Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Музычны ўрок польскай мовы: жаночы калектыў Woodlore выпусціў кампазіцыю «Малако»

03.09.2026 17:11
Гэты напой тут фігуруе ў пераносным значэнні. 
Woodlore -     .
Woodlore - Марта Залеўска і Магдалена Чвойда.Фота: materiały prasowe

Сёння я хачу прадставіць вашай увазе песню жаночага дуэта. Дзве жанчыны, якія назвалі свой калектыў Woodlore выдалі нядаўна сінгл. У дуэт уваходзяць Марта Залеўска (Marta Zalewska), вакалістка гурта, а таксама грае на гітары, скрыпцы і мандаліне, ды Магдалена Чвойда (Magdalena Czwojda), якая грае на розных інструментах, між іншым гітары. Артысткі спалучаюць розныя музычныя кірункі, у тым ліку фолк і кантры, з акустычным рокам і поп-музыкай.

Жанчыны знаёмыя з падлеткавага ўзросту і шмат гадоў супрацоўнічалі ў розных праектах. Раней яны стварылі дуэт Soundz Good, а група Woodlore — гэта іх вяртанне да сумеснага, арыгінальнага праекта пад новай назвай.

Дзяўчыны напісалі песню, якую самі называюць жорсткай кампазіцыяй з цвёрдай дэкларацыяй нязгоды са светам, які нясецца ўсё хутчэй наперад, не даючы людзям часу, каб прадыхнуць і паразважаць над вечнымі каштоўнасцямі. Песня — гэта таксама пратэст супраць таго, каб слепа ісці за сучаснымі тэндэнцыямі толькі дзеля таго, каб прыцягнуць мімалётную ўвагу людзей, якія праглядаюць стужку навін на тэлефоне. І асабліва з тымі заганамі сучаснага свету, якія пад выглядам прагрэсу павольна пазбаўляюць людзей чалавечнасці і заганяюць у тэхналагічную пастку, з якой чарговым пакаленням усё цяжэй будзе выбрацца.

У песні згадваюцца «старыя, добрыя часы», але тэкст таксама прадстаўляе больш шырокі погляд на сучасны свет, у тым ліку на шоў-бізнес і музычную эстраду, якія музыканткі добра ведаюць, паколькі ўдзельнічаюць у ім ужо шмат гадоў. Дуэт даверыў працу над сваёй кампазіцыяй двум вопытным амерыканскім гукарэжысёрам — Аарону Хмялеўскаму (Нэшвіл, ЗША) і Тэду Джэнсену (Нью-Ёрк/Нэшвіл, ЗША).

Музыка аўтарства Магдалены Чвойды і Марты Залеўскай, над тэкстам яны таксама працавалі разам. І прапаную ўжо паслухаць кампазіцыю гурта Woodlore пад назваю «Малако» (Mleko).

Urodziłam się za późno, żeby mleko z kanki pić

By do nocy stać pod drzwiami, bo zadzwonić nie mógł nikt

Urodziłam się za późno, by muzyki słuchać z płyt

By mieć przeciw czemu stanąć, a nie wiernie w marszu iść

Chcę iść pod wiatr. Chcę cofnąć czas do tamtych lat,

Gdy to, że mogłam cię dotknąć, znaczyło, że jesteś

A nie to, że w telefonie każdy może cię dziś obejrzeć

Wolę stare samochody, które miały jakiś sznyt

Wolę porozmawiać długo, a nie wysłać słowa trzy

Kiedyś coś musiałeś umieć, by uwagę zwrócił ktoś

Dziś wystarczy, że się umie dobrze sprzedać byle co

Chcę iść pod wiatr. Chcę cofnąć czas…

Я нарадзілася занадта позна, каб піць малако з бідона. Стаяць каля дзвярэй да позняй ночы, бо ніхто не мог пазваніць. Я нарадзілася занадта позна, каб слухаць музыку на плытах. Каб мець нешта, на што можна абаперціся, замест таго, каб верна ісці ў шэрагу.

Я хачу ісці супраць ветру. Я хачу вярнуць час у тыя гады, калі тое, што я магла дакрануцца да цябе, азначала, што ты побач са мной, а не тое, як сёння, калі кожны можа цябе ўбачыць у тэлефоне.

Мне падабаюцца старыя машыны, якія мелі пэўны шарм. Я люблю доўга размаўляць, а не адправіць тры словы. Раней трэба было нешта ўмець, каб прыцягнуць увагу. Сёння трэба толькі ўмець добра прадаць абы-што.

Я хачу ісці супраць ветру. Я хачу вярнуць час назад...

Вось такая песня пра тугу па старых, добрых часах. Цікава, што многія, нават вельмі маладыя людзі кажуць, што калісьці было лепш — у 70-ыя, 80-ыя гады. Свет быў больш прыязны, спакойны, людзі сустракаліся і размаўлялі, а не пісалі толькі ў сацыяльных сетках. А, з іншага боку, калі б сёння знікла такая магчымасць — кантактаваць праз сацсеткі, мабільныя тэлефоны — людзі напэўна вельмі хутка пачалі б сумаваць па тых «старых, добрых часах», калі можна было пазваніць ці напісаць чалавеку, пакуль ён едзе ў трамваі або сядзіць на занятках у ВНУ. Такая заканамернасць псіхікі чалавека — яму хочацца туды, дзе яго няма і атрымаць тое, чаго ў яго няма.

Але пераходзім да разгляду тэксту «Малако» аўтарства Марты Залеўскай і Магдалены Чвойды.

Mleko z kanki pić — піць малако з бідона. Kanka — гэта польская назва металічнай ёмістасці, бідон для малака, таксама гаворыцца bańka do mleka. Тут, канешне, гэтае словазлучэнне мае больш вобразнае значэнне — жыццё чалавека блізкае да прыроды, больш спакойнае і натуральнае, чым цяпер у вялікім горадзе.

By mieć przeciw czemu stanąć — каб мець супраць чаго пратэставаць. Звярніце ўвагу — па-польску przeciwko czemu, а не czego (супраць чаго), як па-беларуску.

Chcę iść pod wiatr — ісці супраць ветру. Тут, зразумела, таксама маецца на ўвазе пераноснае значэнне — паводзіць сябе інакш, чым большасць людзей.

Wolę stare samochody, które miały jakiś sznyt — мне больш падабаюцца, ці я больш люблю старыя машыны, у якіх быў нейкі шарм, уласны непаўторны стыль.

Dziś wystarczy, że się umie dobrze sprzedać byle co — сёння дастаткова ведаць, як добра прадаць абы-што. Па-польску byle co пішацца асобна, а па-беларуску абы-што — праз злучок.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы