Яшчэ ў мінулым годзе, дзякуючы зацікаўленню з боку беларускіх незалежных выдаўцоў, якія працуюць у эміграцыі, і ініцыятыве Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, атрымалася аднавіць «Салон незалежных беларускіх выдаўцоў» у рамках кніжнага кірмашу ў Беластоку, які ладзіць фонд «Суседзі».
Запрашаем паслухаць далучаны гукавы файл.
У гэтым годзе гэты салон ужо другі раз будзе арганізаваць Цэнтр беларускай культуры, – нагадала намесніца дырэктара цэнтра Ілона Карпюк, з якой размаўляе Яраслаў Іванюк.
– Атмасфера на кірмашы і гісторыя гэтай падзеі такая, што людзі, проста, ахвотна прыходзяць, глядзяць, што ім цікава, што новае, сустракаюць знаёмых. Мы таксама заклікаем падзяліцца сваімі ўражаннямі ад прачытаных кніжак, ад сустрэч, на якіх пабывалі. І ўсё гэта спрыяе таму, каб быць там разам. Я сабе не ўяўляю сітуацыі, у якой беларускія аўтары ці выдаўцы не прысутнічаюць на кірмашы ў Беластоку. Добра, каб гэта стала ўжо традыцыяй для нас усіх, тым больш што беларускія кніжкі зараз выдаюцца ў асноўным у эміграцыі.
У Польшчы працуе шмат выдавецтваў, шмат кніжак выдаецца, шмат беларускіх пісьменнікаў жыве тут, пішуць і выдаюць свае кніжкі.
«Кніжны кірмаш у Беластоку – гэта зручная нагода для таго, каб паказаць важную ролю незалежных выдаўцоў, а таксама прысутнасць беларускай культуры і літаратуры ў агульнай культурнай прасторы горада», – адзначае Ілона Карпюк.
Пра сваю прысутнасць на кірмашы заявілі беластоцкі фонд «Камунікат», кракаўскае выдавецтва «Гутэнберг Паблішэр», упершыню прыедуць кніжкі «Студыя Маджэнта», «Сейбіта», «Традыцыя», з’явіцца выдавецтва «Розум Мэдыя» і «Карэна Прэс» з Лондану.
«Салон незалежных беларускіх выдаўцоў» гэта таксама прастора, на якой пакажуць свае кніжкі выдавецтвы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, у тым ліку «Беларускае гістарычнае таварыства», якое займаецца важнай гістарычнай часткай беларускай культурнай спадчыны і Музей Малой айчыны ў Студзіводах.