Беларуская Служба

«Варшаўскі мост». Вітальд Пілецкі: герой з-пад Ліды ў Аўшвіцы і Варшаве

04.06.2026 16:01
Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага дбае пра гістарычную памяць.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Пра Вітальда Пілецкага.
   ,        .
Альбом пра Вітальда Пілецкага, выдадзены Інстытутам салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага.https://x.com/InstPileckiego/status/2055986988293972026/photo/2

Сярод польскіх нацыянальных герояў вылучаецца постаць Вітальда Пілецкага. І хаця ён нарадзіўся ў Карэліі, карані яго роду паходзяць з зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, сучаснага Лідскага раёна, адкуль яго сям’я была саслана за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг.

Вітальд Пілецкі нарадзіўся ў карэльскім горадзе Аланец у 1901 годзе, але ўжо з 1910 г. жыў у Вільні. А з 1914 г. з’яўляўся членам розных польскіх патрыятычных арганізацый, з 1918 г. — і вайсковых структур. Як і многія выхадцы з беларуска-літоўска-польскага пагранічча каталіцкага веравызнання, Пілецкі выбраў польскую ідэнтычнасць. І таму падчас баявых дзеянняў 1919-1920 гг. адстойваў польскую прыналежнасць Гродна, Вільні.

А пасля вайны вучыўся, але з-за недахопу сродкаў не скончыў віленскі Універсітэт імя Стэфана Баторыя. Адначасова займаўся вяртаннем сваёй сям’і маёнтка Сукурчы ў цяперашнім Лідскім раёне. Праўда, цяпер гэта мясцовасць не існуе на картах. Пілецкія тут жылі прынамсі з 1860 г. А да іх, яшчэ з другой паловы XVIII ст., Сукурчамі валодаў вядомы ў гэтым краі род Нарбутаў.

Вітальд Пілецкі значыўся ў спісе ваеннаабавязаных у Лідскім павятовым ваенным камісарыяце з прызначэннем у 26-ы полк велікапольскіх уланаў у Баранавічах. У жніўні 1939 года быў мабілізаваны на абарону Польшчы. Пасля партызаніў, а з кастрычніка 1939 года перайшоў у падполле, перабраўся ў Варшаву...

19 верасня 1940 г. падчас вулічнай аблавы ён добраахвотна здаўся немцам з мэтай трапіць у якасці вязня ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц для атрымання інфармацыі і правядзення падпольнай работы. Ён быў дастаўлены ў гэты канцлагер ў ноч з 21 на 22 верасня 1940 г.

Падчас зняволення ў канцлагеры арганізаваў рух супраціўлення, а ў ноч з 26 на 27 красавіка 1943 г. Вітальд Пілецкі ўцёк з лагера і першым праінфармаваў польскі ўрад у эміграцыі і саюзнікаў па тое, што адбываецца ў Аўшвіцы.

У 1944 годзе Пілецкі удзел у Варшаўскім паўстанні. Потым служыў у II Польскім корпусе ў Італіі. У кастрычніку 1945 г. вярнуўся ў Польшчу з мэтай барацьбы з камуністамі. У 1947 г. быў арыштаваны.

25 мая 1948 года камуністычнымі ўладамі Польшчы Пілецкі быў пакараны смерцю. Дарэчы, у 2019 годзе Еўрапейскі парламент устанавіў 25 мая Міжнародным днём герояў барацьбы з таталітарызмам.

Тое, што Пілецкі ўбачыў у Аўшвіцы, з’яўляецца адным з першых дакументальных сведчанняў пра Халакост. Тут з 1940 па 1945 год загінулі каля 1,1 мільёна чалавек. Большасць з іх — яўрэі. Каля 70–75 тысяч чалавек складалі палякі.

У сучаснай Польшчы сапраўднасць або дакладнасць справаздач Пілецкага часам спрабуюць аспрэчваць асобныя маргінальныя публіцысты, канспіролагі і крайне правыя палітыкі.

Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага (Instytut Solidarności i Męstwa im. Witolda Pileckiego) у маі на Фестывалі Пілецкага правёў навуковую дыскусію «Ці з’яўляецца справаздача Пілецкага падробкай?» (Czy Raport Pileckiego to falsyfikat?).

На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць даследчыкі Гжэгаж Кухарчык (Grzegorz Kucharczyk) і Бартломей Капіца (Bartłomiej Kapica).

Бартломей Капіца напомніў факты.

