Беларуская Служба

На мяжы з Беларуссю шукалі папараць-кветку – у Белавежы прайшло традыцыйнае Купалле (ФОТА)

06.07.2026 23:01
Свята пачалося шэсцем па вуліцах мястэчка пад гукі славутай «Купалінкі» у выкананні ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.
Аўдыё
  • На мяжы з Беларуссю шукалі папараць-кветку – у Белавежы прайшло традыцыйнае Купалле (ФОТА)
   .  2026
Беларускае Купалле ў Белавежы. Ліпень 2026 года Фота: Анна Пятроўская/Беларуская служба Польскага радыё

У польскай Белавежы на самай мяжы з Беларуссю прайшло традыцыйнае Купалле. Яго арганізатарам шмат гадоў выступае Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы.

А свята пачалося шэсцем па вуліцах мястэчка пад гукі славутай «Купалінкі» у выкананні ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. На сцэне выступіла звыш 30 калектываў, а закончылася свята на досвітку. Як і прынята на Купалле, людзі пускалі вянкі па вадзе ды шукалі папараць-кветку. Кожны з калектываў прывёз з сабой у Белавежу арыгінальны купальскі вянок.

– Мы ўжо трэці раз выступаем на Купаллі ў Белавежы – гэта становіцца традыцыяй. Тут сустракаемся з калектывамі, разам праводзім час, гуляем... Вельмі падабаецца абрадавая частка, калі пускаюцца вяночкі па вадзе. У Белавежы адпаведная атмасфера, гэта чароўнае месца. Прычым на Купалле прыязджаюць людзі з розных куткоў Польшчы. Вельмі прыгожае свята: дзяўчаты ў вяночках на галаве, усе спяваюць, танцуюць, падтрымліваюць традыцыю, бо святкаванне Купалля пачалося тут, у Белавежы, больш за 40 гадоў таму, – сказала адна з удзельніц мерапрыемства.

Купалле альбо ноч на Івана Купалу – старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем. Для свята характэрны шэраг абрадаў, сярод якіх – збор купальскіх зёлак, купальскае вогнішча, пляценне вянкоў, карагоды вакол вогнішча.

Беларускае Купалле ў Белавежы – адно з найбольш вядомых народных святаў не толькі на Беласточчыне, але і ў Польшчы.

Анна Пятроўская

слухайце аўдыёфайл

фота аўтаркі


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы