Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Томаш Ліпніцкі спявае пра аднаразовы раман, званы жыццём

15.01.2026 16:10
На сайце выканаўцы пра яго напісана, што ён – «бунтар з харызмай». 
Tomasz Lipnicki
Tomasz Lipnicki Bartek Koziczyński/Czwórka

Польскі пясняр Томаш Ліпніцкі прадставіў свой апошні сольны альбом «Палі бітваў». Артыст кажа пра кампазіцыі з гэтага альбому як пра аповед пастаяннай барацьбы з самім сабой, сваімі эмоцыямі і жаданнямі. Як гаворыцца на сайце Томаша Ліпніцкага, гэта барацьба за прыняцце сябе, за каханне і прызнанне. Гісторыя мужнасці, страху, балючых перажыванняў, прагі да здзяйснення мар. Поўная пытанняў пра свет унутры нас і па-за намі.

Томаш Ліпніцкі (Tomasz Lipnicki, псеўданім «Ліпа») нарадзіўся ў жніўні 1969 года ў Гданьску. Музыка ў яго ў крыві — ён упершыню ўзяў у рукі гітару ў дванаццаць гадоў. На мяжы 1980-х і 1990-х гадоў ён супрацоўнічаў з гуртом She, пазней заснаваў гурт Illusion, запусціў свой сольны праект Lipali, які з часам ператварыўся ў гурт. Тройчы лаўрэат прэміі Фрыдэрыка, ён выпусціў 22 альбомы, 18 з якіх — студыйныя.

На сайце выканаўцы пра яго напісана, што ён – «бунтар з харызмай». Часам да яго цяжка дастукацца, але ён заўсёды прымае рацыянальныя аргументы. Яго цвёрдае сэрца рок-мэна змякчае нядоля бяздомных жывёл, якім ён дапамагае гадамі. Але таксама не забывае і пра людзей — ахвотна ўдзельнічае ў шматлікіх дабрачынных праектах. І заўсёды аддае перавагу сумленнасці, часта гаворачы, нават непрыемную, праўду ў твар.

А якую ролю адыгрывае музыка ў яго жыцці? «Музыка часта прыводзіць мяне ў стан асалоды і спакою, музыка неверагодна важная для мяне ў жыцці, не толькі яе стварэнне, але і праслухоўванне», — адзначыў Томаш.

У запісе альбому ўдзельнічала, у прыватнасці, Кася Кавальска. Томаш казаў, што даўно заўважыў яе як цікавую музыкантку, яшчэ ў 90-ыя гады, а цяпер з'явілася магчымасць разам з ёй папрацаваць.

І пераходзім ужо да кампазіцыі, якую я выбрала з новага альбому Томаша Ліпніцкага. Называецца песня «Jednorazowa powieść» (Аднаразовы раман).

Jednorazowa powieść, jednorazowy człowiek, pisze ją sam i tworzy ją sam. Wolno słowo po słowie, jednorazowy człowiek, pisze się sam i tworzy się sam. Jednorazowe życie, od świtu aż po skrycie, w ramionach gwiazd, w pamięci mgła.

Jednorazową powieść, każdy osobie skrobie, jak wiele słów, jak wiele kart. Żyję tylko raz, więc musi mi się chcieć, więc muszę tylko chcieć. Równi Bogom my piszemy nasze dni, tworzymy siebie sami.

Jednorazowa powieść, w niej o Tobie piszę też tak wiele zdań. Bez Ciebie mało ważna treść, bez Ciebie szary deszcz rozmywa tusz…

Аднаразовы раман, аднаразовы чалавек піша яго сам і стварае яго сам. Павольна, слова за словам, чалавек аднаразовы, піша сябе і стварае сябе. Жыццё аднаразовае, ад світання да схавання, у абдымках зорак, у памяці туман.

Аднаразовы раман, кожны чалавек піша яго, так многа слоў, так многа старонак. Я жыву толькі адзін раз, дык я павінен хацець, таму мне трэба толькі хацець. Роўныя багам, мы пішам свае дні, мы самі ствараем сябе.

Аднаразовы раман, у ім я таксама пішу так шмат сказаў пра цябе. Без цябе змест страчвае значэнне, без цябе шэры дождж размывае чарніла.

Разгляд пачну з назову кампазіцыі. Польскае слова «powieść» — гэта беларускі «раман» — адна з літаратурных формаў. На польскай мове ёсць розныя віды: powieść historyczna — гістарычны раман, powieść obyczajowa — бытавы раман, powieść kryminalna — крымінальны раман (або проста kryminał).

А «аднаразовы» — гэта не прыніжае чалавека, як можа здавацца на першы погляд, а наадварот, нагадвае яму, што ён — непаўторнае стварэнне, адзінае ў сваім родзе, другога такога ж чалавека не было і не будзе ў свеце. І што жыццё можна пражыць толькі раз.

Więc musi mi się chcieć — можам перакласці «дык мне павінна хацецца». Гэта даслоўны пераклад, які гучыць крыху штучна. Таксама можам сказаць: «значыць, у мяне мусіць быць жаданне», «значыць, я павінен хацець», «трэба, каб мне хацелася», «трэба, каб было жаданне».

Bez ciebie szary deszcz rozmywa tusz — без цябе шэры дождж размывае чарніла. Тут няма незразумелых слоў, я толькі хачу звярнуць увагу на выраз «tusz». Гэта чарніла ў дадзеным выпадку, але ёсць словы, якія гучаць аднолькава, але значаць зусім іншае.

Tusz — гэта перш за ўсё чарніла, але можа азначыць таксама туш для веек (tusz do rzęs). «tusz» можа таксама азначаць кароткі, урачысты сігнал, які звычайна выконваецца аркестрам на духавых інструментах (трубе) як правіла на пачатку або на канцы нейкай важнай цырымоніі, падчас прывітання важнай асобы. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў войску і афіцыйным пратаколе.

Orkiestra zagrała tusz powitalny — аркестр выканаў урачысты марш-сігнал.

І, увага, яшчэ адно цікавае значэнне слова tusz. Гэта азначае таксама кароткі душ. Часцей на душ гавораць палякі «prysznic», але існуюць таксама ў гутарковай мове таксама выраз «natrysk» і «tusz».

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы