Беларуская Служба

Дом, дзе нарадзілася польскае Асветніцтва. Таямніцы дома на вуліцы Броварнай у Піле (ФОТА)

30.01.2026 13:05
Год Станіслава Сташыца – гэта добрая нагода наведаць, прысвечаны яму музей і даведацца пра дасягненні і заслугі выдатнага Паляка.
Аўдыё
  • Музей Станіслава Сташыца ў Піле
Музей Станіслава Сташыца ў ПілеФота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

Станіслаў Сташыц(1755-1826), якога Год афіцыйна адзначаецца сёлета ў Польшчы, быў выдатным польскім дзеячам Асветніцтва – палітыкам, публіцыстам, навукоўцам. Варта ведаць, што гэты выдатны паляк мае ў Піле, горадзе ў паўночна-заходняй Польшчы, сваё асаблівае месца – сямейны дом, дзе знаходзіцца яго біяграфічны музей.

Музей Станіслава Сташыца, у які мы сёння запрашаем, размешчаны ў былым доме яго сям'і ў Піле (Piła) у раёне Замосце. Гэта гістарычны будынак, першыя згадкі пра які датуюцца 1783 годам, кажа куратар Музея Станіслава Сташыца ў Піле доктар Мацей Усурскі (Maciej Usurski):

– Музей Станіслава Сташыца знаходзіцца ў доме, які належаў яго сямʼі на вуліцы Броварнай (Browarna 18 – рэд.) у Піле. Гэта быў жылы дом у невялікім фальварку, якім валодала сямʼя Сташыцаў у гэтай частцы горада. Музей быў створаны пасля Другой сусветнай вайны. Падчас баёў за горад у 1945 годзе дом быў сурʼёзна пашкоджаны, але, на шчасце, пасля вайны, верагодна, адзін з гарадскіх чыноўнікаў заўважыў што, дом на вуліцы Броварнай, з’яўляецца, можна сказаць, доказам польскасці гэтых зямель, і было прынята рашэнне аб яго аднаўленні. Быў створаны Грамадскі камітэт па рэканструкцыі сямейнага дома Станіслава Сташыца і, у значнай ступені дзякуючы грамадскім работам, аб’ект быў адноўлены ў 1947-1948 гадах і перададзены мясцовай супольнасці. У 1951 годзе тут была афіцыйна адкрыта памятная палата, а затым музей, прысвечаны Станіславу Сташыцу, які працуе і дагэтуль.

Музей Станіслава Сташыца ў Піле Музей Станіслава Сташыца ў Піле. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

Сямʼя Сташыцаў жыла ў Піле некалькі пакаленняў, а яе члены займалі важныя пасады ў горадзе, у тым ліку былі найвышэйшымі прадстаўнікамі гарадскіх уладаў:

- Сямʼя жыла ў Піле прынамсі з XVII стагоддзя. Калі яны тут пасяліліся – мы дакладна не ведаем. Аўтар публікацый пра Сташыцаў міжваеннага перыяду Чэслаў Ляснеўскі сцвярджаў, што сямʼя прыбыла ў Пілу ў 1640-х гадах і хутка заняла бачнае месца сярод мяшчан Пілы. Гэта не перабольшанне, бо прадстаўнікі сямʼі сапраўды былі гарадскімі натарыусамі і кіраўнікамі гарадскіх цэхаў. Варта таксама ўспомніць, што дзед Станіслава, Анджэй Сташыц, на працягу 30 гадоў займаў пасаду бурмістра Пілы. Затым бацька Станіслава, Ваўжынец, займаў гэтую пасаду на працягу 10 гадоў. Дарэчы, ён быў апошнім польскім бурмістрам Пілы да першага падзелу Польшчы, калі горад апынуўся пад прускай уладай і акупанты прызначылі сваіх чыноўнікаў, а бацьку Станіслава пазбавілі пасады бурмістра.

Хутчэй за ўсё ў доме на вуліцы Броварнай, то бок у цяперашняй сядзібе музея, нарадзіўся Станіслаў Сташыц:

- Сам Станіслаў Сташыц нарадзіўся тут у лістападзе 1755 года. На жаль, мы не ведаем дакладнай даты яго нараджэння. Запісана толькі дата хрышчэння – 6 лістапада, таму можна меркаваць, што ён нарадзіўся ў пачатку гэтага месяца, бо ў XVIII стагоддзі дзяцей часцей за ўсё хрысцілі вельмі хутка пасля нараджэння. Сташыц насамрэч быў чацвёртым і наймалодшым дзіцём у сямʼі бурмістра Пілы Ваўжынца Сташыца і яго жонкі Катажыны. У яго было два старэйшыя браты, Анджэй і Антоні, і старэйшая сястра Анна.

