Нашы каляжанкі, журналісты канала Польскага радыё для замежжа Халіна Остас і Ірына Завіша ў красавіку наведалі Узбекістан. Мэтай візіту было перш за ўсё знаёмства з польскай дыяспарай у гэтай краіне. У мясцовых палякаў знайшліся і беларускія карані. Пра гэта пойдзе размова ў праграме Віктара Корбута «Варшаўскі мост».
Як палякі, у тым ліку ўраджэнцы сучаснай тэрыторыі Беларусі, траплялі ва Узбекістан? Яшчэ ў XIX стагоддзі — як салдаты, афіцэры расійскай арміі, вучоныя, інжынеры. Частка Польшчы і ўвогуле былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку беларускія землі, тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. А палякі — карэнныя жыхары і Польшчы, і Беларусі былі рассеяны па ўсёй імперыі. Многія, як вядома, ссылаліся пасля наўдалых паўстанняў у Сібір.
У 1939 годзе СССР услед за Германіяй напаў на Польшчу і анексаваў яе ўсходнія рэгіёны, у тым ліку тыя, дзе разам пражывалі палякі і беларусы. Неўзабаве частка польскага насельніцтва была дэпартавана ўглыб СССР.
Некаторыя палонныя салдаты Войска Польскага, якіх не расстралялі ў Катыні і іншых падобных месцах знішчэння людзей, пасля нападу Германіі на СССР у 1941 годзе былі вызвалены. З іх на тэрыторыі СССР пачалі фарміраваць польскую армію на чале з генералам Уладыславам Андэрсам, якая ў 1942 годзе была эвакуіравана з СССР праз Іран на Блізкі Усход. Але частка палякаў па дарозе ў армію Андэрса апынулася і засталася ў Сярэдняй Азіі, у тым ліку на тэрыторыі сучаснага Узбекістана.
Халіна Остас падчас наведвання Ташкента і Самарканда сустракала нашчадкаў палякаў у тым ліку з тэрыторыі сучаснай Беларусі.
— Так, яны цяпер якраз вяртаюцца да сваіх каранёў і часта шукаюць дакументы сваіх бацькоў, дзядоў ці прадзедаў. І вельмі многія з гэтых людзей прызнаваліся ў тым, што маюць карані з «крэсаў». Расказвалі, што іх продкі трапілі з Беларусі або Украіны ў Сібір, а потым апынуліся ва Узбекістане. Многія з гэтых людзей маюць якраз такія карані — з польскага асяроддзя ў Беларусі. У размовах, у прыватнасці, згадваліся Гродна, Ліда — мае суразмоўцы чулі гэтыя назвы яшчэ ў дзяцінстве, напрыклад, ад сваіх бацькоў ці дзядоў.
А на якой мове вы размаўлялі з мясцовымі палякамі? Бо многія з іх ужо нарадзіліся ва Узбекістане або ў СССР...
— Я размаўляла з некалькімі людзьмі, якія вучыліся альбо ў Шчэціне, альбо ў Любліне, скончылі там ліцэі і гавораць на выдатнай польскай мове, фактычна нават без акцэнту. Быў паспяховы праект па запрашэнні палякаў з Узбекістана ў Польшчу, і гэты праект павінен зноў пачацца з верасня. Але ўвогуле з мовамі сітуацыя розная. Я размаўляла з мясцовымі палякамі і па-польску, і па-руску, таму што веданне рускай мовы даволі распаўсюджанае. Бывае так, што нават грамадзяне Узбекістана не ведаюць узбекскай мовы, але пры гэтым гавораць па-руску і выдатна выкарыстоўваюць яе ў сваёй прафесіянальным і сацыяльным асяроддзі. Палякі гавораць па-польску, але некаторыя, на жаль, ужо толькі па-руску, хоць пры гэтым вывучаюць польскую мову. Нават мацеры тых людзей, якія вучацца ў Польшчы, наведваюць таварыства Polska Klasa («Польскі клас») — урокі польскай мовы. Там працуе выкладчыца з Польшчы — Данута Совяр, накіраваная туды Цэнтрам развіцця польскай адукацыі за мяжой (Ośrodek Rozwoju Polskiej Edukacji za Granicą). І моладзь, і дарослыя з вялікай ахвотай наведваюць гэтыя заняткі, а размовы, якія я праводзіла, некаторыя з іх вельмі кранальныя, вяліся як па-польску, так і па-руску.
Халіна Остас і Ірына Завіша ў Самаркандзе. Фота: Halina Ostas / Polskie Radio.
У Ірыны Завішы я пацікавіўся, наколькі ва Узбекістане адчуваецца спадчына русіфікацыі савецкага перыяду.
— Руская мова вельмі шырока распаўсюджана. Па-руску гавораць практычна ўсе сустрэтыя намі людзі — як сярод прадстаўнікоў польскай дыяспары, так і проста на вуліцы. Нам даволі часта даводзілася пытацца дарогу. Мы размаўлялі ў транспарце, у гатэлі з людзьмі, якія паміж сабой гаварылі па-узбекску. Увогуле людзі паміж сабой размаўляюць па-узбекску, і часам узнікала думка, што нам не адкажуць па-руску. Тым не менш, незалежна ад узросту, і людзі старэйшага пакалення, і моладзь на пытанне, зададзенае па-руску, адказвалі па-руску. Хтосьці лепш, хтосьці з большым ці меншым акцэнтам, а хтосьці ўвогуле без акцэнту. Трэба сказаць, што ў гатэлі ёсць рускамоўныя тэлепраграмы, але няма інфармацыйных перадач ці навін. У асноўным гэта серыялы — гэта тое, што я заўважыла. А ў цэлым «русского мира» як расійскай прапаганды я асабіста не заўважыла.
Сярод палякаў ва Узбекістане вылучаецца асоба каталіцкага свяшчэнніка Ежы Мацулевіча. Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў Дашаве — цяпер гэта пасёлак у Вінніцкай вобласці Украіны. Але ўжо ў 1957 годзе, падчас гэтак званай другой рэпатрыяцыі, яго сям’я пераехала ў Польшчу. Халіна Остас расказвае пра цікавы нюанс.
— Біскуп Ежы Мацулевіч з’яўляецца апостальскім адміністратарам Каталіцкага касцёла Узбекістана. Ён знаходзіцца ва Узбекістане ўжо 20 гадоў. Яго прызначэнне было адным з апошнім, зробленых папам рымскім Янам Паўлам II. Мацулевіч быў прызначаны ў красавіку 2005 года, а на наступны дзень папа памёр... Гэта было гістарычнае прызначэнне.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё