Адна з самых каштоўных карцін, страчаных падчас вайны, «Зіма — адступленне Напалеона з Масквы» Альфрэда Веруша-Кавальскага, была перададзена ў калекцыю Нацыянальнага музею ў Варшаве. Твор трапіў у публічную калекцыю дзякуючы супрацоўніцтву Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны з Эвай Тсоніс, цяперашняй уладальніцай карціны, паведаміла міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Цянкоўска.
— Спадарыня Эва высветліла яго гісторыю, а потым паінфармавала Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны пра тое, што яна гатовая перадаць гэту карціну. Праведзеныя разам з экспертамі Нацыянальнага музея ў Варшаве даследаванні пацвердзілі аўтэнтычнасць твора. Я хачу падзякаваць спадарыні Эве і ўсёй сям'і за надзвычай адказную і грамадзянскую пазіцыю.
Эва Тсоніс сказала, што карціна знаходзілася ў яе сямейным доме з дзяцінства.
— Гэтую карціну купіў мой тата Міхал Стэфан Карызна ў 60-х гадах. Тата купіў яе, здаецца, у Кракаве. Я выхавалася з гэтай карцінай. У нашай сямʼі яе цанілі і любілі. Прыйшоў час, каб на яе паглядзела цэлая Польшча, тыя, хто хацеў яе пабачыць.
У знак падзякі Эва Тсоніс атрымала дыплом ад міністра культуры і нацыянальнай спадчыны. Адноўленая карціна «Зіма — адступленне Напалеона з Масквы» Альфрэда Веруша-Кавальскага прысвечана паразе Напалеона пад Масквой у 1812 годзе і адлюстроўвае вяртанне пераможанага правадыра ў бязлітасную рускую зіму. Твор паходзіць з калекцыі Анджэя Ротванда, інжынера, банкіра і ўладальніка адной з найбуйнейшых калекцый польскага мастацтва першай паловы XX стагоддзя.
Карціна была страчана падчас вайны. Даследаванні, праведзеныя сумесна з экспертамі Нацыянальнага музея ў Варшаве, пацвердзілі сапраўднасць знойдзенага твора. Альфрэд Веруш-Кавальскі быў адным з вядучых прадстаўнікоў рэалізму ў польскім жывапісе другой паловы XIX стагоддзя і вядучым прадстаўніком так званай Мюнхенскай школы. Яго працы былі прадстаўлены і ўзнагароджаны на шматлікіх еўрапейскіх выставах.
ав