200 год таму нашы славутыя землякі, жывучы ў Расійскай імперыі, марылі пра адраджэнне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомага беларускага і польскага гісторыка прафесара Вячаслава Шведа W kraju filomatów. Młodzieżowe organizacje konspiracyjne na ziemiach białoruskich w latach 1806–1826 («У краіне філаматаў. Тайныя канспіратыўныя маладзёжныя арганізацыі на беларускіх землях у 1806–1826 гадах»). У навуковым даследаванні апісваюцца таварыствы моладзі на тэрыторыі Віленскай навучальнай акругі, з якой яны паступалі вучыцца ў Віленскі імператарскі ўніверсітэт.
Самыя вядомыя з гэтых таварыстваў — філаматы і філарэты. А самым вядомым іх членам быў польскі паэт Адам Міцкевіч, выхадзец з-пад Навагрудка, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які сваёй бацькаўшчынай лічыў як Літву — у шырокім сэнсе землі былога Вялікага Княства Літоўскага, так і Польшчу — у шырокім сэнсе Рэч Паспалітую.
Тэрыторыя Віленскай навучальнай акругі ахоплівала некалькі сучасных дзяржаў — Літву, Беларусь, часткі Латвіі і Украіны. А лёсы гэтых людзей былі часта звязаны з Польшчай і Расіяй.
Да 1772-1795 гг. гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, а затым — у склад Расійскай імперыі. Працягвае Вячаслаў Швед.
— Вялікае Княства Літоўскае і Польскае каралеўства ўтваралі Рэч Паспалітую, якая распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай Вялікае Княства Літоўскае адышло да Расійскай імперыі (разам з часткай тэрыторыі сучаснай Украіны. — Рэд.). Адышла да Расійскай імперыі адпаведна і тэрыторыя сучаснай Беларусі. Філаматы і філарэты хацелі вярнуць сабе сваю Бацькаўшчыну. Бо, напрыклад, Міцкевіч нарадзіўся ўсяго праз тры гады пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Яны яшчэ памяталі пра Рэч Паспалітую, а іх бацькі тым больш памяталі пра незалежнае Вялікае Княства Літоўскае. Яны даследавалі права, гісторыю, літаратуру і фальклор. Свае галоўныя ідэі яны засноўвалі на тым, каб вызваліць Вялікае Княства Літоўскае (ад Расійскай імперыі. — Рэд.) і вярнуць сваю дзяржаўнасць. Яны пачыналі з пытанняў адукацыі, бо ім таксама не падабалася расійская сістэма адукацыі. Скончылася ўсё ўжо тайным таварыствам, у якім выказваліся ідэі свабоды і незалежнасці.
Вячаслаў Швед галоўную ўвагу ў сваёй кнізе прысвяціў выхадцам з тэрыторыі сучаснай Беларусі, абапіраючыся на матэрыялы з архіваў і бібліятэк Беларусі, Літвы і Польшчы.
— Гэта першая кніга ў беларускай гістарыяграфіі пра таварыствы філаматаў і філарэтаў. Тут распісана, дзе яны дзейнічалі. Напрыклад, у Свіслачы, Гродне, а не толькі ў Вільні. Яны былі на ўсёй тэрыторыі, якую ахоплівала Віленская навучальная акруга.
Я спытаў у прафесара Шведа, ці вядома агульная колькасць удзельнікаў тайных маладзёжных арганізацый за перыяд з 1806 да 1826 г.
— 108 асоб прайшло па спісе Навасільцава (расійскі дзяржаўны дзеяч, папячыцель Віленскай навучальнай акругі, які ініцыіраваў і кіраваў следствам па справе тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў у 1823–1824 гг. — Рэд.), калі быў суд на імі. Але іх было больш. Не ўсіх іх знайшлі падчас следства. Але даследчыкам удалося выявіць большую частку з іх. Я выкарыстоўваў і спіс Навасільцава і іншых даследчыкаў, і свае архіўныя знаходкі. Усяго магло быць у тайных таварыствах 200-300 асоб. Я напісаў на кожнага біяграму з месцам нараджэння і дзе ён жыў.
Кніга праф. В. Шведа W kraju filomatów. Młodzieżowe organizacje konspiracyjne na ziemiach białoruskich w latach 1806–1826.
Вячаслаў Швед адзначае, што хаця дзейнасць філаматаў і блізкіх да іх па духу маладых людзей адбывалася на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў пачатку ХІХ ст. у склад Расійскай імперыі, яны з'яўляліся патрыётамі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.