 Ёсць некалькі справаздач. Дзве з іх з’яўляюцца найбольш важнымі і ключавымі: гэта «Справаздача W» 1943 года, якую Вітальд Пілецкі склаў адразу пасля ўцёкаў з канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц. І другая справаздача — тая, што была напісана ў 1945 годзе ў Італіі, калі Пілецкі ўжо служыў у складзе II Польскага корпуса (аператыўнае злучэнне польскіх войск (1943–1947) пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса; пасля эвакуацыі з СССР праз Іран, Ірак і Палесціну корпус увайшоў у склад Брытанскай арміі. — Рэд.). І, як мне здаецца, тут трэба асабліва падкрэсліць, што ніводзін даследчык ніколі не сумняваўся ў сапраўднасці гэтых справаздач і ў тым, што яны сапраўды былі напісаны Пілецкім. На першы план, вядома, выходзіць пытанне аб справаздачах як дакументальнай крыніцы, якая вельмі старанна фіксуе — адсюль, уласна, і назва — дзейнасць нямецкай машыны смерці ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў, а дакладней, у двух лагерах, якія ўваходзілі ў сістэму лагера смерці. Гэта, можна сказаць, першы інфармацыйны пласт справаздач. Другі пласт, магчыма менш заўважны, але, на мой погляд, не менш важны — гэта разважанні ротмістра, якія ён уключыў у апісанне сітуацыі ў абодвух лагерах: механізмы, уведзеныя немцамі, і рэакцыі зняволеных на тое, што адбываецца. І, як мне здаецца, абодва гэтыя пласты захоўваюць актуальнасць і значнасць да сённяшняга дня.

Справаздачы Вітальда Пілецкага адначасова ўтрымліваюць разважанні пра прыроду таталітарнай дзяржавы, маральныя змены асобы, а таксама пра функцыянаванне грамадства ва ўмовах крайняга гвалту і тэрору. У Гжэгажа Кухарчыка ў сувязі з гэтым узнікла пытанне: наколькі справаздачы Пілецкага дапамагаюць зразумець карані нацысцкага праекта перабудовы грамадства паводле прынцыпаў расізму і сацыяльнага дарвінізму.

— Пра што рапартуе Вітальд Пілецкі? У яго справаздачах, вядома, не знойдзеш глыбокіх або тым больш разгорнутых аналітычных разважанняў пра трансфармацыю нямецкага фалькісцкага руху, гэта значыць радыкальнага нямецкага нацыяналізму мяжы XIX-XX стагоддзяў, і пра тое, як ён ператвараецца ў нацыянал-сацыялізм. Там няма падрабязна выкладзенай генеалогіі нямецкай думкі, якая ў выніку прывяла да нацыянал-сацыялізму. Затое там можна знайсці вельмі каштоўны матэрыял для аналізу кантэксту, які спрыяў узнікненню таталітарызму — у гэтым выпадку нямецкага нацыянал-сацыялізму. Пілецкі ў лаканічнай форме паказвае гэтае «балота нігілізму», з якога вырас жахлівы таталітарызм, які праявіў сваё амаль дэманічнае аблічча ў канцлагеры Аўшвіц. І гэта яшчэ адна прычына, па якой справаздачы Пілецкага трэба чытаць і чаму, на мой погляд, іх фрагменты павінны ўвайсці ў школьную праграму ў Польшчы. Таму што гэта сведчанне пра нямецкія злачынствы і пра жахлівыя рэчы, якія адбываліся ў Аўшвіцы па волі нямецкай дзяржавы і яе функцыянераў. Гэта таксама матэрыял для разважанняў, універсальны па сваім значэнні. Ён адносіцца не толькі да рэальнасці пачатку 1940-х гадоў на акупіраванай тэрыторыі Польшчы, але і павінен заахвочваць да разважанняў людзей у трэцім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя і не толькі ў Польшчы. Мяне, напрыклад, у справаздачах Пілецкага вельмі ўразіў фрагмент, дзе ён апісвае супраціўленне польскіх зняволеных у нямецкім лагеры смерці, якія мелі нямецкія прозвішчы. Іх схілялі прызнаць сябе немцамі — у тым ліку сваякі ў лістах, якія прыходзілі ў лагер. Можна ўявіць чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі, калі ён прагне любога кантакту з блізкімі, а самыя блізкія — маці, жонка, родныя — пішуць: «Запішыся немцам, будзеш жыць, што табе каштуе?» Але яны, як піша Пілецкі, не згаджаліся. І ён выкарыстоўвае цудоўны, вельмі дакладны выраз: «Рэдут абароны польскага сумлення». Рапарты Пілецкага — пра тое, як паводзіць сябе правільна ў надзвычай цяжкіх сітуацыях: як не красці, як не браць каштоўнасці, што засталіся пасля ахвяр, якіх адпраўлялі ў газавыя камеры. І як ён піша: «Я таксама мог бы ўзяць гэтыя брыльянты, гэтыя каштоўнасці, але тады я сарваўся б з той крутой, цяжкай дарогі, па якой падымаўся столькі гадоў».

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Люкрэцыі Яшэўскай, прэс-сакратару Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Як польскія дзеці з заходняй Беларусі падчас вайны вучыліся пад пальмай

21.05.2026 16:01
Барташ Янчак расказвае пра лёсы польскіх дзяцей на Блізкім Усходзе пасля дэпартацыі з Беларусі і эвакуацыі з СССР у 1942 г.