Музей Станіслава Сташыца ў Піле Музей Станіслава Сташыца ў Піле. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

У 1790-х гадах Ваўжынэц Сташыц прадаў дом, у якім цяпер знаходзіцца музей, і ўсю сваю маёмасць у горадзе і пераехаў да сваёй дачкі Анны, якая жыла ля Ходзежы (поль. Chodzież). На гэтым па сутнасці заканчваецца гісторыя сямʼі Сташыцаў у Піле. На жаль да нашых часоў не захаваліся могілкі ля касцёла святых Янаў, дзе былі пахаваныя продкі Станіслава:

- Цяпер гэтых могілак няма. У XIX стагоддзі яны паступова знікалі, потым былі зачыненыя. Яшчэ пазней былі перанесены на ўскраіну горада, а пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў фактычна разбураны і спалены. Ад могілак не засталося ні следу. Пазней, у 1980-х гадах, на гэтым месцы быў пабудаваны гатэль «Грамада». Такім чынам, ніякіх слядоў не засталося, але на могілках побач са згаданым касцёлам, безумоўна, былі пахаваны: брат Станіслава Анджэй, яго маці Катажына і, верагодна, ранейшыя члены сямʼі, такія як дзед Анджэй былы бургамістр Пілы.

Станіслаў Сташыц пакінуў родную Пілу ў маладосці, хутчэй за ўсё, каля 1774 года, каб працягваць вучобу ў правінцыйнай школе ў Познані. Пасля вучобы ў Познані ён працягваў адукацыю ў іншых цэнтрах, у тым ліку ў Варшаве і за мяжой, рэдка вяртаючыся ў родны горад. На шчасце, памяць пра выдатнага паляка захавалася ў Піле па сённяшні дзень:

- Музей тут, можна сказаць, стартаваў з нуля, бо ў нас не было ні калекцыі асабістых памятных рэчаў, ні бібліятэкі, ні дакументаў, звязаных са Станіславам Сташыцам. Спачатку выстава была арганізавана ў супрацоўніцтве і пры падтрымцы Нацыянальнага музея ў Познані. Шмат прадметаў было пазычана менавіта з гэтага музея. Насамрэч пастаянная экспазіцыя была больш арганізавана для дэманстрацыі інтэрʼеру тагачасных мяшчанскіх дамоў. Аднак з гадамі мы набывалі для нашай музейнай калекцыі новыя прадметы, у першую чаргу звязаныя са Сташыцам і яго эпохай. Гэта партрэты самога Станіслава Сташыца, графікі, звязаных з ім месцаў, рукапісы, старадрукі і іншыя прадметы, звязаныя не толькі самім героем, але традыцыяй ушанавання яго памяці ў XIX і XX стагоддзях. З часам гэта дазволіла нам падрыхтаваць пастаянную экспазіцыю, прысвечаную выключна Станіславу Сташыцу. Сёння яна размяшчаецца ў чатырох залах на першым паверсе. У першай зале мы падкрэсліваем сувязі Станіслава Сташыца з родным горадам; закранаем тэмы ўнутраных і міжнародных падарожжаў і геалагічных даследаванняў. Другая зала прысвечаная яго навуковай працы і, перш за ўсё, Таварыству сяброў навук у Варшаве. У трэцяй зале мы прадстаўляем літаратурную творчасць Сташыца, а ў апошняй – яго грамадскую дзейнасць у перыяд Герцагства Варшаўскага і Царства Польскага.

Музей Станіслава Сташыца ў Піле Музей Станіслава Сташыца ў Піл. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

Музей Станіслава Сташыца ў Піле – гэта дасканалая крыніца пашырэння ведаў пра жыццё і шматбаковую дзейнасць аднаго з найвыдатнейшых палякаў эпохі Асветніцтва – навукоўца, геолага, пісьменніка і палітычнага дзеяча. Наведвальнікі, па сённяшні дзень адкрываюць для сябе нейкія новыя інфармацыі і цікавінкі, запэўнівае кусташ установы:

– Я думаю дзве рэчы найчасцей здзіўляюць наведвальнікаў. Па-першае, той факт што Сташыц нарадзіўся тут, у Піле, і што ён адсюль родам. Здаецца, што гэта павінна быць відавочна, але гэта не так. Здараецца, што гэта новая інфармацыя нават для выпускнікоў школаў яго імя. Другая прычына здзіўлення – гэта, можна сказаць, універсальнасць Станіслава Сташыца. Той факт, што ён вырашаў столькі праблем і сапраўды дасягнуў поспеху ў многіх галінах, пакінуўшы пасля сябе спадчыну, якая бачная і актуальная па сённяшні дзень.

