У варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці прайшла сустрэча з кіраўніком Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным. Размову мадэраваў кіраўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. Гаварылі пра тое, як беларусам захоўваць сваю культуру, мову, памяць і здольнасць бачыць уласныя поспехі. Пасля сустрэчы Беларуская служба распытала Сяргея Будкіна пра расійскі ўплыў і пра тое, адкуль у беларускіх творцаў бяруцца сілы працягваць працу.
«Большасць беларусаў, я ў тым ліку, раслі ў рускамоўных сем’ях, карысталіся рускай мовай і фармаваліся пад вялікім уплывам рускай культуры — поп-культуры, рок-культуры. Таму гэта пытанне да кожнага з нас: што я гатовы зрабіць, каб пазбегнуць гэтага златворнага ўплыву?» — кажа Будкін і параўноўвае перамены з косткай, якая няправільна зраслася: выправіць яе без болю не атрымаецца. Разам з тым рускамоўную творчасць пра Беларусь ён лічыць часткай беларускай культуры.
На сустрэчы ўдзельнікі шукалі адказ на пытанне, чым беларусам варта ганарыцца. Будкін прапануе часцей звяртаць увагу на дасягненні сучасных творцаў. Рэпрэсіі застаюцца часткай іх жыцця, але не павінны быць адзіным спосабам расказаць пра іх свету.
«Хацелася б, каб гэта была гісторыя поспеху, а не гісторыя ахвяраў — тых, каго пастаянна б’юць, забіваюць, знішчаюць. Калі паглядзець на нас як на тых, хто дае матывацыю і натхненне, гэта накіроўвае ў будучыню. Можна ўзяць любую сферу і знайсці тут і цяпер цікавыя гісторыі для натхнення», — гаворыць культурны дзеяч.
Сяргей Будкін згадвае беларускія фільмы ў замежным пракаце, паспяховыя тэатральныя пастаноўкі і музыку, якую слухаюць далёка за межамі Беларусі.
«Здавалася б, няма адкуль узяць сілы і рэсурсы, але гэта прарастае», — кажа ён. Задачу Рады культуры Будкін бачыць у тым, каб дапамагаць такім праектам расці і знаходзіць сваю аўдыторыю.
Прыкладам сілы супольнасці для яго стаў праект «НЕрасстраляныя», ля вытокаў якога стаў наш суразмоўца. Праект вяртае памяць пра беларускіх паэтаў, забітых падчас сталінскага тэрору, праз іх вершы, песні і гісторыі жыцця. Паводле Сяргея Будкіна, праект даўно выйшаў за межы працы яго стваральнікаў: беларусы самі працягваюць яго, у тым ліку штогод чытаючы вершы паэтаў на акцыях 29 кастрычніка.
«Калі я расказваю замежным калегам пра поспехі беларускіх творцаў, яны пытаюцца: як вам гэта ўдаецца без той падтрымкі, якую маюць культуры іншых краін? Адкуль беларусы бяруць сілы і рэсурсы, калі, здавалася б, браць іх няма адкуль? А культура ўсё роўна прарастае — нібы кветкі праз асфальт. Як менавіта гэта адбываецца, — ужо тэма для асобнай размовы і далейшых даследаванняў».
Слухайце аўдыё!
эж