У Музеі Вольнай Беларусі выстаўлены экспанаты, датычныя да пратэстаў, якія да нядаўняга часу захоўваліся ў Беларусі. Для захавання ў музей яны перададзены таемна і з захаваннем найвышэйшых мер бяспекі.
Выстава «Дэпатрыяцыя» — гэта толькі частка праекту «Музеіфікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі». Гэта праект па выратаванні артэфактаў беларускай гісторыі. Рэчаў, якія ў нармальнай сітуацыі павінны былі б заставацца ў Беларусі, але сёння для многіх з іх бяспечней знаходзіцца ў музеі ў Варшаве.
Наталля Задзяркоўская
Большасць прадметаў перададзены цягам шасці месяцаў людзьмі, якія застаюцца ў Беларусі, расказвае дырэктар Музею Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская.
— Гэта рэчы, звязаныя з пратэстамі, маршамі, дваравымі канцэртамі 2020 года. Таксама рэчы, якія датуюцца 1990-мі і пачаткам 2000-х гадоў. Яны захоўваліся ў Беларусі, а цяпер выратаваныя і перавезеныя сюды. Іх захоўванне — небяспечнае для ўладальнікаў. За гэты час у фонд музею мы атрымалі 171 адзінку захоўвання і больш за 2 тысячы лічбавых экзэмпляраў. Мы лічым, што ў сувязі са спецыфікай, павышанай бяспекай камунікацыі з людзьмі ў Беларусі такі аб’ём — гэта каштоўнае набыццё і вынік працы.
Экспанаты з найноўшай гісторыі — гэта ў прыватнасці выбарчыя бюлетэні 2020 года, якія ўдалося выратаваць ад агню. Іх перадала былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
— Гэта нават не музейныя артэфакты, а доказы ў той крымінальнай справе, якая рана ці позна адбудзецца ў Беларусі. Гэтыя бюлетэні мне перадалі літаральна праз пару дзён пасля таго, як у Брэсце 9 жніўня прагучалі першыя стрэлы. У гэтай абстаноўцы на мяне выйшлі людзі і працягнулі пачак бюлетэняў. Яны былі скручаныя, абгарэлыя. Іх выцягнулі з качагаркі, дзе іх палілі. Нават па лукашысцкіх законах гэтага рабіць было нельга.
Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая перадала ў музей сваё журналісцкае пасведчанне, якое сілавікі спрабавалі парваць, а таксама экзэмпляр «Камсамольскай праўды» за 15 жніўня 2020 года, які выйшаў са здымкамі збітых людзей.
— Без перабольшання гэта быў самы папулярны нумар «Камсамолкі». Яго скуплялі ўсе. Я ў шапіках Партызанскага раёна скупіла нумары газеты і раздавала іх бабулям і дзядулям, якія не цікавіліся навінамі незалежных медыя. Мне падалося важным данесці да іх інфармацыю такім чынам.
Сярод прадметаў, якія былі эвакуяваныя ў межах праекта, запрашэнне на акцыю «Чарнобыльскі шлях — 96»; брашура «Шлях у нікуды, альбо Два гады прэзідэнцтва А. Лукашэнкі», выдадзеная ў 1996 годзе; перадвыбарчая ўлётка Станіслава Шушкевіча з прэзідэнцкай кампаніі 1994 года.
Кампазіцыя кампазітара Віктара Капыцько, напісаная пад уражаннем здымка, дзе дзяўчынка шые сцяг
Байка Аляксандра Івуліна (чорная), у якой ён хадзіў на суды, байка (белая злева) удзельнікаў дваравога чата Плошчы перамен, байка (белая справа) з надпісам "Радзіма пачынаецца з жанчыны"
Бутэлька з нагоды 100-годдзя БНР
Пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты С. Ціханоўскай з подпісам Л. Ярмошынай
«Дэпатрыяцыя» будзе працягвацца да 26 чэрвеня.