапановамі грамадскай школа імя Астрыд Ліндгрэн, якая таксама працуе ў комплексе былой фабрыкі.

Крэатыўны шматфункцыянальны цэнтр і Музей ёлкавых цацак у Мілічы з’яўляецца таксама амбасадарам «рэгіянальнага сілезскага лагатыпа»(поль. wzornik śląski) – гэта графічны сімвал шматкультурнасці рэгіёнa. Матывы, распрацаваныя ў яго рамках, можна паглядзець, напрыклад, на шкляных ёлкавых шарах, якія выпускае мясцовая майстэрня. Такія сувеніры можна купіць у шапіку ў Крэатыўным шматфункцыянальным цэнтры.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Эльблонгскі канал – шэдэўр гідратэхнічнай інжынерыі XIX стагоддзя і найбуйнейшая турыстычная славутасць Варміі (ФОТА)

17.10.2025 18:01
Штогод каля 100 тысяч турыстаў з усяго свету з’язджаюць у Вармію, каб адправіцца суднам у «рэйс па траве».

Без пастушаства няма традыцыйнай культуры горцаў у Бяскідах. Гэта стае зразумелым пасля візіту ў Цэнтры пастушаства ў Канякаве (ФОТА)

24.10.2025 15:00
Пастушаства – гэта не толькі галоўная традыцыя бяскідскіх горцаў, але і элемент унікальнага ландшафту Бяскідаў.