Сёлета ўпершыню беларускія незалежныя выдаўцы з’явіліся на кніжным кірмашы ў Любліне. Як можна падсумаваць гэты ўдзел? Што найбольш здзівіла, якія кнігі выклікалі найбольшую цікавасць і ці апраўдаў Люблін чаканні выдаўцоў? Пра ўдзел выдавецтва «Rozum Media» у кірмашы размаўляем з выдаўцом Паўлам Лагчылавым.
— Па-першае, вельмі прыгожы і цікавы горад. Я і сам без усялякіх кніжак упершыню ў Любліне. Па-другое, кожны кірмаш дае нейкія свае, адметныя ўражанні. І мяне асабіста здзівіў кніжны кірмаш у Любліне тым, што большасць кніг у нас набывалі, як ні дзіўна, не беларусы, а палякі. Гэта вельмі цікавы факт, бо радуе, што палякі цікавяцца і нашай сучаснасцю, і нашай супольнай гістарычнай спадчынай.
А што найчасцей набывалі палякі?
— Усё ж такі яны цікавяцца гістарычнымі фактамі — і з нядаўняй, і з больш далёкай гісторыі. І наогул, тут цяжка падзяляць гісторыю беларусаў і палякаў, таму што ў Беларусі шмат людзей з польскімі каранямі, а ў Польшчы — з беларускімі. Многія прыходзяць і пытаюцца пра кнігі, звязаныя з канкрэтнымі гарадамі ці вёскамі, адкуль паходзяць іх продкі. Такім чынам яны захоўваюць сваю спадчыну, хоць даўно ўжо не могуць паехаць у Беларусь, а некаторыя там увогуле ніколі не былі.
Былі, вядома, не толькі жыхары Любліна, палякі, але і беларуская дыяспара, студэнты, навукоўцы, якія жывуць тут ужо даўно.
— Так, канешне. І ад усіх мы чулі захапленне ўжо самім тым, што мы тут з’явіліся. Людзі здзіўляліся, што, аказваецца, выходзіць столькі новых беларускіх кніг. Такія кірмашы — вельмі добрая нагода паказаць усе навінкі. У нас агулам адбылося тут сем ці восем прэзентацый беларускіх кніг, аўтарскіх сустрэч і выступаў. Можа, людзей было не так шмат, але прыкладна столькі ж, колькі і ў польскіх аўтараў у іхных залах падчас выступаў.
Таму беларуская літаратура гучыць. Гучыць упэўнена і ўсё мацней па ўсёй Польшчы.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл
Беларускія выдаўцы на кірмашы ў Любліне.
Беларускія кніжкі на кірмашы.
Беларускія кніжкі на кірмашы.
Кніжны кірмаш у Любліне.