Беларуская Служба

«Варшаўскі мост». Як польскія дзеці з заходняй Беларусі падчас вайны вучыліся пад пальмай

21.05.2026 16:01
Барташ Янчак расказвае пра лёсы польскіх дзяцей на Блізкім Усходзе пасля дэпартацыі з Беларусі і эвакуацыі з СССР у 1942 г.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Б.Янчак пра польскіх дзяцей на Блізкім Усходзе ў гады Другой сусветнай вайны.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Пасля анексіі ў 1939 годзе ўсходніх тэрыторый Польшчы ўлады СССР у 1940-1941 годзе ажыццявілі дэпартацыі палякаў з заходніх зямель Беларускай ССР. Сярод дэпартаваных былі і дзеці. Паводле розных ацэнак, каля 5000 польскіх дзяцей і падлеткаў былі эвакуіраваны з СССР на Блізкі Усход у 1942 годзе. Пра іх лёс пойдзе размова ў праграме Віктара Корбута «Варшаўскі мост».

Пасля таго, як улады СССР у 1941 годзе, у адказ на напад гітлераўскай Германіі, пагадзіліся сфарміраваць Польскія ўзброеныя сілы ў СССР, для многіх палякаў, сасланых з БССР у 1940-1941 гг., гэта стала шансам уратавацца. У сакавіку–красавіку, а затым у жніўні–верасні 1942 года адбылася эвакуацыя польскіх салдат, а разам з імі і часткі цывільнага насельніцтва з СССР на Блізкі Усход.

Пра лёс польскіх дзяцей расказвае Барташ Янчак (Bartosz Janczak), старшы спецыяліст аддзела гістарычных даследаванняў лодзінскага філіяла Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

— Там, на Блізкім Усходзе, дзейнічала Камандаванне юнацкіх школ (Dowództwo Szkół Junackich). Польскія вайсковыя структуры на Блізкім Усходзе існавалі з 1940 года. Там ствараліся падраздзяленні для самых малодшых — як для эвакуіраваных з Савецкага Саюза, так і для тых, хто знаходзіўся там з пачатку Другой сусветнай вайны. 12 верасня 1942 года была сфарміравана Польская армія на Усходзе. У яе складзе дзейнічала і Камандаванне юнацкіх школ, і менавіта там знаходзіліся эвакуіраваныя з СССР дзеці, а таксама тыя, хто ўжо раней быў на Блізкім Усходзе. Пачалася маштабная праца па стварэнні ўмоў для іх навучання. Узнікла вялікая колькасць школ розных узроўняў: пачатковых, сярэдніх і прафесіянальных. Дзеці маглі здаваць экзамены на атэстат сталасці, наведвалі дадатковыя заняткі і адукацыйныя курсы. Вельмі важным элементам стала таксама стварэнне скаўцкага руху, у якім удзельнічалі дзеці і падлеткі. Гэта ўзмацняла іх патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне. Арганізоўваліся таксама розныя культурныя, мастацкія і спартыўныя мерапрыемствы. Усё гэта было накіравана на тое, каб як мага хутчэй кампенсаваць страчаны ў Савецкім Саюзе час, падрыхтаваць дзяцей да будучага жыцця ў пасляваенны перыяд і дапамагчы ім стаць свядомымі грамадзянамі Польшчы ва ўмовах вайны, каб пасля яе заканчэння яны маглі ўдзельнічаць у аднаўленні польскай дзяржавы.

Умовы жыцця і вучобы на Блізкім Усходзе не былі лёгкія. І ўсё ж гэта была не савецкая няволя ў халоднай Сібіры ці ў пустыні Казахстана або Узбекістана.

— Часта гэтыя школы не выглядалі так, як мы маглі б уяўляць, што гэта былі мураваныя будынкі. Урокі нярэдка праводзіліся проста пад пальмай або на адкрытым паветры. Там і вучыліся. Стараліся даць дзецям адукацыю. Стараліся забяспечыць іх пісьмовымі прыладамі — паперай, сшыткамі, падручнікамі. Часта гэтыя падручнікі пісаліся ўжо на Блізкім Усходзе, там жа былі магчымасці і для выдання кніг. Таму прыкладаліся вялікія намаганні, каб стварыць умовы для вучобы самых малодшых.

Важнай падзеяй стаў візіт у чэрвені 1943 года на Блізкі Усход генерала Уладыслава Сікорскага. Ён наведаў і адну з юнацкіх школ.

— Яго прыезд зрабіў вялікае ўражанне на самых малодшых. Калі генерал увайшоў, якраз праводзіўся ўрок. І генерал змог убачыць на ўласныя вочы, як дзеці старанна вучацца. Гэтыя юнакі вельмі хутка арганізаваліся і правялі парад перад Сікорскім. З успамінаў вядома, што іх паводзіны зрабілі на генерала настолькі моцнае ўражанне, што ён нібыта нават расчуліўся і пусціў слязу.

Вялікую ўвагу надавалі выхаванню дзяўчат, бо пасля дасягнення паўналецця яны маглі папаўняць рады добраахвотніц на фронце.

— І так сапраўды было. Пасля дасягнення паўналецця дзяўчаты ўступалі ў рады Другога корпуса Польскай арміі на Усходзе, выдзеленага ў сярэдзіне 1943 года. Другі корпус на мяжы 1943 і 1944 гадоў быў перакінуты ў Італію, дзе ваяваў у 1944–1945 гадах. Сярод салдат былі таксама юнакі і малодшыя добраахвотніцы. Калі Другі корпус накіраваўся з Блізкага Усходу ў Італію, на Блізкім Усходзе працягвалі дзейнічаць школы для юнакоў і малодшых добраахвотніц. Адукацыйная дзейнасць і праца школ працягваліся там да 1948 года. Працягваліся заняткі і пра самых малодшых па-ранейшаму клапаціліся. Калі пасля вайны польскія ўзброеныя сілы ў складзе войск саюзнікаў былі распушчаны, дзеці былі перамешчаны з Блізкага Усходу ў Вялікабрытанію.

Юнакі і малодшыя добраахвотніцы ў Вялікабрытаніі або вярталіся да бацькоў, або, калі былі сіротамі, пра іх паклапацілася брытанская дзяржава. Нямногія юнакі і малодшыя добраахвотніцы пасля вайны вярнуліся ў Польшчу і ў Беларусь. Дый гэта было рызыкоўна. Тыя, хто вярнуўся ў Беларусь, нярэдка зноў ссылаліся ў Сібір.

— У пасляваенныя гады юнакі і малодшыя добраахвотніцы клапаціліся пра памяць Другога Польскага корпуса і Польскай арміі на Усходзе, дзе б яны ні знаходзіліся — у Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША, Паўднёвай Амерыцы. У розных частках свету можна знайсці сляды дзейнасці і прысутнасці гэтых самых маладых салдат польскіх узброеных сіл.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Палякі ва Узбекістане помняць пра свае карані ў Беларусі

14.05.2026 16:01
Журналісты Польскага радыё сустрэлі ў Ташкенце і Самаркандзе нашчадкаў выхадцаў з Гродна і Ліды.