— Заснавальнік таварыства філаматаў Францішак Малеўскі (сябар Адама Міцкевіча, сын рэктара Віленскага імператарскага ўніверсітэта Шымана Малеўскага. — Рэд.), сапраўды, рабіў кар'еру ў Расійскай імперыі. Пра гэта сведчаць успаміны, дзённікі, розныя запіскі і карэспандэнцыя Малеўскага. Але ён заставаўся філаматам. Нельга не быць філаматам, нават калі ўжо няма таварыства. Усе яны заставаліся прыхільнікамі Вялікага Княства Літоўскага. Малеўскі стаў расійскім чыноўнікам. Але чым ён займаўся? Ён займаўся даследаваннем літоўскага права — тэмай, якой займаўся яшчэ ў часы Лялевеля.
Яахім Лялевель — польскі гісторык, у 1815–1818, 1822–1824 гг. выкладаў у Віленскім імператарскім універсітэце. На яго працах выхоўваліся і Адам Міцкевіч, і яго сябры. Малеўскі ж нават жывучы ў Расіі памятаў пра патрыятычныя абавязкі перад сваёй Бацькаўшчынай.
— Малеўскі заставаўся патрыётам і, як мог, дапамагаў, падтрымліваў філаматаў і філарэтаў, прымаў іх у сябе дома ў Санкт-Пецярбургу. Яго жонка Хэлена таксама была вельмі патрыятычнай жанчынай: яна не толькі чытала творы філаматаў, але і дапамагала ім. У яе былі вельмі добрыя сувязі з міністрам народнай асветы Расійскай імперыі Шышковым. Жонка Малеўскага паходзіла з сям'і Нарбутаў. Я ведаю, што Тэодар Нарбут у свой час прасіў у Шышкова грошы на выданне сваёй «Гісторыі літоўскага народа» (Dzieje starożytne narodu litewskiego). Камусьці не пашанцавала... Напрыклад, Дашкевіч памёр праз пару гадоў. А многія з іх «паехалі» ў Сібір. Адзін з філаматаў працаваў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта. Кавалеўскі вывучаў Азію і пісаў пра гэта вельмі шмат. Быў яшчэ адзін, які даследаваў Манголію, і яго працы ёсць у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Яны трымаліся разам, пісалі лісты адзін аднаму. Тыя, хто знайшоў добрую працу і ўладкаваўся ў самой Расіі, часта, праязджаючы праз Санкт-Пецярбург, сустракаліся ў Малеўскіх. Там збіраліся літаратурна-музычныя салоны — спачатку ў Марыі Шыманоўскай, а пазней — у яе дачкі Хэлены, якая стала жонкай Малеўскага. Гэта было цяжка, але ім удавалася. Малеўскі больш за ўсё клапаціўся пра сваю жонку Хэлену. Гэта нават стварала для яго пэўныя праблемы ў кар'еры: яму даводзілася размаўляць з жонкай, каб яна спыніла сваю дзейнасць, бо гэтага патрабавалі ўлады. Але Хэлена працягвала сваю справу. Тут я яшчэ раз згадаю Марыю Шыманоўскую. У яе салонах у Маскве, а потым у Санкт-Пецярбургу часта бывалі філаматы, такія як Адынец, Мараўскі, Яжоўскі, Міцкевіч і Ануфры Петрашкевіч — той, хто захаваў архівы філаматаў. Яны трымаліся разам, дапамагалі адзін аднаму, іх сяброўства працягвалася. Некаторыя жанчыны, якія ведалі філаматаў і філарэтаў, дапамагалі ім падчас турэмнага зняволення ў Вільні (падчас следства. — Рэд.). Напрыклад, расійская арыстакратка Зінаіда Валконская, жонка вядомага дзекабрыста, дапамагала філаматам і філарэтам уладкавацца ў жыцці ў Расійскай імперыі.
Вячаслаў Швед расказвае, што нават сёння, праз 200 гадоў пасля жыцця і дзейнасці герояў яго кнігі, знаходзяцца іх нашчадкі.
— Нядаўна да мяне патэлефанавалі і спыталі, дзе знайсці матэрыялы пра свайго продка, імя якога яны ўбачылі ў кнізе. Яны знайшлі матэрыялы пра Канстанты Гнаінскага, 22-гадовага філарэта. Я падказаў звярнуцца ў архіў у Беларусі. Але там адказалі, што нічога не маюць і нічым не дапамаглі...
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё