Беларуская Служба

Выйшла кніга для дзяцей пра мовы Польшчы, у тым ліку пра беларускую

18.12.2025 15:31
Інстытут моўнай разнастайнасці Рэспублікі выдаў кнігу Gwarno. O językach i gwarach w Polsce.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Пра кнігу Gwarno.
      Gwarno,   .
Уршуля Абара паказвае раздзел у кнізе Gwarno, прысвечаны беларускай мове.Viktar Korbut

У выдавецтве Dwie Siostry выйшла падрыхтаваная Інстытутам моўнай разнастайнасці Рэспублікі (Instytut Różnorodności Językowej Rzeczypospolitej) кніга Gwarno. O językach i gwarach w Polsce ("Шумна. Пра мовы і дыялекты ў Польшчы"). Яе аўтар — Мартына Скібіньска (Martyna Skibińska) разам з мастачкай Агай Праболяй (Aga Probola) прадставілі бадай усе гаворкі польскай мовы і мовы іншых народаў, якія жывуць на тэрыторыі Польшчы. Знайшлося ў выданні месца і для беларускай мовы. Бадай, упершыню падобнага роду кніга выходзіць для дзяцей.

Інстытут моўнай разнастайнасці Рэспублікі — установа даволі новая. І калектыў у ёй малады. Вераніка Вардзыньска (Weronika Wardzyńska), каардынатар знешніх сувязей інстытута, расказвае пра яго місію.

— Асноўным кірункам нашай дзейнасці з’яўляецца аналіз моўнай разнастайнасці на карце Польшчы, як рэгіянальных моў, так і гаворак і дыялектаў. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца папулярызацыя ведаў пра тое, што Польшча не з’яўляецца аднароднай краінай з пункту гледжання мовы, а ў ёй функцыянуюць розныя формы і варыянты мовы — у межах адной дзяржавы. Мы таксама імкнёмся асвятляць гэту разнастайнасць як у гістарычным аспекце — паказваючы, як яна выглядала ў мінулым, — так і ў сучасным, дэманструючы яе цяперашнюю форму.

Сярод аб’ектаў увагі Інстытут моўнай разнастайнасці Рэспублікі — польская мова жэстаў.

Кніга Gwarno у захапляльнай і вясёлай форме прадстаўляе восем польскіх гаворак і 18 моў Польшчы. Дзякуючы цікавым фактам, звязаным з мясцовымі традыцыямі, прыкладамі песень і прыказак на мовах і гаворках, а таксама вясёлым ілюстрацыям, кніга дэманструе яркую культурную разнастайнасць носьбітаў розных моў і гаворак, якія жывуць у Польшчы.

Уршуля Абара (Urszula Obara), кіраўніца выдавецкага аддзела Інстытута моўнай разнастайнасці Рэспублікі, расказвае пра змест і прызначэнне кнігі Gwarno.

— Гэта кніга прызначана для дзяцей, іх бацькоў, апекуноў і настаўнікаў і выступае ў ролі кіраўніцтва па разнастайных формах польскай мовы і мовах, якімі карыстаюцца людзі, што пражываюць у Польшчы. Аўтар Мартына Скібіньска разам з мастачкай Агай Праболяй расказваюць пра моўную разнастайнасць Польшчы: пра тое, што ў Польшчы гавораць не толькі па-польску, але і на розных формах польскай мовы. Кніга таксама прадстаўляе мовы нацыянальных меншасцей, а таксама польскую мову жэстаў, якая з’яўляецца паўнапраўнай сістэмай камунікацыі. Кніга падзелена на тры часткі. Пачынаецца яна з уступу, у якім аўтар расказвае пра розныя аспекты камунікацыі і пра тое, як адбываецца наш штодзённы абмен інфармацыяй, незалежна ад таго, якімі мовамі мы карыстаемся. Другая частка прысвечана польскім гаворкам, гэта значыць варыянтам польскай мовы. Тут прадстаўлены, між іншым, гаворкі Падляшша, Падгалля, Кракава, Варшавы і іншыя. Трэцяя частка прысвечана мовам нацыянальных меншасцей Польшчы, у тым ліку беларускай, украінскай, літоўскай, а таксама сілезскай і кашубскай і іншым.

Паколькі ў кнізе Gwarno апісваюцца розныя моўныя нюансы, якія звязаны і з правапісамі асобных моў і з рознымі алфавітамі, якія ў іх выкарыстоўваюцца, перад Інстытутам моўнай разнастайнасці Рэспублікі стаяла складаная задача — каб не зрабіць памылак.

— Мы прыцягнулі да працы больш за 20 кансультантаў — асоб, якія прафесіянальна валодаюць пэўнай мовай або гаворкай або займаюцца імі навукова. На асобнай старонцы прадстаўлены доўгі спіс экспертаў, якія правяралі дакладнасць зместу кнігі.

Уршуля Абара, як і яе калегі, штодня сутыкаецца з моўнай разнастайнасцю.

— Офіс інстытута знаходзіцца ў варшаўскім раёне Прага, і таму нам даводзіцца, хаця і ўсё радзей, чуць гаворку, характэрную для Варшавы. Акрамя таго, незалежна ад таго, дзе я знаходзілася ў Польшчы — а я жыла ў розных месцах — заўсёды сустракала шмат людзей з Сілезіі. Можна сказаць, што сілезская мова вельмі экспансіўная і яе можна пачуць таксама ў многіх месцах па-за Сілезіяй. Варшава таксама вельмі разнастайная па моўным складзе: тут шырока распаўсюджаны мовы нацыянальных меншасцей — напрыклад, украінская і беларуская. Гэта моўная разнастайнасць адчуваецца штодня на вуліцах горада.

У канцы нашай размовы Уршуля Абара расказала сваю асабістую гісторыю.

— Я памятаю з дзяцінства спецыфічную мову маёй бабулі, а асабліва слова nasermater. Як аказалася, і ў кнізе Gwarno пра гэта расказвваеццагэта слова паходзіць з гаворкі ваколіц Пшэмысля. Мая бабуля паходзіла адтуль, а ў 1945 годзе выехала на г. зв. Вернутыя землі. Слова nasermater мае шырокае значэнне і яго можна выкарыстоўваць у розных сітуацыях. Часам яно мае значэнне «ды перастань!» або «супакойся!». Гэта, такім чынам, выклічнік, які можна ўжываць па-рознаму. Мае бабуля з дзядулем не пакінулі свае родныя мясціны добраахвотна — іх прымусілі зрабіць гэта ў рамках аперацыі «Вісла». Абодва паходзілі са змешаных польска-ўкраінскіх сямей, каталіцка-праваслаўных. Некалькі гадоў таму я наведала іх родныя вёскі пад Пшэмыслем. Я ўбачыла, сярод іншага, царкву, якая цяпер не дзейнічае і паступова разбураецца, у якой бабуля была ахрышчана. Таксама я наведала Страшыцэ, дзе стаіць стары будынак, які ў апавяданнях бабулі называўся палацам. Бабуля, калі ёй было каля дванаццаці гадоў, працавала там служанкай.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пісьменніца Югася Каляда ўпершыню прыехала з Вільні ў Варшаву

04.12.2025 15:18
На сустрэчы ў Варшаве з чытачамі з Мінска, Гомеля і Рэчыцы пісьменніца параіла ўдасканальваць беларускую мову, чытаючы з алоўкам творы класікаў.