Беларуская Служба

Мастак Аляксандр Адамаў: «Абсурд — гэта пункт, у якім свет становіцца больш зразумелым»

12.02.2026 06:03
Беларускі мастак Аляксандр Адамаў распавядае пра сваю апошнюю выставу ў Познані «Гіперрэалістычная Маці» і разважае пра абсурд, які паўсюль нас акружае.
Мастак Аляксандр Адамаў у пакоі «Гіперрэалістычная Маці» Фота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

 — Аляксандр, давайце адразу пачнём з вашай выставы. Што на ёй прадстаўлена?

— Гэта выстава называецца «Гіперрэалістычная Маці» — гэта такая татальная інсталяцыя. На першы погляд яна нагадвае дзіцячы пакой для праслухоўвання. Але гэта выглядае так толькі звонку, бо насамрэч гэты пакой нясе ў сабе новую оптыку, праз якую мы глядзім на рэчаіснасць. У дадзеным выпадку гэта своеасаблівы погляд на клопат дзяржавы пра кожнага з нас. І гэты клопат у маёй выставе перадаецца праз розныя механізмы: накладкі на грудзі для кармлення дзяцей або розныя падручнікі па метадах лячэння. Я стварыў тут такі свет, нават тэатральны, які забірае нас у гэты пакой і надае новую прызму ўсяму, што нас акружае.

Наколькі я разумею, вы глядзіце на свет праз некаторыя рэчы, якія знаходзяцца ў гэтым пакоі?..

— Трошкі не так. Гэты пакой мне быў патрэбны, каб як мага больш яскрава паказаць механізм улады.

Як улада праяўляе клопат пра чалавека…

— Гэты пакой насамрэч існуе ў Беларусі. Першы пакой, з якога я пачаў рабіць інсталяцыю, — гэта здымак віцебскага пакоя для допытаў. Ён цікавы тым, што мае вялікае люстэрка, у якім мы бачым сябе, але не думаем, што там, за ім, яшчэ нехта ёсць. А яшчэ ў гэтым пакоі ёсць палічка з камерай. Тут існуюць тры-чатыры пункты, адкуль за намі назіраюць і кантралююць чые-небудзь вочы, якіх мы самі не бачым.

Што падштурхнула вас да ўвасаблення такой ідэі?

— Тое, што не ўсё падпарадкоўваецца нейкай сістэме. У сэнсе: калі ты глядзіш на свет і бачыш, што нешта там вылучаецца, то цікава знайсці пункт, дзе гэтага не адбываецца. Гэта такі новы светапогляд, які можа нас супакоіць або задаць нейкі новы трэнд для мыслення. Для мяне цікава, як у гэтым свеце адначасова можа існаваць вайна, сіліконавыя накладкі на грудзі, якія нейтралізуюць боль, як існуе шмат персаналізаванай псіхалогіі, размовы пра аўтаназію… Гэты свет заўсёды сябе нанова адбудоўвае, і калі не ўсё ўкладваецца ў новы светапогляд, то хочацца знайсці пункт, у якім стане больш зразумела. І я такія пункты шукаю.

Гэтыя пункты ляжаць у прасторы абсурду, а абсурд заўсёды або смешны, або не ўпісваецца ў пэўныя межы, або гэта тое, у што ты не верыш, як канспіралогія. Я таксама люблю канспіралогію, бо яна выбудоўвае новы светапогляд кожнага з нас.

. .

А як жанрава вы акрэсліце сваю выставу?

— Гэта інсталяцыя, але з той прычыны, што я працую і ў кіно, і ў тэатры і вельмі люблю прастору, я б сказаў, што гэта прасторавая інсталяцыя, у якой мы можам існаваць у такіх новых умовах.

Вы сказалі, што шукаеце адказы на пытанні новага светапогляду. Ці ўдаецца вам гэта?

— Нешта атрымліваецца, але гэта тое, што мяне прыцягвае да самога сябе і тое, што робіць з мяне жывога чалавека. Калі я бачу, што не ўсё ўкладваецца ў разуменне, то мне цікава падумаць пра новы свет, які знаходзіцца за межамі таго разумення, што было да мяне.

А як на мастака ўплывае эміграцыя?

— Я думаю, што жывецца ўсім па-рознаму, а мне жывецца цікава. Бо мой свет беларускага абсурду пашырыўся на нейкі такі заходнееўрапейскі абсурд. Да прыкладу, у Беларусі я рабіў шмат відавочна смешных працаў, а тут пачаў рабіць працы смешныя, але прыхавана смешныя. Таму што гэты абсурд тут больш тонкі.

Што вы маеце на ўвазе пад абсурдам Заходняй Еўропы?

— Ён крыецца ў такіх мінімалістычных інтэр’ерах, інтэлігентных словах і спакойных паводзінах. А ў Беларусі, наадварот, усё адкрыта, усё на паверхні і запрашае да скарыстання. А тут гэты абсурд яшчэ трэба пашукаць.

Паўсюль абсурд і нідзе без яго не абысціся?

— Нідзе. Мабыць, толькі калі я жыў у вёсцы, то там абсурду няма. Там праца, праца, прырода і спакой. А дзе больш людзей, там і больш абсурду.

Размаўляў Павел Залескі


 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы