Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Андрэй Хадановіч набліжае беларусам польскага класіка

28.08.2026 14:40
Беларускі творца падрыхтаваў кнігу вершаў польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага «Вуліца шарлатанаў» па-беларуску.
Аўдыё
  • Андрэй Хадановіч знаёміць беларусаў з творчасцю польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага
Андрэй Хадановіч падчас лекцыі пра польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага Screenshot z Facebook

У межах цыклу сустрэч «Санаторый пад клепсідрай», які прысвечаны наладжванню мастоў паміж польскай і беларускай культурамі, адбылася прэзентацыя беларускага выдання кнігі польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага «Вуліца шарлатанаў».

Перакладчыкам і лектарам выступіў беларускі паэт Андрэй Хадановіч, які распавёў цікавосткі ды загадкі пра жыццё і творчасць польскага класіка.

— Галчыньскі — адзін з найвіртуознейшых майстроў польскай мовы ў ХХ-м стагоддзі, паэт чые вершы не патрабуюць дадатковай рэкамендацыі — гэта стопудовая нятлёнка. Яго біяграфія і міфалогія супастаўныя з яго геніяльнай паэзіяй.

Андрэй Хадановіч згадаў, што Канстанты Галчыньскаму ў жыцці давялося пабываць у савецкім палоне ды нямецкай няволі.

— Пачатак ІІ Сусветнай вайны Галчыньскі сустракае ў войску на ўсходнім рубяжы, дзе пасля вераломнага нападу Сталіна, трапляе ў савецкі палон. Яго ўратаваў ягоны пацыфізм, каб ён зрабіўся падхарунжым, ляжаць бы яму ў зямлі ў Катыні, а як шараговец, ён быў неўзабаве як палонны на палоннага з немцамі, і трапіў на доўгія гады ў нямецкую няволю. Ён вязень 11-га шталагу ў Альтэнграбаве. У сярэдзіне верасня ён стварае верш, які паспявае перадаць на волю і той змяняе вобраз Галчыньскага ў Польшчы. Адным вершам можна зрабіцца любімым паэтам нацыі. Гэта верш «Pieśń o żołnierzach z Westerplatte».

Падчас лекцыі прагучалі вершы Галчыньскага як у арыгінале, так і па беларуску, у перакладзе Андрэя Хадановіча, у тым ліку і загалоўны твор пра шарлатанаў. Больш падрабязна з творчасці Галчыньскага можна пазнаёміцца, прачытаўшы кнігу «Вуліца шарлатанаў», якую падрыхтаваў Андрэй Хадановіч.

Гэта ўнікальнае беларускае выданне твораў польскага паэта. Палова сабраных вершаў і паэмаў друкуецца па-беларуску ўпершыню.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч