Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Ён зрабіў свой выбар на карысць беларускай мовы і захоўвае гэты выбар усё сваё жыццё». Някляеву – 80 гадоў

11.07.2026 06:02
«Параўноўваю Някляева сёння і таго, якім ён быў раней, — і ён абсалютна не змяніўся».
Аўдыё
  • Вядомаму беларускаму паэту і пісьменніку Уладзіміру Някляеву – 80 гадоў.
 .
Уладзімір Някляеў. Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Вядомаму беларускаму паэту і пісьменніку Уладзіміру Някляеву — 80 гадоў. З датай яго нараджэння звязаная цікавая гісторыя, бо ў розных крыніцах сустракаюцца дзве даты  9 і 11 ліпеня. Першая з іх  гэта версія маці пісьменніка, другая  запісаная ў дакументах. Абедзве трывала ўвайшлі ў біяграфію літаратара і сёння суіснуюць побач.

У юбілейным матэрыяле ўспамінамі пра Уладзіміра Някляева падзеляцца ягоныя сябры, беларускія пісьменнікі і выдавец. Прагучаць таксама вершы ў аўтарскім выкананні самога юбіляра.

. .

Як кажа іншы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, Някляеў аднолькава таленавіта і бліскуча сцвердзіў сябе як у паэзіі, а апошнім часам таксама ў прозе.

Уладзімір Арлоў

 Для мяне Уладзімір Някляеў  вельмі блізкі, дарагі паэт, з творчасцю якога я знаёмы яшчэ са студэнцкіх гадоў, ад самых першых ягоных кніг  «Адкрыццё» і «Вынаходцы вятроў».
Я хачу сказаць, што да выхаду беларускіх кніг у маскоўскім выдавецтве «Наш современник» была падрыхтаваная да друку рускамоўная кніга паэзіі Някляева. Але ён зрабіў тады свой выбар на карысць беларускай мовы і захоўвае гэты выбар усё сваё жыццё. На вялікае шчасце для нашай літаратуры, і, я думаю, для самога аўтара.

Алесь Аркуш

 Я лічу, што Уладзімір Някляеў  выдатны, выбітны беларускі паэт. Прычым няцяжка нават яго параўноўваць, калі я кажу пра класікаў. Някляеў увабраў у сябе дзве традыцыі: беларускую  тут, напэўна, ад Рыгора Барадуліна,  і расійскую традыцыю эстраднай паэзіі. Бо, як вядома, гэта не сакрэт, што Някляеў пачынаў пісаць па-руску, вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, сябраваў з самымі славутымі эстраднымі паэтамі. Напрыклад, разам з Андрэем Вазнясенскім чытаў вершы на стадыёнах. І вось гэтая традыцыя такой трыбуннасці ў ім засталася, і яна вельмі моцна ў ім дамінуе.

. .

Міхась Андрасюк

 Я памятаю першыя сустрэчы з Някляевым, калі ён прыязджаў да нас на «Бязмежжа». Параўноўваю Някляева сёння і таго, якім ён быў раней,  і ён абсалютна не змяніўся. Яго стаўленне да маладых аўтараў, да пачаткоўцаў, ці да нас, правінцыйных літаратараў Беласточчыны, з пункту гледжання Мінска, заўсёды вельмі сяброўскае. Ён заўсёды слухае, што мы хочам сказаць. Ён слухае тое, што мы напісалі, як мы чытаем. Проста ён такі добры дух нашай, таксама беластоцкай, літаратуры. Цягам гэтых 30-ці трыццаці гадоў, як я знаёмы з Някляевым, на маіх вачах вырастаў класік беларускай літаратуры. Можа, нават не вырастаў, а проста замацоўваўся крок за крокам, сказ за сказам, слова за словам, кніга за кнігай. І ён выпісаў сабе гэтае званне класіка  абсалютна заслужана.

Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк

фота аўтара

слухайце аўдыёфайл