Беларуская Служба

«Бывае, што пакуты даюць чалавеку новыя сілы, загартоўваюць яго». Ілля Фаляжынскі расказвае пра свой новы альбом

27.04.2026 19:14
Ці «выпаленая зямля» — гэта Беларусь?
Аўдыё
  • Трэці альбом Іллі Фаляжынскага.
 .
Ілля Фаляжынскі.Фота з прыватнага архіву.

Беларускі бард і мастак Ілля Фаляжыньскі выпусціў свой трэці музычны альбом пад назваю «Па выпаленай зямлі». Мы з ім пагутарылі пра музыку, натхненне і жыццё ў Польшчы.

Ці «выпаленая зямля» — гэта Беларусь?

— Я думаў над гэтым, але не хацеў бы абмяжоўвацца нейкім канкрэтным сэнсам, каб кожны слухач, які будзе праслухоўваць альбом, успрыняў яго па-свойму. Магу толькі сказаць, што над 10 песнямі я працаваў з 2019 па 2025 год, нейкі час заняло аранжыраванне, з якім мне дапамагаў мой настаўнік Дзмітрый Матуйза.

Першая песня ў альбоме называецца «Куды ты ідзеш?». Гэта гісторыя падарожжа чалавека, таксама ўнутранае падарожжа ў пошуках сябе. Ёсць у песні гаворка пра «сакрэтны пароль». Што гэта такое? Ці таксама кожны сам павінен здагадвацца?

— Мне не хацелася б даваць канкрэтныя адказы… Калі я рыхтаваў альбом, то зразумеў, што ён павінен быць пра рух, пра шлях, які трэба прайсці, каб зразумець, хто мы, беларусы. Мы павінны прааналізаваць нашу гісторыю, прааналізаваць, дзе мы знаходзімся, на якой мове размаўляем.

Ёсць таксама песня пад назваю «Праца — вінавайца». У ёй ёсць такія словы: «праца, не прыніжай мяне, праца, не забівай мяне». Ці гэта словы беларуса-эмігранта, якому даводзіцца працаваць на працы, якая не была яго марай?

— Шмат для каго гэтая песня будзе актуальнай, паколькі шмат хто выехаў за мяжу і на самым пачатку яму даводзіцца займацца не тым, чым бы ён хацеў займацца — фізічнай працай, або такой, якая не прыносіць вялікага заробку. Я з 2017 года знаходжуся ў Польшчы і пачынаў з даволі простых прац.

Існуе стэрэатып, што пакуты, нешчаслівае жыццё даюць творцам натхненне. Ці Вы згодны з тым, што пакуты робяць чалавека больш крэатыўным?

— Нейкая доля праўды ў гэтым ёсць. Бывае, што пакуты, праз якія праходзіць чалавек, даюць яму новыя сілы, загартоўваюць яго. І творца можа вынесці з цяжкасцяў новыя сэнсы для сваёй творчасці. Гэта датычыць кожнага мастацтва.

А ваша мастацтва прынцыпова на беларускай мове?

— Калі я пачынаў граць і выконваць песні, я спяваў песні іншых выканаўцаў на расійскай мове. А цяпер я факусуюся на ўласнай творчасці і выключна па-беларуску. Трэба ўлічваць, як расійская мова выкарыстоўваецца падчас вайны, падчас акупацыі — гэта інструмент, які выкарыстоўваецца не дзеля дабра, а дзеля зла.

Вы курсіруеце паміж Варшавай і Чарэмшай на Падляшшы. Больш Вам падабаецца жыць на Падляшшы, ці ў сталіцы?

— Два гады я жыву на Падляшшы, я знайшоў тут аддалены ад усіх востраў, дзе магу схавацца ад натоўпаў, ад шуму і сканцэнтравацца на творчасці і працы.

Песні з новага альбому Іллі Фаляжынскага «Па выпаленай зямлі» можна паслухаць на стрымінгавых платформах. Пакуль што выканаўца не плануе выдаваць фізічнага кампакт-дыску.

Слухайце поўную гутарку і музыку ў далучаным гукавым файле

нг