Беларуская Служба

Рубрыка «Варшаўскі мост». Як кнігі мазавецкіх шляхціцаў трапілі праз Слуцк у Вільню

18.06.2026 16:01
Кніга Андрэа Марыяні Inwentarze kolegium jezuitów w Słucku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774 раскрывае тайны Рэчы Паспалітай.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Марыяні пра Слуцк у XVIII ст.
  : Inwentarze kolegium jezuitów w Słucku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774  Inwentarze kolegium jezuitów w Nieświeżu oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774.
Кніг Андрэа Марыяні: Inwentarze kolegium jezuitów w Słucku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774 і Inwentarze kolegium jezuitów w Nieświeżu oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774.press.amu.edu.pl

Італьянец ніколі не бываў у сучасным Слуцку. Але дасканала ведае горад канца XVIII стагоддзя. Як гэта магчыма?

Італьянскі гісторык Андрэа Марыяні, які працуе ў Познані, апублікаваў інвентары калегіума езуітаў у Слуцку і яго зямельных уладанняў за 1773-1774 гады. Кніга Inwentarze kolegium jezuitów w Słucku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774 выйшла ў Навуковым выдавецтве Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані (Wydawnictwo Naukowe UAM). Усе жадаючыя могуць яе бясплатна спампаваць на сайце выдавецтва, а таксама можна набыць і друкаваную версію.

Кніга Андрэа Марыяні завяршае серыю выданняў з інвентарамі езуіцкіх калегіумаў у розных гарадах і вёсках Вялікага Княства Літоўскага — на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Раней выйшлі тамы пра навагрудскіянясвіжскія і мінскія ўладанні езуітаў.

Андрэа Марыяні расказвае пра ўвесь праект і яго фінальны, слуцкі, том.

— Маё «знаёмства» з літоўскімі езуітамі пачалося ўжо больш за дзесяць гадоў таму, калі я рыхтаваў доктарскую дысертацыю. Дысертацыя была прысвечана езуітам у радзівілаўскім Нясвіжы XVIII стагоддзя, і тады я знайшоў інвентары іх уладанняў, зробленыя пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе. Яны ў асноўным захоўваюцца ў маскоўскіх і мінскіх архівах. Пасля напісання дысертацыі, ужо маючы папярэдняе ўяўленне пра гэтыя крыніцы, я вырашыў падрыхтаваць праект іх друкаванага выдання. Першыя два тамы выйшлі ў 2020 годзе — гэта былі інвентары нясвіжскага і навагрудскага калегіумаў. Летась я апублікаваў інвентар мінскага калегіума, а сёлета выйшаў інвентар слуцкага калегіума.

Дзе менавіта захоўваюцца гэтыя інвентары?

— Навагрудскі і нясвіжскі інвентары знаходзяцца ў Маскве, у Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Што да мінскага інвентара, то ён захаваўся ў двух экзэмплярах. Адзін, карацейшы, знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску, а другі — у Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага ў Кіеве. Менавіта гэтае кіеўскае выданне, больш поўнае, было пакладзена ў аснову том, які выйшаў летась. Гэты варыянт інвентара змяшчае не толькі звесткі, наяўныя ў мінскім экзэмпляры, але і апісанне аптэкі, а таксама апісанне зямельных уладанняў.

Сітуацыя са слуцкім інвентаром больш складаная.

— Ён захаваўся ў чатырох экзэмплярах. Адзін, больш кароткі, змяшчае толькі апісанне калегіума і знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. Тры іншыя экзэмпляры ў цэлым падобныя паміж сабой, бо ўключаюць як апісанне калегіума, так і зямельных маёнткаў. Кожны з іх знаходзіцца ў розных месцах: адзін у Варшаве, другі ў Вільні, а трэці ў Мінску, але ўжо ў іншым фондзе таго ж архіва.

Які вобраз Слуцка паўстае з езуіцкіх інвентароў?

— На жаль, я ніколі не быў у Слуцку і вельмі пра гэта шкадую. Спадзяюся, што калі-небудзь удасца туды паехаць. Наколькі мне вядома, ніводная пабудова з езуіцкага перыяду не захавалася. Калегіум і касцёл былі драўляныя і згарэлі ў пачатку XIX стагоддзя, таму нават іканаграфічная дакументацыя вельмі сціплая. Па сутнасці, мы маем толькі планы — плоскасныя абрысы ўсіх гэтых аб’ектаў. Крыху даўжэй захавалася толькі адна частка комплексу — адзіная мураваная частка ўсяго ансамбля. Гэта быў так званы скарбец, у якім езуіты захоўвалі найбольш каштоўныя прадметы, а таксама бібліятэку і кнігазбор. Ён, праўдападобна, існаваў да XX стагоддзя, бо захавалася фатаграфія.

Выходзіць, што не засталося ніякіх слядоў езуіцкай спадчыны на паверхні зямлі ў Слуцку! Толькі ў дакументах захаваліся асобныя звесткі пра тое, што існавала раней. У вашай кнізе я знайшоў згадку пра тое, што частка езуіцкага кнігазбору са Слуцка яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя была перададзена ў бібліятэку Віленскага ўніверсітэта. Ці ёсць больш канкрэтныя дэталі, магчыма, нейкія кнігі там усё яшчэ захоўваюцца?

— Некаторыя факты ўдалося ўдакладніць дзякуючы дапамозе бібліятэкараў з бібліятэкі сучаснага Віленскага ўніверсітэта. Генеалогія кнігазбору слуцкага калегіума езуітаў даволі складаная. Езуіты атрымалі большую частку кнігазбору ад свайго фундатара Героніма Яна Клакоцкага, які быў сынам Казімежа Клакоцкага. Казімеж Клакоцкі быў мазавецкім шляхціцам, які служыў Багуславу Радзівілу і шмат падарожнічаў. Да канца жыцця ён заставаўся католікам, але даволі талерантным. Яго жонка была евангельска-рэфармацкага веравызнання. Казімеж Клакоцкі ён сабраў вельмі цікавы кнігазбор. Пазней ён быў папоўнены яго сынам Геронімам Янам і ўтрымліваў таксама шмат забароненых кніг, якія ў езуіцкай бібліятэцы знаходзіліся ў асобным аддзеле, так бы мовіць, пад замком. І менавіта гэты кнігазбор быў перададзены езуітам. Можна вызначыць кнігі, якія належалі да гэтага першапачатковага кнігазбору Клакоцкіх, бо ў іх ёсць суперэкслібрысы, у якіх пазначана паходжанне. Гэта тэма, якую можна даследаваць далей. Я не рабіў гэтага сістэматычна, бо гэта патрабавала вельмі карпатлівай бібліятэчнай работы, якую, па сутнасці, можа выканаць толькі супрацоўнік бібліятэкі, паколькі трэба хадзіць паміж паліц у сховішчы, здымаць і правяраць кнігі адну за адной. Аднак існуе каталог, складзены люстратарамі ў момант скасавання Таварыства Ісуса, які дазваляе меркаваць, якія там былі кнігі. Таму, правёўшы своеасаблівае выбарачнае даследаванне, удалося выявіць некалькі дзясяткаў кніг, што захаваліся ў Бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. У навуковым апараце маёй кнігі гэта адзначана з указаннем паходжання і бібліятэчнага шыфру Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Познані выйшла кніга пра мінскі кафедральны касцёл

04.09.2025 16:01
Аўтар выдання — ураджэнец Мілана Андрэа Марыяні, які працуе ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані.