Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Чырвоны крыж» — гэта п’еса пра памяць, чалавечую годнасць і адказнасць за лёс іншага чалавека

23.09.2026 16:16
Гэта гісторыя, якая выходзіць далёка за межы адной краіны. Прэм'ерныя паказы прадстаўлення адбыліся гэтымі днямі ў беластоцкім «Nie Teatry».
Аўдыё
Спектакль «Чырвоны крыж» Фота: Анна Пятроўская / Беларуская служба Польскага радыё

Гэтая гісторыя добра вядомая не толькі беларусам – сталінскія рэпрэсіі, страта блізкіх, дэпартацыя, страх перад сістэмай. Жыццё чалавека, лёс якога можа быць вырашаны некалькімі радкамі на паперы. Гэта частка агульнай гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — у тым ліку беларусаў і палякаў.

Беларускі Тэатр «Прыехалі» паказаў у беластоцкім «Nie Teatry» эмацыйны аповед пра дыктатараў і дыктатуру, але таксама стойкасць і выжыванне простых людзей. Спектакль паўстаў на аснове аповесці Сашы Філіпенкі, а рэжысёрам спектакля з'яўляецца Аляксандр Енджэеўскі:

— Гэта спектакль пра чалавечы лёс і выпрабаванне. Праз гісторыю Таццяны Аляксандраўны, якая перажыла сталінскія рэпрэсіі, і маладога Аляксандра спектакль злучае мінулае і сучаснасць. Спектакль пра тое, што ўсе людзі дзеляцца на добрых і злых, тых, якія нясуць дабрыню не гледзячы ні на што і тых, якія шкодзяць, памагаюць дыктатарам. Спектакль, хаця распавядае пра сталінскія рэпрэсіі актуальны і сёння і будзе актуальны да той пары, пакуль ёсць у гэтым свеце дыктатары, пакуль ёсць дабро і зло. Два героі, якія сустракаюцца ў спектаклі; яна - расказвае, як было ў 1937 г, а ён - жыве ў сучасным часе і свае эмоцыі распавядае праз прызму таго, што адбываецца ў дадзены момант у Беларусі.


Спектакль «Чырвоны крыж» Спектакль «Чырвоны крыж»

Спектакль паказаны на беларускай мове з польскімі субцітрамі.

Тэатр «Прыехалі» быў створаны ў Беластоку беларускімі артыстамі Аляксандрам Енджэеўскім і Настассяй Суханосік. На радзіме яны займаліся тэатральным мастацтвам ў Гродзенскiм Тэатры Лялек, стваралі спектаклі і працавалі ў прафесійным тэатральным асяроддзі.

Анна Пятроўская