Музей Станіслава Сташыца ў Піле. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле Музей Станіслава Сташыца ў Піле. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

Музей збірае і дакументуе спадчыну Станіслава Сташыца; прапагандуе яго прыклад грамадскай службы і шчодрасці. Тут выстаўлены дакументы і памятныя рэчы, звязаныя з яго жыццём і дасягненнямі:

- Вядома, найбольш шматлікімі зʼяўляюцца, безумоўна, гравюры з партрэтамі і месцамі, звязанымі са Станіславам Сташыцам. Што тычыцца асабістых рэчаў, то такіх прадметаў захавалася вельмі мала. Пасля смерці Сташыца яго маёмасць, у тым ліку, усё ў яго кватэры, было інвентарызавана і ацэнена, і, хутчэй за ўсё, гэтыя рэчы былі выстаўлены на аўкцыён і прададзены. У нашай калекцыі, безумоўна, ёсць два выключныя экспанаты. Першы – гэта невялікі сярэбраны кубак з прысвячэннем Станіславу Сташыцу – гэта падарунак ад Лукаша Загурскага ў падзяцы за яго адукацыю. Кубак датаваны 1797 годам, што сведчыць аб тым, што, хутчэй за ўсё, Сташыц быў настаўнікам Загурскага, падчас свайго знаходжання ў Вене. У нашай калекцыі таксама ёсць кніга з прыватнай бібліятэкі Сташыца. Гэта манументальная геалагічная праца французскага геолага пра патухлыя вулканы ў Францыі. Сташыц набыў кнігу падчас свайго знаходжання ў Парыжы ў 1804 ці 1805 годзе. Ён прывёз яе ў Варшаву, а потым, паводле яго завяшчання, кніга разам з усёй бібліятэкай стала часткай калекцыі Таварыства сяброў навукі ў Варшаве. Як вядома, пасля Лістападаўскага паўстання расіяне канфіскавалі калекцыю Таварыства і вывезлі ўсё ў Расію. Фактычна, большая частка кніг апынулася ў Імператарскай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, а тая, пра якую ідзе гаворка, недзе па дарозе выратавалася і апынулася ў прыватных калекцыях бібліяфілаў. Затым, на некалькі дзесяцігоддзяў, яна практычна знікла, і толькі ў 1978 годзе наш сябар, доктар Станіслаў Чарнецкі з Кракава, купіў яе ў маскоўскай антыкварнай краме і прывёз у Кракаў. Мы атрымалі гэтую кнігу ад яго.

Музей Станіслава Сташыца ў Піле Музей Станіслава Сташыца ў Піле. Фота: Музей Станіслава Сташыца ў Піле

Музей Станіслава Сташыца зʼяўляецца важным месцам, якое ўшаноўвае памяць выдатнага філосафа і грамадскага дзеяча, чые ідэі і працы аказалі велізарны ўплыў на развіццё Польшчы:

- Мы ў першую чаргу стараемся арганізоўваць розныя выставы, прысвечаныя Сташыцу і яго эпосе. Вядома, арганізоўваем таксама шмат лекцый. Гэтыя лекцыі мы праводзім як тут, у музеі, так і ў школах і бібліятэках. Мы таксама стараемся публікаваць апошнія адкрыцці, звязаныя са Станіславам Сташыцам. Кожныя два гады ў Піле праводзім сустрэчы навукоўцаў, на якія прыязджаюць адмыслоўцы з розных цэнтраў Польшчы і прадстаўляюць свае апошнія адкрыцці, датычныя нашага героя. Затым гэтыя матэрыялы публікуюцца ў адмысловых сшытках.

- распавядаў куратар Музея Станіслава Сташыца ў Піле доктар Мацей Усурскі (Maciej Usurski).

Адным з цікавых праектаў, якія плануе актывізаваць, музей з’яўляецца гістарычны шлях «Па слядах Сташыца». У яго рамках, падарожнічаючы па месцах, звязаных з выдатным палякам, турысты змогуць збіраць памятныя пячаткі. Апрача Пілы, гаворка ідзе пра такія месцы, як: Закапанэ і сядзіба Татранскага нацыянальнага парку, Хлубешаў, Замасць, Варшава, Кельцэ, месцы, звязаныя з прамысловымі аб’ектамі, да ўзнікнення якіх прычыніўся Станіслаў Сташыц, як дзяржаўны чыноўнік.

Нагадваем, 2026 год быў абвешчаны Сеймам Польшча Годам Станіслава Сташыца.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Станіслаў Сташыц – чалавек, які злучыў Варшаву з Брэстам (ФОТА)

20.01.2026 11:01
У 2026 годзе палякі ўшаноўваюць памяць выдатнага прадстаўніка польскага Асветніцтва, чый уклад у Польшчу дагэтуль выклікае павагу і захапленне.