Польская спявачка і музыкантка Вераслава (Werosława), сапраўднае імя якой Вераніка Блашчыньска (Weronika Błaszczyńska), пасля некалькіх гадоў супрацоўніцтва з вядомымі выканаўцамі вырашыла выйсці на першы план. У кастрычніку 2026 года яна прадставіла свой першы сольны сінгл «Choć nie mam pól».
Вераніка вырасла ў музычнай сям'і. Яе бацька быў звязаны з вядомым кракаўскім кабарэ Piwnica pod Baranami, граў разам з такімі польскімі музыкамі, як Гжэгаж Турнаў і Марэк Грэхута. Таму музыка з дзяцінства была натуральнай часткай жыцця будучай артысткі.
На выбар прафесійнага шляху паўплывалі і старэйшыя сёстры. Пайшоўшы іх слядамі, Вераніка паступіла ў музычную школу, дзе вучылася граць на скрыпцы. Яна атрымала класічную музычную адукацыю, але, як сама прызнаецца, яе заўсёды больш прыцягвала эстрада. У яе доме слухалі Майкла Джэксана і гурт Queen. Асабліва блізкая Вераніцы музыка 1980-х гадоў — часу маладосці яе бацькоў. Яна лічыць, што ў той перыяд песні часцей былі сапраўднымі творамі мастацтва, чым цяпер.
Першым важным крокам да ўласнай творчасці стала пандэмія каранавіруса. Калі канцэртная дзейнасць спынілася, Вераніка пачала публікаваць у інтэрнэце свае музычныя запісы. Яна рабіла каверы на вядомыя польскія песні — з рэпертуару гурта Bajm, Уршулі і Эвы Бэм. Пры гэтым не проста паўтарала арыгінальныя версіі, а прапаноўвала ўласныя аранжыроўкі і новае гучанне. Гэтыя запісы прыцягнулі ўвагу іншых музыкаў і дапамаглі наладзіць супрацоўніцтва з вядомымі польскімі выканаўцамі. Вераслава выступала ў якасці інструменталісткі і бэк-вакалісткі разам з Санах і гуртом «Kwiat Jabłoni”.
Такім чынам, яна атрымала магчымасць працаваць на вялікіх сцэнах, назіраць за творчым працэсам іншых артыстаў і назапашваць уласны музычны досвед. І паступова зразумела, што хоча не толькі дапамагаць іншым музыкам, але і прадстаўляць перад публікай уласныя гісторыі.
Зусім нядаўна выйшаў яе дэбютны сольны сінгл «Choć nie mam pól». Гэта першая цалкам аўтарская песня, якую Вераслава выпусціла пад уласным імем. Кампазіцыя вытрыманая ў меладычнай поп-стылістыцы. У ёй адчуваецца імкненне артысткі спалучаць музычную адукацыю, любоў да класічных мелодый і сучаснае гучанне. А таксама прыхільнасць да класічнай паэзіі, паколькі яна ўзяла за ўзор кампазіцыі тэкст верша Люцыяна Рыдэля (Lucjan Rydel).
Вераслава ўжо плануе наступныя сінглы, а яе галоўная мэта — выпусціць паўнавартасны музычны альбом. Вашай увазе кампазіцыя «Хоць у мяне няма палёў».
Choć nie mam pól, choć nie mam łąk,
Ni lasu całych włók —
Mam nieba strop i świata krąg
Aż gdzieś po tęczy łuk.
Mam złoto gwiazd, purpurę zórz
I perły mlecznych dróg,
Szmaragdy niw, szafiry mórz,
Opale mglistych smug.
Lecz wszystko dam: ten cały świat
I pieśni srebrny zdrój
I wszystek czar młodzieńczych lat
Za pocałunek twój!
Mam każdy pąk rozkwitłych drzew
I róż pachnący dech,
I lasów szum i ptaków śpiew
I tysiąc brzmień i ech.
Хоць у мяне няма ні палёў, ні лугоў, і няма гектараў лесу — у мяне ёсць столь неба і круг свету. Дзесьці за дугу вясёлкі. У мяне ёсць золата зорак, пурпур палярных ззянняў, жамчужыны млечных шляхоў, смарагды палёў, сапфіры мораў, апалы туманных палос.
Але я аддам усё: увесь гэты свет, і сярэбраную крыніцу песень, і ўсю прыгажосць юнацкіх гадоў, за твой пацалунак!
У мяне ёсць кожны пупышак квітнеючых дрэў, і духмяны подых руж, і шамаценне лясоў, і спеў птушак, і тысяча гукаў і рэха.
Ni lasu całych włók – ні лясоў цэлых гектараў. Часціца ni павінна ўжывацца, па правілах, у спалучэнні з іншай такой жа часціцай – няма ні гэтага, ні таго, а тут толькі адно ні (агулам цяпер ні ўжо рэдка ўжываецца, часцей палякі гавораць ani гэта, ani тое). А што значыць włóka? Гэта састарэлая адзінкі плошчы, адпаведная прыкладна 17 сучасным гектарам.
Złoto gwiazd, purpurę zórz, perły mlecznych dróg, szmaragdy niw, szafiry mórz – золата зорак, пурпур палярнага ззяння, жамчужыны млечных шляхоў, смарагды палёў, сапфіры мораў – вельмі рамантычнае і паэтычнае апісанне прыроды, якая належыць да ўсіх людзей на Зямлі. А калі ўжо паэт згадаў розныя каштоўныя камяні, дык я хачу згадаць камень, які здабываюць амаль выключна на тэрыторыі Польшчы. Гэта паласаты крэмній (krzemień pasiasty) - рэдкі дэкаратыўны камень з унікальным выглядам, яго часта называюць «польскім дыяментам» або «каменем аптымізму». Для яго характэрныя канцэнтрычныя або хвалістыя палосы белага, шэрага, бэжавага і чорнага колераў.
I wszystek czar młodzieńczych lat – усю прыгажосць маладых (або юнацкіх) гадоў. Звярніце ўвагу на выраз «wszystek». Цяпер паляк сказаў бы «cały czar, cały urok». Слова «wszystek» — гэта састарэлая або больш узвышаная форма займенніка «cały», «wszelki» або «zupełny» («цэлы», «увесь» або «поўны»).
нг