Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Вяртанне дадому — вялікая метафара нашага жыцця». Лявон Баршчэўскі пра «Адысею» Гамэра па-беларуску і яе актуальнасць для Беларусі

26.11.2026 08:12
Адной з найбольшых цяжкасцяў падчас перакладу стала марская тэрміналогія, для якой у беларускай мове не заўсёды лёгка знайсці адпаведнікі.
Аўдыё
  • «Вяртанне дадому — вялікая метафара нашага жыцця». Лявон Баршчэўскі пра «Адысею» Гамэра па-беларуску і яе актуальнасць для Беларусі
         ,    (),  ,    ,  , , 17  2026 .
Прэзентацыя беларускага перакладу «Адысеі» Гамэра выдавецтва «Полацкія лабірынты», аўтарства Лявона Баршчэўскага (злева), Андрэй Хадановіч, Фестываль «Культура ў выгнанні», Віла Дыцыюша, Кракаў, 17 лістапада 2026 г. Фота: Беларуская служба Польскага радыё

Выдавецтва «Полацкія лабірынты» выпусціла беларускі пераклад «Адысеі» Гамэра. Над антычным творам працаваў вядомы беларускі перакладчык і філолаг Лявон Баршчэўскі. Пра асаблівасці працы з грэцкім арыгіналам, пошук беларускай марской лексікі і тое, чаму гісторыя Адысея сёння гучыць асабліва актуальна для беларусаў, ён расказаў у размове з Беларускай службай Польскага радыё.

Праца над перакладам патрабавала не толькі добрага валодання мовай, але і грунтоўнага вывучэння антычнай культуры. Баршчэўскі карыстаўся аўтарытэтнымі выданнямі класічных тэкстаў і навуковымі каментарыямі, якія дапамагаюць зразумець нават асобныя словы і выразы арыгінала. Адной з найбольшых цяжкасцяў стала марская тэрміналогія, для якой у беларускай мове не заўсёды лёгка знайсці адпаведнікі:

— З марской лексікай у нас заўсёды была пэўная праблема. Трэба было шукаць адпаведнікі, з аднаго боку, зразумелыя беларускаму чытачу, а з другога — не хацелася проста паўтараць словы, запазычаныя з іншых моў. Напрыклад, слова „мачта“ мае галандскае паходжанне, але на якой падставе нам абавязкова карыстацца галандскімі словамі? Для рускай мовы падставы відавочныя, Пётр І першы навёз у Расію галандскіх спецыялістаў, ад якіх у рускай мове і запазычвалася галандская марская лексіка. Я шукаў варыянты ў розных крыніцах, у тым ліку ў дыялектных слоўніках. Напрыклад, замест звыклай „мачты“ выкарыстоўваў такія словы, як „лаштыр“ і „слямга“. Я практычна не прыдумляў новых слоў, а імкнуўся знайсці і вярнуць у літаратурны ўжытак тое, што ўжо існавала ў беларускай мове. Перадусім падчас перакладу я намагаўся ўзбагачаць мову, а не збядняць яе, — расказвае перакладчык.

У антычным сюжэце «Адысеі» пра доўгі шлях героя дадому Лявон Баршчэўскі бачыць паралелі з досведам сучасных беларусаў, для многіх з якіх вяртанне на радзіму застаецца складаным і нявызначаным пытаннем:

— Гэта натуральна: у «Адысеі» надзвычай важная праблема вяртання — як вярнуцца на сваю Ітаку, што цябе там чакае і што з табой можа адбыцца, у тым ліку ментальна і фізічна. Для беларусаў гэты твор стаў значна больш актуальным, чым некалькі гадоў таму. Прычым любое вяртанне трэба ацэньваць метафізічна. Можна фізічна вярнуцца, але ад гэтага не будзе ніякай карысці, а можа быць нават шкода. З іншага боку, можна вярнуцца ў літаратуры і мастацтве, стварыць шэдэўры. Таму грэцкае слова νόστος (nóstos) —  «вяртанне дадому» — становіцца вялікай метафарай нашага сённяшняга жыцця», — падкрэслівае Лявон Баршчэўскі.

Размову цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле! 

Эдуард Жолуд